Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачакае з фінансавай дапамогай Ўкраіне


Расея прыме рашэньне аб выдзяленьні чарговага траншу фінансавай дапамогі Ўкраіне толькі пасьля таго, як у Кіеве будзе сфармаваны новы ўрад.

Пра гэта заявіў міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў, паведамляе ІТАР — ТАСС.

«Мы насамрэч абмяркоўвалі пытаньне аб набыцьці 2 мільярдаў эўрабондаў Украіны на мінулым тыдні, але паколькі палітычная сытуацыя рэзка зьмянілася, мы павінны разумець, зь якім урадам нам супрацоўнічаць. Таму мы маем намер пачакаць фармаваньня новага ўрада, разуменьня палітыкі ўрада» , - сказаў ён.

Сілуанаў нагадаў, што Ўкраіну чакае няпросты год, бо «трэба пагашаць вялікія даўгі, у тым ліку, перад МВФ».

У сьнежні мінулага года прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў зрынутаму цяпер Вярхоўнай Радай прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу набыць дзяржаўныя даўгавыя абавязацельствы Ўкраіны на 15 мільярдаў даляраў. Першы трохмільярдны транш быў пералічаны напярэдадні Новага года, а астатнія часова замарожаныя ў сувязі з палітычнай нестабільнасьцю ва Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG