Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здаецца, гэта толькі ў Беларусі варта сказаць з тэатральнай сцэны ўсяго два словы: «Бацька павесіўся» — каб публіка падхапілася зь месцаў і пачала ўтрапёна пляскаць. Магічны заклён, шэптам падказаная літаратурай замова ад злога архетыпу. Ёсьць у такой рэакцыі нешта дзіцячае, інфантыльнае, нешта, што яшчэ раз даказвае: бацьку тут баяцца. Любога. На жаль, авацыя пасьля фразы «Бацька павесіўся» — гэта ніякі не пратэст і нават не дысыдэнцтва. Гэта рэакцыя раба, якім, па сутнасьці, і ёсьць дзіця ў патэрналісцкім грамадзтве. Бацька яму і ў пятлі страшны. Сам адзін ніхто пляскаць ня стаў бы. І душыць бацьку сваімі рукамі не наважыўся б. А гуртам, сярод сваіх, растварыўшыся ў агульным страху — можна і ў ладкі папляскаць.

Нічога ня здарыцца. Пасьмяяліся і разышліся.

Як быццам ад таго, што бацька павесіўся, раб перастане быць рабом, дзеці паразумнеюць, шыбенікі ажывуць, а пятля на тваёй ўласнай шыі ператворыцца ў элегантны шалік.

Хаця «бацькам» таго, каго мае на ўвазе шаноўная публіка, тут даўно ўжо ніхто не называе. Калі ад кагосьці і пачуеш слова «бацька» ў, так бы мовіць, палітычным кантэксьце, дык хіба што ад суседзяў. «Вось ваш бацька...», — звыкла пачынаюць яны, выпінаючы тую, самую важную Першую Літару, і на беларуса тхне чымсьці састарэлым, з дохлай мольлю, чымсьці зь дзявочых сноў дзевяностых. Бо тутэйшыя людзі, здаецца, нарэшце разабраліся, што да чаго, і сіроткамі прыкідвацца перасталі. Свайго «начальніка» яны называюць проста. Запанібрата. А не па бацьку і ня самім бацькам. Хопіць.

Але паказальна, што даведку аб сваім уяўным сіроцтве беларусы выкідваць пакуль не зьбіраюцца. Сіротку кожны пашкадуе. «Я стаў круглая сіротка, ці гдзе днюю, ці начую, а ўсё бяду сваю чую», — also sprach Аліндарка. Можна, вядома, успрымаць гэтыя словы як звычайную паэтычную жальбу. Але магчымая і іншая інтэрпрэтацыя, больш складаная: «чуць» ёсьць дарам, а «чуць сваю бяду» — дарам удвая каштоўным. Каб мець такія экстрасэнсорныя здольнасьці, чытаць «знакі бяды», неабходна выканаць умову — зрабіцца «сіроткай круглай». Толькі сіротка мае права патрабаваць сабе бацьку, астатнія атрымліваюць яго задарма ў якасьці бонусу. Істоты з поўнай «благапалучнай» сям’і ніякіх шанцаў ня маюць — шлях у ведуны, што вядуць гутарку з цэлым народам уласных фобіяў, нягодаў і бедаў, для іх зачынены. А ў сіроткі ключ вісіць на шыі. Незнарок яшчэ задушыцца...

І бацька сьпяшаецца на дапамогу.

Са словам «бацька» ў нас наагул адбылася цікавая гісторыя. У беларускай мове яно, цудоўным чынам памножыўшыся ў розных люстэрках, набыло яшчэ і такі неверагодны выгляд: бацькі (націск на апошні склад). То бок нібыта мама і тата, але мама — як нейкая запчастка да бацькі.

Якіх-небудзь Яся і Яніну цалкам можна назваць бацькамі. А маткамі — не.

Мова пазычае маці мужчынскі, бацькаў род — прынамсі, на той час, пакуль яна зь ім. Такім чынам, у беларусаў маці праз мову робіцца бацькам, сама гэтага не заўважаючы. Такая вось натуральная зьмена полу. А інакш слова «бацькі» выглядае вельмі падазрона. Быццам гаворка ідзе не пра сям’ю, а пра групу мужчын, у якой насамрэч невядома, хто сапраўдны аўтар. А маці збоку стаіць, задумалася...

