Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалаю Аўтуховічу дагэтуль не перадалі мэдычную бандэроль, якую маці яму адправіла ў сьнежні 2013 года.

Мікалай Аўтуховіч атрымаў некалькі лістоў ад удзельнікаў кампаніі салідарнасьці, распачатай «Міжнароднай амністыяй».

Пра тое, што да Мікалая Аўтуховіча не дайшла мэдычная бандэроль ад маці, палітвязень напісаў свайму сябру, праваабаронцу Алегу Воўчаку. Алег Воўчак зачытаў ліст ад Аўтуховіча, які атрымаў днямі. Ліст быў адпраўлены з гарадзенскай турмы ў сярэдзіне лютага.

«Лекары з камісіі, якія мяне аглядалі ў верасьні, прызначылі здаць аналізы. Ўбачылі, што дрэнны аналіз і сказалі, што іншыя аналізы возьмуць, як падлячуся. Прызначылі лекі, якія трэба прымаць. Я напісаў маці, яна адразу выслала гэтыя лекі, яшчэ 11 ці 12 сьнежня. Але гэтыя лекі я дагэтуль не атрымаў. А мог бы ўжо прымаць, каб падлячыцца да апэрацыі і праз месяц здаць паўторны аналіз. Але, гляджу, нікому гэта тут не патрэбна — лячыць мяне», — піша Аўтуховіч.

Маці Мікалая Аўтуховіча Лідзія Юльянаўна вельмі разгубілася, калі даведалася, што яе бандэроль гэтак да сына і не дайшла. У студзені спадарыня Лідзія атрымала ад сына ліст, ў якім той напісаў, што з бандэрольлю «ўсё нармальна». «Відаць, напісаў гэтак, каб мяне супакоіць», — кажа Лідзія Аўтуховіч.

Яшчэ ў 2012 годзе ў гарадзенскай турме Мікалаю Аўтуховічу паабяцалі, што дазволяць правесьці апэрацыю па імплянтацыі зубоў — палітвязень з-за хваробы зубоў ня можа нармальна есьці. Але апэрацыя гэтак і не адбылася. «Ем толькі тое, што магу праглынуць, бо міксэрам карыстацца не дазволілі», — напісаў Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч 15 кастрычніка 2005 г. быў зьняволены за ўхіленьне ад выплаты падаткаў і за прадпрымальніцкую дзейнасьць без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Асуджаны 7 ліпеня 2006 году на 3,5 году зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У студзені 2008 году зьняволеньне было замененае папраўчымі работамі на месцы жыхарства. Па вызваленьні працаваў кіроўцам у Ваўкавыску. 8 лютага 2009 году быў зьняволены разам зь Юрыем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам. Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Аўтуховіча вязьнем сумленьня.

Тэрмін пакараньня Мікалая Аўтуховіча заканчваецца 8 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG