Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікалай Статкевіч атрымаў лісты салідарнасьці ад «Міжнароднай амністыі»


Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч напісаў жонцы Марыне Адамовіч, што атрымаў адразу тры лісты ад невядомых яму людзей са словамі падтрымкі і салідарнасьці.

Марына Адамовіч мяркуе, што лісты напісалі ўдзельнікі кампаніі салідарнасьці з палітвязьнямі, якую наладзіла праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя». Пра сябе Статкевіч паведаміў, што пачуваецца нармальна.

Тым часам працягваецца «пісьмовае змаганьне» Марыны Адамовіч з пракуратурай Беларусі. Марына Адамовіч паскардзілася на тое, што пракуратура ўхіляецца ад выкананьня сваіх абавязкаў па наглядзе за выкананьнем законаў у магілёўскай турме, дзе трымаюць яе мужа Мікалая Статкевіча. Пракуратура ў адказ запрасіла ад Марыны Адамовіч доказаў таго, што яна можа прадстаўляць Мікалая Статкевіча.

«Адправіла туды даверанасьць на права прадстаўляць інтарэсы Статкевіча, а таксама ўказала, што рэалізую і сваё асабістае права крытыкаваць дзеяньні дзяржаўных структураў. Чакаю адказу», — кажа Адамовіч.

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за ўдзел ў мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году. Больш за 2 гады былога кандыдата на прэзыдэнта трымаюць ў турме як злоснага парушальніка рэжыму.
XS
SM
MD
LG