Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Матэрыялы мінулага тыдня, якія варта пачытаць на выходныя: Расея ва Ўкраіне – і што будзе з намі? Домрачава «задаўбала»! Тыя, хто сочыць за Алексіевіч, падзяляюцца на дзьве групы – дасьледаваньне. Навіны з заапаркаў сьвету.

1. Украіна, Украіна... Перша ў топах ты навіна. Дакладней, мора навінаў, якія ўспрымаюцца то як ідыёцкія (пра бясконца-пустапарожнія «перамовы» прэзыдэнта з апазыцыяй пры тым, што кожны дзень гінуць людзі), то як страшныя (пра раскол Украіны і далей – крыгаход усяго, што вакол яе), то як трагічныя. У мяне ў думках яшчэ сама сабою ўзьнікае рамантычная падсьветка – з апошніх радкоў гімну БНР:

У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё рэспублікі сваёй.

І яны, і мы з імпэрыі нібыта выйшлі, абвясьціўшы незалежнасьць, але пакуль нічым тую незалежнасьць не пацьвердзілі, не даказалі, так і будзем – на расейскім кручку. Мёртвы хапае жывога, як кажуць французы. І пакуль не дасі па руках, сапраўднага самастойнага разьвіцьця ня будзе. Вось украінцы і даюць. Але справа не такая простая. І таму першае месца сярод матэрыялаў мінулага тыдня я аддаю перадачы Яна Максімюка «Званочкі», дакладней, толькі назьве гэтай перадачы, якая, па-мойму, найлепей перадае гістарычны сэнс падзеяў ва Ўкраіне: «Імпэрыя зла контратакуе».

2. І што аказалася? Што я, звычайны чалавек разам з такімі самымі можам адстойваць сваю годнасьць насуперак сыстэме! Божа мой, дваццаць гадоў Лукашэнка пераконваў нас у адваротным, рабіў пакорлівымі вінцікамі сваіх часта абсурдных ідэй, і амаль ужо пераканаў, і амаль ужо зрабіў канчаткова, а тут – бац! Украіна. «Сыстэма вяршэнства дзяржаўнай улады, якая робіць мізэрнай магчымасьць грамадзяніна ўплываць на свой удзел у дзяржаве, можа зьмяніцца» – піша ў блогу Севярын Квяткоўскі. І рэч ня ў тым, што гэта – банальнасьць, а ў тым, што ўжо, аказваецца, і не банальнасьць зусім, і можа гучаць як сапраўднае адкрыцьцё!

3. Цяпер ад чыста ўкраінскіх тэм – да «зьмяшаных», бо зусім без Украіны цяпер – ніяк. «Лукашэнка як «пуп зямлі» для апазыцыйных беларусаў» – блог Віталя Цыганкова. У цэнтры раздору – алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава, якая раскалола беларускае сьвядомае грамадзтва ўздоўж, упоперак, па дыяганалі і яшчэ шротам прайшлася па ўсіх дробных кавалках. Ці можна любіць Домрачаву, калі яе любіць Лукашэнка? Рэхам у фэйсбуку – ці можна яе любіць, калі яна называе роднай краінай Расею (у якой вырасла і стала чэмпіёнкай)? Нарэшце – ці можна яе любіць, калі іншыя жанчыны гінуць на Майдане? Спрэчкі суправаджаюцца актыўным «фрэндацыдам» з усіх бакоў – сьведамыя беларусы дзелавіта вырубаюць такіх самых цэлымі пачкамі. Але й гэтага ўсяго мала. І тады вяршыняй усяго гучыць пустэльны лямант самотнага камэнтатара: Домрачава задаўбала!

У адказ думаецца так: Усё, шаноўныя. Так званага незалежнага беларускага грамадзтва больш не існуе! We did it! Мы зрабілі гэта! Факт ёсьць факт. А чаму яно, гэтае грамадзтва зьнікла і куды, зусім неістотна. Прычын заўтра ніхто й ня ўспомніць.

4. На чацьвёртым месцы – тэкст, які я так і не адшукаў на нашым сайце, бо запала мне адтуль усяго адна думка, абсалютная ў сваёй дакладнасьці. У беларускім грамадзтве расколы існуюць ТОЛЬКІ ў нацыянальна сьвядомай частцы гэтага грамадзтва, пры тым усяму астатняму грамадзтву гэтыя расколы невядомыя і незразумелыя. (Па сакрэце прызнаюся, згадаўшы гэтую выснову, я й не шукаў аўтара, бо аўтарства часта нівэлюе сілу выказваньня.)

5. Дарэчы, да ўвагі ўсіх, хто абураны прысваеньнем Домрачавай Героя Беларусі. Пачытайце, спаміж каго апынулася чэмпіёнка, і я не зьдзіўлюся, што вашае абурэньне зараз ператворыцца ў шкадаваньне – Домрачавай, а перадусім нашай з вамі Бацькаўшчыны – з такімі яе «героямі».

6. Тыя, хто сочыць за выказваньнямі Сьвятланы Алексіевіч, падзяляюцца на дзьве групы: 1. Хто абажае або ненавідзіць пісьменьніцу; 2. Хто спрачаецца зь яе думкамі або разьвівае іх. Але і тыя і тыя не прапускаюць нагоды пачуць і пабачыць пісьменьніцу зноў. І мы ім дакую нагоду даем. Алексіевіч: Ня ведаю больш савецкай краіны, чым Беларусь.

7. Сьвежыя навіны з заапаркаў сьвету! У дацкім – зьелі жырафа, у беларускім у Горадні леў адкусіў руку кабеце. Адразу ўсе так і напісалі – леў. Аказалася, львіца, бо ў адрозьненьне ад майго пакаленьня, цяпер мабыць ня ведаюць, што леў – з калматурай на галаве, а львіца – лысая. Леў, можа быць, і не кусаў бы. А яшчэ там пабудавалі новы сланоўнік і шукаюць для яго адпаведнага пастаяльца. Ранейшыя гарадзенскія сланы знакамітыя тым, што, у адрозьненьне ад ільвіц, людзей не кусалі, а тапталі... Шмат усяго адбываецца ў заапарках сьвету.
XS
SM
MD
LG