Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўсім сьвеце з паленьнем змагаюцца, а ў Горадні — прапагандуюць


Так выглядаюць новыя спэцыялізаваныя тытунёвыя шапікі, якія зьявіліся ў Горадні

Так выглядаюць новыя спэцыялізаваныя тытунёвыя шапікі, якія зьявіліся ў Горадні

На Гарадзеншчыне распачаўся ініцыяваны рэспубліканскімі ўладамі экспэрымэнт: у горадзе ў самых людных месцах усталявалі звыш 30 спэцыялізаваных тытунёвых шапікаў, іх колькасьць мае яшчэ вырасьці да ста, а ў вобласьці — да 200.

Праўда, думкай гарадзенцаў на гэты конт ніхто не пацікавіўся. Між тым, многія жыхары лічаць, што гэта паспрыяе пашырэньню шкоднай звычкі, ад якой церпіць здароўе соцень тысяч людзей.

Спэцыялізаваныя тытунёвыя шапікі ў Горадні ўсталёўвае тытунёвая фабрыка «Нёман». У пэрспэктыве плянуецца, што яна будзе гандляваць цыгарэтамі ў розьніцу па ўсёй краіне. А пакуль, паводле афіцыйнай інфармацыі, з дабраслаўленьня Міхаіла Мясьніковіча пачалі экспэрымэнт у Гарадзенскай вобласьці.

Афіцыйна паведамляюць, што сетка спэцыялізаваных шапікаў ствараецца дзеля барацьбы зь нелегальнай прадукцыяй і абароны ўнутранага рынку напярэдадні адмены выключнага права дзяржавы на імпарт тытунёвай прадукцыі з 2015 году.

Называюць і яшчэ адну мэту — аберагчы пакупніка ад росту коштаў і скараціць зьмяншэньне продажу айчынных тытунёвых вырабаў на ўнутраным рынку, а таксама падстрахавацца на той выпадак, калі цыгарэты пачнуць прыбіраць зь вітрынаў, бо праект адпаведнага закону ўжо распрацаваны.

Але ў гарадзенцаў ніхто не пацікавіўся — ці хочуць яны, каб на аўтобусных прыпынках і побач зь вялікімі крамамі зьявіліся кідкія размаляваныя шапікі, дзе будуць прадаваць цыгарэты. Самі гарадзенцы пачалі гэта абмяркоўваць у сацсетках, і стаўленьне да новых шапікаў выказваецца пераважна негатыўнае.

Сёньня я паслухаў аргумэнты гарадзенцаў, стоячы на прыпынку перад новым шапікам «Табак». Маці з малым дзіцем абураная, што дзяржава, замест таго, каб змагацца з курэньнем, насамрэч яго прапагандуе.

Спадарыня: «Гэта самая што ні на ёсьць прапаганда. Гэтыя шапікі ўжо на кожным прыпынку, дзе шмат студэнтаў, школьнікаў, якія ўсё гэта бачаць, купляюць, і старэйшыя ім купляюць. У любым выпадку яны маюць наўпрост доступ да цыгарэтаў, як бы ім ні забараняла мама, настаўнікі... Гэта натуральная прапаганда».
Гэтыя шапікі ўжо на кожным прыпынку, дзе шмат студэнтаў, школьнікаў, якія ўсё гэта бачаць, купляюць, і старэйшыя ім купляюць

Спадар кажа, што ў яго двое дзяцей. Зьяўленьне шапікаў на прыпынках яго турбуе і абурае:

«Ва ўсім сьвеце — тэндэнцыя да зьмяншэньня продажу тытуню і барацьба супраць курэньня. Абмяжоўваюць гэта і ў кавярнях, і на працы. А ў нас у той час, калі ўлады нібыта агітуюць за здаровы лад жыцьця, усё робіцца наадварот у пагоні за доўгім рублём».

Зьяўленьне шапікаў даволі моцна кранула гарадзенцаў, бо ніхто не адмовіўся выказацца на гэтую тэму.

Студэнт: «Шапік тут працуе да ночы. Я калі вяртаюся ўвечары, бачу, што кожны тут можа набыць цыгарэты. І шапік сам ярка размаляваны, прыцягвае ўвагу. Гэта ўсё скіравана на тое, каб падтрымаць тытунёвую прамысловасьць. Гэтая яўная прапаганда курэньня».

Спадар пэнсійнага веку: «Паўсюль вядзецца барацьба з курэньнем, а яны яшчэ болей гэта разьвіваюць... Гэта бізнэс. Фабрыка нібыта хоча абараніць кошты на цыгарэты...»

Сталая спадарыня: «Ня трэба тут ставіць гэтых шапікаў, бо гарэлка і тытунь — гэта не на дабро. Яны ж будуць даступныя для ўсіх. Але ў нас так робіцца, абы толькі грошы вырваць зь людзей...»

Спадарыня: «Я думаю, што гэта прапаганда, прычым схаваная. Шкада, што моладзь гэтага не разумее, але гэта прапаганда курэньня...»

Спадар: «Там хоць і напісана, што забаронены продаж для моладзі, але, думаю, што ўсё роўна нейкім чынам гэта будзе прадавацца. Мы ўжо праз гэта праходзілі, і не адзін раз».

Нагадаю, што з 2007 году імпарт тытуню ў Беларусь зьдзяйсьняе толькі адно прадпрыемства — «Беларусьгандаль», якое належыць Упраўленьню спраў прэзыдэнта. Увозіць тытунёвую сыравіну і тытунёвыя вырабы могуць толькі вытворцы: Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» і ААТ «Табак-Інвест».
XS
SM
MD
LG