Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка, якая толькі што вызвалілася з-за кратаў, зьвярнулася да прыхільнікаў і журналістаў, якія сабраліся сустракаць яе ля шпіталя ў Харкаве.

«Уся нашая родная краіна можа зь сёньняшняга дня пабачыць сонца, неба. Таму што дыктатура сёньня пала, і пала яна ня дзякуючы палітыкам, дыпляматам, а яна пала дзякуючым гэтым людзям», — сказала Цімашэнка.

На Цімашэнцы была бронекамізэлька і паліто. Юлія мела звыклую фрызуру — касу, абгорнутую вакол галавы. Паводле карэспандэнта Радыё Свабода, яна выглядае бадзёра.

Паплечнік Цімашэнкі па партыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк паведаміў СМІ, што Цімашэнка накіроўваецца на Майдан.

22 лютага Вярхоўная Рада ўхваліла пастанову пра выкананьне міжнародных абавязкаў Украіны што да вызваленьня экс-прэм’ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі.

Цімашэнка ў кастрычніку 2011 году была асуджаная да 7 гадоў пазбаўленьня волі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе.
XS
SM
MD
LG