Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская дыктоўка: Пра імпэрыялістычную вайну Максіма Гарэцкага


22 лютага ў Магілёве больш за семдзесят чалавек адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы напісаньнем дыктоўкі па творы Максіма Гарэцкага «На Імпэрыялістычнай вайне».

Арганізавала імпрэзу мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. Выбіралі твор для дыктанту, адзначаюць арганізатары, зыходзячы з таго, што сёлета адзначаецца 100 гадоў пачатку Першай усясьветнай вайны. На ёй загінула шмат беларусаў, і дыктоўкай мы ўшаноўваем памяць пра іх, кажуць суполкаўцы.

«Яе называюць Першай сусьветнай вайной. У гэтай бойні загінулі мільёны людзей. Вайна шугала і ў Беларусі. Дакацілася яна і да Магілёва. Тут была стаўка расейскага імпэратара, і нямецкія войскі Кайзэра дасюль дайшлі. Было шмат у Магілёве ўцекачоў. Гэтая вайна — частка гісторыі Беларусі. Згадаць ахвяраў той вайны — наш абавязак», — зазначыў «Свабодзе» кіраўнік суполкі Алег Дзячкоў.

Дыктоўку ў Магілёве пісалі ў шосты раз. Апошнія пяць гадоў на яе зьбіраюцца ў Палацы культуры вобласьці. Адну з «запісак салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы» чытала настаўніца беларускай мовы першай магілёўскай гімназіі Ганна Бандарэнка.
Ганна Бандарэнка чытае дыктоўку

Ганна Бандарэнка чытае дыктоўку


Як зазначае Алег Дзячкоў, у Магілёве дыктанты пішуць на творы ўраджэнцаў Магілёўшчыны альбо на тыя, якія ўслаўляюць горад. Раней, кажа актывіст, пад дыктоўку пісалі, напрыклад, урывак з паэмы Янкі Купалы «Магіла Льва» і верш Максіма Багдановіча «Летапісец».

Твор Максіма Гарэцкага для дыктоўкі абіраецца другі год запар. Летась нагодай быў стогадовы юбілей пісьменьніка. Арганізатары дыктоўкі заяўляюць, што Максім Гарэцкі — прызабыты творца на Магілёўшчыне — хоць і нарадзіўся на Мсьціслаўшчыне. «Каб яшчэ раз нагадаць пра пісьменьніка, мы і выбралі ягоны твор», — кажа Алег Дзячкоў.

Для ўдзельнікаў дыктоўкі твор Гарэцкага, як зазначаюць некаторыя зь іх, ня быў задужа складаным. Хаця напісаньне некаторых словаў змусіла прызадумацца, бо яны цяпер зрэдку ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове.

«Ня можа захапляць іншае, — заўважае ўдзельніца напісаньня дыктоўкі Вольга. — Чалавек на вайне піша пра прыроду, адзначае прыгажосьць навакольля ды захапляецца прыродаю мясьцінаў ля Нёмана. Значыцца, чалавек усё яшчэ жывы й ня ўсё ў ім памерла».
XS
SM
MD
LG