Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лідзкай школе знайшлі сьцяг з прозьвішчам забітага польскага прэзыдэнта


Як паведаміў дырэктар Сяргей Фанасаў, на паддашшы знойдзены школьны сьцяг зь імем Габрыэля Нарутовіча.

У Лідзе захавалася школа, якую некалі назвалі імем першага польскага прэзыдэнта Габрыэля Нарутовіча.

Празь пяць дзён пасьля абраньня яго забіў тэрарыст. Як паведаміў дырэктар Сяргей Фанасаў, на паддашшы знойдзены школьны сьцяг зь імем Габрыэля Нарутовіча. З аднаго боку ён белы, з другога чырвоны, на ім вышытыя Маці Божая і герб — арол з каронай.

Сёньня гэта сярэдняя школа № 1, яна на перабудове. Учора паводле пашпарту аб’екту быў апошні дзень будоўлі, але калі яна скончыцца насамрэч — пакуль невядома. Дахі стаяць раскрытыя ў неба. Прычыну патлумачыла кіраўнік аўтарскага нагляду Вольга Казак: спачатку заплянавалі рэканструкцыю спартыўнай залі, перакрыцьці якой былі ў аварыйным стане, і прыбудову цэнтральнай часткі. Але калі пачалі, то выявілася, што будынак у горшым стане, чым выглядала. Таму пастанавілі зрабіць рэканструкцыю ўсёй школы.

Цэнтральная частка гмаху сёньня цалкам перабудаваная. Але засталіся два бакавыя крылы з псэўдапорцікамі. На левым — дата «1928» з пашкоджанай апошняй лічбай, на правым — «1929».

Архітэктар з Горадні Роланд Жамойцін адзначае: школа, якой ужо 86 гадоў, заўсёды была ў Лідзе адметным будынкам. Аднак, убачыўшы, як яе перабудоўваюць, спадар Жамойцін пераканаўся, што прапорцыі мяняюцца і ранейшы выгляд будзе парушаны. Роланд Жамойцін сам вучыўся ў сярэдняй школе № 1, і яго непакоіць яе цяперашні стан.

Станіслаў Суднік, які ў часопісе «Лідзкі летапісец» піша пра архітэктуру Ліды, перад рэканструкцыяй Першай школы пабываў у ёй. Кажа, што яна вымагала капітальнага рамонту: падлога правальвалася, столі і дах таксама вымагалі замены, бо драўляныя перакрыцьці струхлелі.

Вольга Казак зазначае: школа афіцыйна ня лічыцца помнікам архітэктуры. Але ў аўтарскім наглядзе ўлічвалі, што яна пачала працаваць у 1928 годзе. Фасады двух бакавых порцікаў будуць захаваныя, форма вокнаў і вугал даху таксама, «нідзе вышэй не ўзьнялі». Аднак «з усіх бакоў не ўдаецца выканаць усё ў адным стылі». Цэнтральная частка перабудаваная, але «яна, згадзіцеся, хаваецца ў глыбіні падворку», кажа Вольга Казак. Кіраўнік аўтарскага нагляду таксама зьвяртае ўвагу, што нармальных санвузлоў, кухні тут дагэтуль не было, таму працаваць і вучыцца было некамфортна, і трэба было іх зрабіць.

Дырэктар школы Сяргей Фанасаў расказвае, што некалі пад адным дахам былі дзьве асобныя школы — мужчынская і жаночая, але прыблізна ў 1934-м хлопцы і дзяўчаты сталі навучацца разам. У 1939-м, пасьля зьмены ўлады, у будынку адкрылі дзьве школы, беларускую і расейскую. У час вайны ў ёй быў нямецкі вайсковы шпіталь, «таму што будынак, як на той час, быў адным зь лепшых у цэнтры гораду, у кожнай клясе быў умывальнік, вада». Сёньня школа мае свой сайт.

Сьцяг зь імем Габрыэля Нарутовіча знайшлі паміж кроквамі, калі пачалі капітальны рамонт даху. Ён у нядрэнным стане, але цяпер на кансэрвацыі, паведаміў Сяргей Фанасаў. Магчыма, яго схавалі ў 1939 годзе. Дарэчы, знайшлі і савецкія дакумэнты, выдадзеныя перад вайной у Казахстане і Ўзбэкістане. Іх маглі схаваць у 1941 годзе, паведаміў дырэктар.
Габрыэль Нарутовіч

Габрыэль Нарутовіч


Габрыэль Нарутовіч стаў першым прэзыдэнтам адноўленай Польшчы. На пасаду яго абраў Сэйм. Як на чалавека, які родам ня з Польшчы, на яго ўскладала спадзяваньні няпольскае насельніцтва, у тым ліку беларусы.

Брат Нарутовіча Станіслаў стаў палітычным дзеячам Літвы. Браты Нарутовічы нарадзіліся ў Ковенскай губэрні. Іхні лёс нагадвае лёс братоў Іваноўскіх зь беларуска-літоўскага памежжа: адзін Іваноўскі стаў беларускім дзеячам, другі польскім, трэці літоўскім.
XS
SM
MD
LG