Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры лідэры апазыцыі і Януковіч падпісалі пагадненьне

абноўлена

Віталь Клічко і Віктар Януковіч паціскаюць рукі пасьля падпісаньня пагадненьня
Віталь Клічко і Віктар Януковіч паціскаюць рукі пасьля падпісаньня пагадненьня

Апазыцыянэры — лідэр палітрады «Бацькаўшчыны» Арсені Яцанюк, лідэр партыі «УДАР» Віталь Клічко, лідэр «Свабоды» Алег Цягнібок — і прэзыдэнт Віктар Януковіч падпісалі пагадненьне аб урэгуляваньні палітычнай сытуацыі.

Падпісаньне адбылося ў адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны.

Дэталі пагадненьня пакуль не разгалошваюцца.

Міністры замежных спраў Польшчы — Радаслаў Сікорскі і Нямеччыны — Франк-Вальтэр Штайнмаер засьведчылі падпісаньне. З боку Францыі прысутнічаў кіраўнік дэпартамэнту кантынэнтальнай Эўропы МЗС Францыі Эрык Фурнье.

Амбудсмэна Расеі Ўладзімера Лукіна пры падпісаньні не было.

Прысутнічалі таксама кіраўнік адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта Андрэй Клюеў, кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўладзімер Рыбак, кіраўнік МЗС Леанід Кажара і паслы краін ЭЗ.

Перад пачаткам цырымоніі на прапанову Цягнібока ўсе ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчаньня.

Тэкст пагадненьня аб урэгуляваньні крызісу ва Ўкраіне


Занепакоеныя трагічнымі выпадкамі страты жыцьцяў ва Ўкраіне,

прагнучы неадкладна спыніць кровапраліцьце,

рашуча настроеныя пракласьці шлях да палітычнага ўрэгуляваньня крызісу,

мы, бакі, якія ніжэй падпісаліся, дамовіліся пра наступнае:

1. Цягам 48 гадзін пасьля падпісаньня гэтага пагадненьня будзе прыняты, падпісаны і апублікаваны спэцыяльны закон, які адновіць дзеяньне канстытуцыі Ўкраіны 2004 году са зьменамі, унесенымі да гэтага часу. Падпісанты заяўляюць пра намер стварыць кааліцыю і сфармаваць урад нацыянальнага адзінства цягам 10 дзён пасьля гэтага.

2. Канстытуцыйная рэформа, якая будзе ўраўнаважваць паўнамоцтвы прэзыдэнта, ураду і парлямэнту, будзе распачата неадкладна і завершана ў верасьні 2014 году.

3. Прэзыдэнцкія выбары будуць праведзеныя адразу пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі Ўкраіны, але не пазьней за сьнежань 2014 году. Будзе прынятае новае выбарчае заканадаўства, а таксама сфармаваны новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі на прапарцыйнай аснове ў адпаведнасьці з правіламі АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі.

4. Расьсьледаваньне нядаўніх актаў гвалту будзе праведзена пад супольным маніторынгам улады, апазыцыі і Рады Эўропы.

5. Улада ня будзе ўводзіць надзвычайнае становішча. Улада і апазыцыя ўстрымаюцца ад ужываньня сілавых захадаў.

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыме трэці закон аб вызваленьні ад адказнасьці, які будзе распаўсюджвацца на тыя ж правапарушэньні, што і закон ад 17 лютага 2014 году.

Абодва бакі будуць прыкладаць сур’ёзныя намаганьні дзеля нармалізацыі жыцьця ў гарадах і сёлах шляхам вызваленьня адміністрацыйных і грамадзкіх будынкаў і разблякоўваньня вуліц, сквэраў і плошчаў.

Незаконная зброя павінна быць здадзена ў органы Міністэрства ўнутраных спраў Украіны цягам 24 гадзін з моманту ўступленьня ў сілу вышэйзгаданага спэцыяльнага закону (п.1 гэтага Пагадненьня).

Пасьля названага пэрыяду ўсе выпадкі незаконнага нашэньня і захоўваньня зброі будуць падпадаць пад дзейнае заканадаўства Ўкраіны. Сілы апазыцыі і ўлады адыдуць ад пазыцыяў супрацьстаяньня. Улада будзе выкарыстоўваць сілы правапарадку выключна дзеля фізычнай абароны будынкаў органаў улады.

6. Міністры замежных спраў Францыі, Нямеччыны, Польшчы і спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі заклікаюць да неадкладнага спыненьня ўсіх відаў гвалту і супрацьстаяньня.

г. Кіеў, 21 лютага 2014 году

Ад улады:

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч

Ад апазыцыі:

лідэр партыі «УДАР» Віталь Клічко,

лідэр «Бацькаўшчыны» Арсені Яцанюк,

лідэр «Свабоды» Алег Цягнібок

засьведчылі:

Ад Эўразьвязу: фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер, міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, кіраўнік дэпартамэнту кантынэнтальнай Эўропы Міністэрства замежных спраў Францыі Эрык Фурнье.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG