Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: салодкі дзень роднай мовы


За беларускія словы — цукерка

За беларускія словы — цукерка

21 лютага ў Магілёве сябры Таварыства беларускай мовы і валянтэры арганізацыі зладзілі акцыю да Міжнароднага дня роднай мовы «Я люблю цукеркі».

Раздаючы салодкія прэзэнты, актывісты падахвочвалі мінакоў згадаць беларускую мову. Кожны, хто напісаў улюблёнае беларускае слова ў спэцыяльным сшытку, меў магчымасьць выбраць сабе слодыч. Андрэй Белагубаў пабываў на акцыі і пацікавіўся ў магілёўцаў, чаму беларусы не гавораць па-беларуску.

Тыя беларусы, зь якімі ўдалося пагутарыць на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма» казалі, што беларуская мова застаецца для іх роднай, але ж размаўляць на ёй выпадае зрэдку, альбо наагул не даводзіцца. Чаму?

Малады спадар: «Наша пакаленьне вырасла ў тых умовах, калі культывавалі расейскую мову, а беларуская, на жаль, была набліжаная да замежнай».

Юначка: «Цяпер дужа мала моладзі выкарыстоўвае беларускую мову, як бы гэта ні было сумна. Я вось вучылася дзевяць год у беларускамоўнай школе. Калі прыехала ў Магілёў, мне было складана. Расейскія падручнікі, настаўнікі размаўляюць па-расейску — дужа цяжка было».

Спадар: «Так, відаць, ужо склалася, што ў нас усе ўзаеміны адбываюцца на рускай мове. Мы й думаем па-расейску ўжо».

Карэспандэнт: «Беларуская мова будзе жыць ці застанецца толькі ў фальклёры?»

Спадар: «Безумоўна, будзе жыць. Такая культурная спадчына ня можа зьнікнуць. Але, на жаль, вось у побыце будзе пераважаць расейская мова яшчэ доўга».
Торбы з цукеркамі для тых хто згадае беларускае слова

Торбы з цукеркамі для тых хто згадае беларускае слова


Юнак: «Некаторыя не разумеюць беларускай мовы, але калі ёй будуць вучыць у школе, то яна выжыве. Цяпер мэнталітэт у людзей зьмяніўся. Некаторыя саромеюцца гаварыць па-беларуску».

На пытаньне пра беларускую мову адказаў і міліцыянт у званьні капітана. Ён заявіў, што добра ведае беларускую мову і час ад часу на ёй гаворыць. А што трэба, каб «час ад часу» зьмянілася на «стала», пытаю:

«Калі афіцыйна мы пяройдзем толькі на беларускую мову, то тады яна больш будзе ва ўжытку».

Карэспандэнт: «Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці гаварылі па-беларуску і што для гэтага трэба?» — зьвяртаюся да спадарыні з двума дзецьмі:

«Так, хацелася б. Трэба, каб з самага маленства і бацькі, і ўсе навокал каб гаварылі па-беларуску. І ў школе каб зь першай клясы ўсе ўрокі былі па-беларуску».

Зьвяртаюся да дачкі спадарыні: «А якія словы беларускія ведаеш?»

«Калі ласка, дзякуй, добры дзень», — адказвае дзяўчынка.

Маладая жанчына напісала ў сшытку ТБМ слова «Дзякуй». Прызнаецца, што ўжывала яго апошні раз, калі вучылася ў школе.

Карэспандэнт: «Ці хацелі б вы, каб вашы дзеці гаварылі па-беларуску?»

«Хацела б, але гэта праблематычна ў наш час. У школе ўсе гавораць па-расейску. Дома таксама. На працы таксама. Паўсюль. Таму й праблематычна».

Тым часам акцыя Таварыства беларускай мовы ў разгары. На яе зьбеглася дзятва. Гутару зь дзецьмі. Якое слова вы напісалі ў сшытку, пытаюся ў адной зь дзяўчатак.

«„Капялюш“. Гэта слоўнікавае слова, якое першае прыгадалася».

Карэспандэнт: «А як часта вам даводзіцца гаварыць па-беларуску?»

Дзяўчаткі: «Часта на ўроку беларускай мовы і літаратурнага чытаньня. А яшчэ мы ня ўсе словы разумеем. Вось на кантрольнай рабоце ці алімпіядзе некаторыя словы — мы іх забываем, як яны перакладаюцца. Ня дужа добра размаўляем».

Карэспандэнт: «А якое слова зь цяжкіх для вас?»

Дзяўчынка: «Відэлец!»

У аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Дымкова пытаю, чаму менавіта цукеркамі вырашылі актывісты завабіць расейскамоўных магілёўцаў у беларушчыну?

«У гэтым слове ёсьць і салодкасьць, і любоў, і ўсьмешка, і нават пацалунак. Мы вырашылі спалучыць наш камэрцыйны праект Cukerki.by з Днём роднай мовы. Ёсьць нейкая частка людзей, якія адмаўляюцца пісаць. Большасьць жа — упадаюць у лёгкі ступар і пачынаюць успамінаць, што ж беларускага яны ведаюць. Найперш людзі задумваюцца над прыгажосьцю і любоўю да радзімы. Такія словы, як „спадчына“, „каханьне“. Гэтыя словы самі па сабе дужа прыгожыя і прыгадваюцца найперш», — кажа Сяргей Дымкоў.

Адна сталага веку жанчына доўга думала, якое беларускае слова напісаць у сшытку. Перабраўшы некалькі ўголас, нарэшце выбрала:

«Напішу, ведаеце, „дабрабыт“. Гэта калі ўсім добра жыць. А яшчэ хачу вам сказаць і напісаць: „Абы не было вайны“. Не магу бяз болю глядзець на Ўкраіну».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG