Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель спыніў аўтобусныя рэйсы ў Кіеў, мясцовыя ўкраінцы падтрымліваюць суродзічаў


Беларускія сьцягі на Майдане, архіўнае фота

Беларускія сьцягі на Майдане, архіўнае фота

У зьвязку з рэвалюцыяй ва Ўкраіне беларускія аўтамабільныя перавозчыкі часова адмянілі аўтобусныя рэйсы ў Кіеў. Зьнізілася інтэнсіўнасьць руху й на памежных пераходах беларуска-ўкраінскай мяжы.

Падзеі ў суседзяў выклікалі шырокі розгалас сярод мясцовых жыхароў, у ліку якіх нямала этнічных украінцаў.

У звычайныя дні з Гомеля наўпрост у Кіеў выпраўляліся два пасажырскія аўтобусы, у выходныя бывала й тры. Але ўжо 20 лютага ад забраніраваных білетаў адмовіліся звыш дзясятка пасажыраў. І сёньня ніводзін аўтобус ня рушыў у Кіеў. Рэйсы — толькі да суседняга Чарнігава.

Дыспэтчарка аўтавакзалу: «Сёньня не пайшлі рэйсавыя аўтобусы ў Кіеў — толькі да Чарнігава».

Спэцыяліст у пытаньнях пасажырскіх перавозак паведаміў, што ініцыятыва адмены рэйсаў у сталіцу Ўкраіны належыць ня толькі гомельскім аўтаперавозчыкам, але й менскім, і магілёўскім — яны таксама асьцерагліся ад паездак у Кіеў:

«З таго моманту, як прыйшлі лісты ад перавозчыкаў, што яны прыпыняюць рух, у нас тры рэйсы адменены. Пакуль іншай інфармацыі ад перавозчыкаў не было. Мы ж ня самі ўсё гэта робім. Мы — пасажырскі тэрмінал, а ініцыятар — перавозчыкі. Яны даслалі лісты, што прыпыняюць рэйсы. Адпаведна, мы спынілі продаж білетаў. Яны скажуць: рэйсы будуць — мы адновім продаж білетаў і паінфармуем пра гэта насельніцтва».

Асьцерагаюцца пакуль ехаць ва Ўкраіну ня толькі звычайныя гараджане, але і ўкраінцы, якія стала жывуць у Гомелі. Аднак тэлефануюць суродзічам і, вядома, пільна сочаць за падзеямі на бацькаўшчыне.

Гомельская ўкраінка Надзея кажа, што за крывавыя падзеі на Майдане і ў рэгіёнах мусіць адказваць цяперашняе кіраўніцтва Ўкраіны:
Няхай адказваюць тыя, хто даў загад страляць. Усе мы пад Богам ходзім — няхай ня думаюць, што Бог іх не пакарае

«Няхай адказваюць тыя, хто даў загад страляць. Усе мы пад Богам ходзім — няхай ня думаюць, што Бог іх не пакарае. Раней ці пазьней, але ўсё адыграецца на родзе таго, хто аддаў такі загад».

Украінка ня рве стасункаў з сваёй першай радзімай:

«Ператэлефаноўваюся. У інтэрнэце дужа багата ўкраінцаў у мяне ёсьць. Я вучылася ў Кіеве — скрозь свае. Мае землякі, зь якімі я маю стасункі, думаюць так, як і я. Землякам маім нічога ня трэба — яны сьвядомыя ўкраінцы, і яны думаюць так, як трэба думаць усім украінцам. Украіна для мяне — першая бацькаўшчына, другая — Беларусь».

Яшчэ адзін гомельскі ўкраінец, Анатоль, лічыць, што Ўкраіну да такога становішча давялі ўрадоўцы разам з прэзыдэнтам:

«Я лічу, што краіну да гэтага давёў урад, кіраўніцтва. І самы галоўны віноўнік — прэзыдэнт Януковіч. Там сабраліся манапалісты, у тым ліку і ў Вярхоўнай Радзе, і яны не жадаюць аддаваць свае пазыцыі. Слухаць народ яны ня хочуць. І цяпер кажуць: вось гэта там бандэраўцы, бандыты. Усё гэта лухта. Гэта ўсе нармальныя людзі, якія хочуць незалежнасьці Ўкраіны, яе адзінства. Яны ня хочуць жыць па старых мерках, старых парадках. І большасьць прагрэсіўнага люду гэта вітае».
XS
SM
MD
LG