Хаця якіх-небудзь Яніну і, скажам, Станіславу пры пэўных абставінах можна назваць бацькамі. Хаця бацька ў іхнай сям’і — гэта хіба што хлопчык, якога яны ўсынавілі, лесьбіянкі клятыя. Будучы, так сказаць, бацька. Хаця і тут усё ня так ужо відавочна.

О матчына мова! Маленства вясна. І, як у маленстве, усё ў табе так заблытана і так лягічна.

Кажуць, слова «бацька» пайшло ад памяншальнай формы слова «брат». Цікава, што ў Орўэла аналягам Бацькі-правадыра ёсьць акурат Вялікі Брат. Грамадзтва, апісанае Орўэлам, не патрыярхальнае. Нейкія сэнтымэнтальныя праявы патрыярхальнасьці, мабыць, уважаліся б у ім за двухдумства... Брат бліжэй, хаця ён і старэйшы; брат разумее цябе лепш за бацьку.

І, вядома, самым простым, разважаючы пра беларускага бацьку як цуд, было б панаракаць на праславутую патрыярхальнасьць сучаснага беларускага грамадзтва. Маўляў, менавіта праз гэта ў грамадзтве існуе патрэба ў нейкім фатэры: у гаспадары, суворым, але справядлівым, у апладняльніку нівак, у выхавацелі, у абраным богам і народам абаронцы з абачліва выстаўленым абаранкам. Аднак бацька патрэбны народу ня толькі дзеля гэтых высакародных мэтаў. Бацька — гэта яшчэ і той, хто возьме на сябе адказнасьць.

Застрахуй мяне, бацька — як пяюць ад няма чаго рабіць дзеці ў той ашчаднай касе, якую дарослыя называюць Радзімай. Чарга доўгая. Бацька — гэта той, хто забярэ з апоркі пад чэснае слова і абяцаньне выдаць дома порцыю кухталёў, той, хто чырванее на бацькоўскім сходзе, той, хто будзе плаціць, калі ты спаліш суседзкую кватэру, той, хто... Хто возьме на сябе ўсе грахі. «Я бяру на сябе адказнасьць за ўсё, што калі-небудзь рабіла Францыя», — як казаў Напалеон, таксама — бацька. Бацька — той, каго нельга замяніць, бо ён можа быць толькі адзін. Беларускі народ гэта памятае. Бацька можа толькі павесіцца, загінуць або памерці ад старасьці ці хваробаў. Незаменнасьць... Гэтым хваліўся яшчэ адзін «татачка» — Гітлер. І гэта гучала гэтаксама бессэнсоўна, як і тое, што «ў чалавека адна маці».

Бацька. Чалавек з папругай. А на спражцы... Не, ня «Gott mit uns» — «Ich bin der Gott». За Фатэрлянд. За Отчізну. Айчыну. Бацькаўшчыну. Яшчэ адно слова не зусім пэўнага роду, якое ў беларусаў, якія разабраліся, што да чаго, даўно не асацыюецца ні зь якімі бáцькамі і бацькáмі, апрача ўласных. Але ж чаму «Бацькаўшчына», а не, напрыклад, Мацяршчына? Магчыма, у гэтым адна з прычынаў настальгіі і вяртаньня на Бацькаўшчыну розных эмігрантаў з розных там гамбургаў і гуммібэрлінаў. Тут ты спадзяешся на абарону Бацькаўшчыны. Што яна дадумае за цябе, адкажа і падкажа, што будзе караць справядліва і гаварыць з табой так, каб ты зразумеў. Як бацька. Бацькаўшчына робіць за цябе выбар. А ты яе маленькі сын або дачка. Маленькі вязень. Маленькі Мук у краіне вялікай пакуты.

І ніякі бацька тваю Бацькаўшчыну не ўратуе. Хіба што айцец Браўн — ён любіў загадкі.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG