Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабуля Кушніра: дзякуй беларусам за перамогу ўнука!


Антон Кушнір з жонкай і сынам

Антон Кушнір з жонкай і сынам

21 лютага ў беларусаў ці не апошняя магчымасьць палепшыць мэдалёвую статыстыку на Алімпійскіх гульнях у Сочы.

У біятлённай эстафэце 4×6 кілямэтраў на старт выйдуць Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Людміла Калінчык, Надзея Пісарава. Гэта пры ўмове, што гонкі адбудуцца — над комплексам «Лаўра» вісіць густы туман.

На ХХІІ Алімпійскіх гульнях мэдалі Беларусі прыносілі прадстаўнікі двух відаў спорту — біятлёну і фрыстайлу. Дар’я Домрачава першынствавала ў перасьледзе, індывідуальнай гонцы і мас-старце, упершыню ў гісторыі «белых гульняў» заваяваўшы тры золаты за адну Алімпіяду. Аднойчы сяброўку па камандзе падтрымала Надзея Скардзіна, якая была трэцяй на 15-кілямэтровай дыстанцыі. Акрабаты-летуны Ала Цупер і Антон Кушнір прынесьлі ў агульную скарбонку яшчэ дзьве ўзнагароды вышэйшай вартасьці, што дазваляе Беларусі працяглы час заставацца ў першай дзясятцы самых пасьпяховых алімпійскіх зборных.

Паказальна, што ўсе прызэры ці нарадзіліся, ці расьлі ў Расеі і ва Ўкраіне. Скардзіна — піцерская, Домрачава хоць і зьявілася на сьвет у Менску, але большую частку жыцьця правяла ў Сыбіры. Цупер і Кушнір увогуле з аднаго гораду — з Роўна. З роднай сястрой Алы Цупер Натальляй мы пагутарылі ўчора, сёньня пра ўнука расказвае Надзея Іванаўна Кушнір.
Пераможны скачок Антона Кушніра

Пераможны скачок Антона Кушніра


На пытаньне — зь якім пачуцьцем успрыняла ягоную перамогу, бабуля Антона адказала:

«Ну а як вы думаеце? (сьмяецца). Я іх маю, унукаў, шасьцёра, і яшчэ сямёра праўнукаў. Таму толькі імі радуюся, імі жыву. І зразумела, што я верыла ў перамогу Антона. Сядзела, Госпаду малілася, прасіла ў Пана Бога, каб ён яму дапамог, не пакрыўдзіў і даў дасягнуць сваіх вынікаў. Бо як Надзея я на ўсё маю надзею».

Карэспандэнт: «Ва Ўкраіне ўдалося б яму даскочыць да такіх вышыняў?»

«Думаю, што не ўдалося б, бо тут яму не было ніякай дапамогі, не выдзялялі грошай. А ён жа сур’ёзна рыхтаваўся, хадзіў на трэніроўкі. Прыйдзе са школы — і адразу бяжыць на батуты. Вельмі стараўся. А потым трэнэр Досава кажа: ведаеш, Антон, нічога мы тут з табой ня зробім, у такіх умовах падрыхтавацца проста немагчыма. Давай паедзем у Беларусь. І ён даў згоду. І бацькі далі згоду. Таму што бацькі хочуць, каб расла дытына. Так што мы дужа задаволеныя вашымі турботамі, вашай увагай, нам гэта дужа прыемна. А сваім Антонам я ганаруся і за яго Богу малюся».
Антон Кушнір на кветкавай цырымоніі

Антон Кушнір на кветкавай цырымоніі


Карэспандэнт: «Антон ці часта прыяжджае ў родны горад?»

«Не, цяпер прыяжджае зусім рэдка. Як яшчэ быў нежанаты ды жыў у Менску, то прыяжджаў. Калі перадавалі яму харчы, калі сам прыяжджаў браў, а цяпер няма як: то на змаганьнях, то там за мяжой, то там. Так што як маюць магчымасьць, дык, вядома ж, туды едуць. А сюды ўжо як выпадзе...»

Кіраўнік алімпійскіх дэлегацыяў на ранейшых гульнях Аляксандар Грыгараў не адмаўляе, што скочыць вышэй за галаву беларусам дапамог элемэнт шанцаваньня. Тая ж Домрачава цягам сэзону не паказвала выбітных вынікаў; мала хто разьлічваў, што ў такім суб’ектыўным відзе, як фрыстайл, судзьдзі другую Алімпіяду запар аддадуць перамогу Беларусі:

«Чацьвёра гульняў, гэта ўжо пятыя, на якіх у фрыстайле ёсьць п’едэстал. Вельмі хваляваў момант судзейства, бо гэта від спорту візуальны, несувымерны, дапусьцім, з лыжнымі гонкамі ці біятлёнам, калі ёсьць сэкундамер, талерачка: выбіў — значыць, выбіў. А тут судзьдзі свой пэўны ўплыў могуць мець. Прыкладам, калі былі пазамінулыя Алімпійскія гульні і ў фінале Дзіма Дашчынскі скакаў з кітайцам, мы сустрэліся зь міністрам спорту Кітаю і паспрачаліся: я прадказаў перамогу кітайскаму спартоўцу. Не таму, што Дзіма быў слабейшы і ня меў шанцаў, а таму што напярэдадні не далі залаты мэдаль кітайскай акрабатцы. І я выказаў думку, што ў такім разе судзьдзі аддадуць перавагу кітайцу. Так і выйшла, хоць Дзіма не прайграў, а, бадай, выканаў скачок лепей, чым супернік. Але яму далі срэбра. То бок такія моманты трэба мець на ўвазе. Дзякуй богу, што ў дадзеным выпадку ўсё пачалося з нуля».

Тым часам некаторыя беларускія спартоўцы ўжо пакідаюць Сочы, не чакаючы цырымоніі закрыцьця. Так, уладальнік першага залатога мэдаля зімовых гульняў фрыстайліст Аляксей Грышын, які нёс беларускі сьцяг на ўрачыстым адкрыцьці Алімпіяды, дачасна зьехаў у Менск з-за няўдалага выступу: нягледзячы на статус аднаго з галоўных мэдалёвых спадзяваньняў, не прайшоў нават кваліфікацыі.

Украінскія сьцягі з чорнымі стужкамі на бальконах нумароў украінскіх атлетаў

Украінскія сьцягі з чорнымі стужкамі на бальконах нумароў украінскіх атлетаў

У сувязі з трагічнымі падзеямі ў Кіеве і на знак салідарнасьці з абаронцамі Майдану намячаўся масавы ад’езд з Алімпійскай вёскі ўкраінцаў. Але першапачатковае рашэньне дачасна завяршыць выступы перагледзелі. Прэзыдэнт НАК Украіны Сяргей Бубка заявіў, што ня мае маральнага права стрымліваць людзей, якія хвалююцца за сваіх блізкіх, таму пытаньне ад’езду кожны вырашае самастойна. У выніку ўсё ж пастанавілі дачакацца заканчэньня гульняў.

Прылёт на радзіму беларускай алімпійскай дэлегацыі плянуецца на панядзелак, 24 лютага. Трыюмфатары і іхнія трэнэры будуць вяртацца прэзыдэнцкім самалётам, а ўсе астатнія — чартэрным рэйсам Сочы — Менск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG