Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 лютага ў сьвеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Ці лёгка пісьменьніку пачаць пісаць на мове чужой? Госьцем перадачы — паэтка і эсэістка Марына Наталіч, якая нарадзілася на Далёкім Усходзе ў сям’і расейскага вайскоўца. Пераехаўшы ў Беларусь, доўгі час працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Выдала восем зборнікаў паэзіі й прозы па-расейску. А нядаўна ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор» пабачыла сьвет яе першая беларускамоўная кніга «Палыновая зорка».

— Марына, на вашым творчым рахунку цэлая паліца кніг, напісаных па-расейску, на вашай роднай мове. І раптам выйшла кніга вершаў і эсэ «Палыновая зорка». Што вас падштурхнула на такі крок?

— Пераходу з адной мовы на другую не адбылося. Проста ў мяне стала дзьве мовы. І не адбыцца гэтага не магло. У 1980 годзе я прыйшла працаваць у выдавецтва «Мастацкая літаратура» і паступова, працуючы, знаёмячыся зь пісьменьнікамі, з культурным асяродкам, проста не магла не палюбіць беларускую мову. Немагчыма не палюбіць мову, зь якой ты працуеш. Як я пачала пісаць па-беларуску? Трэба было напісаць успаміны пра дарагога мне чалавека — Веру Сымонаўну Палтаран, зь якой я працавала ў рэдакцыі, успаміны пра дарагога мне чалавека і аўтара — Уладзімера Андрэевіча Калесьніка, чые кнігі я рэдагавала. І, перамагаючы страх, я бралася за беларускія тэксты. А вершы прыйшлі значна пазьней. Усё пачалося зь вершаванага водгуку на кніжку Крыстофэра Леандоэра «Вершы для Эльзы», перакладзеную на беларускую Рыгорам Іванавічам Барадуліным.

— Дарэчы, Барадулін зьяўляецца рэдактарам вашай беларускай кнігі. Яму ж прысьвечаныя і некаторыя вершы. Ці можна сказаць, што яго ўплыў на вас у моўным пытаньні быў вызначальны?

— Я б так не сказала. Пры ўсёй любові да творчасьці Барадуліна, успамінаючы тыя гады, калі мы працавалі разам і сябравалі. Уплыў на мяне ўсё ж быў праз літаратуру. Уздзеяньне Рыгора Іванавіча было ў тым сэнсе, што чалавек, які так любіць сваю мову, дадае і табе імпульсаў, каб палюбіць яе.

— У паэзіі Барадуліна нямала пазаслоўнікавай лексыкі. Яго вершы нялёгкія для ўспрыманьня збоку. У вас з гэтым праблемаў не было?

— Былі, а як жа! Калі мне ўпершыню трапіла ў рукі кніга Барадуліна «Рум», я там увогуле нічога не зразумела, нават загалоўка! Гэта было прыкладна ў годзе 1975-м. Але з часам прызвычаілася. Проста ўбірала ў сябе словы, пачынала іх разумець. А як рэдактар Рыгор Іванавіч вельмі ўважлівы, але ён ніколі не прымушае аўтара, не цісьне на яго, не замінае яму быць самім сабой.

— У адным са сваіх эсэ вы прыводзіце словы Васіля Быкава, сказаныя ў ваш адрас: «Пара ўжо ёй пераходзіць на беларускую мову». Значыць, вы зазналі і быкаўскі ўплыў?

— Пра ўплыў, вядома ж, гаварыць не выпадае. Проста сытуацыя была такая: Барадулін па сваёй ініцыятыве перадаў Быкаву маю празаічную кніжку «Глухие голоса». Я б не адважылася! Але ён гэта зрабіў. І я была вельмі зьдзіўленая, калі Васіль Уладзімеравіч яе прачытаў. Гэта проста нейкі падарунак лёсу — прачытаў і выказаў такое пажаданьне... Мяне ўражваў Быкаў як чалавек, як асоба, як пісьменьнік, як грамадзянін. Я сустракалася зь ім нячаста. Але мяне ўражвала, што ён, даволі закрыты чалавек, меў такую трапяткую душу і нёс у сабе боль па сваіх людзях, па сваёй радзіме.

— Нізка кароткіх вершаў, зьмешчаных у «Палыновай зорцы», мае назву «Апранашкі». Гэта што, вынайдзены вамі новы від верша, як квантэмы і пункціры Алеся Разанава?

— Не, вядома ж. Назвы падбіраліся, а часам і прыдумваліся адмыслова пад кожную нізку. Апранашкі — ад словаў «апранаць», «апранаха». «Поўня ўсплывае над возерам, / І па цёмнай вадзе / Сярэбраны цягнецца шлейф / Шаўковай яе апранахі» — вось і ўся апранашка.

— «Поэта далеко заводит речь,» — прызнавалася Марына Цьвятаева. Як далёка ад вашых звыклых шляхоў вас завяла беларуская мова?

— Калі няродная мова кудысьці заводзіць цябе, яна заводзіць толькі ў свае глыбіні, у свае таямніцы, яна паказвае новыя шляхі і адкрывае для цябе іншы сьвет. Гэта як галасы ў песьні — усе сьпяваюць рознымі галасамі: высокімі, нізкімі, бывае аксамітны голас ці салаўіны. Мовы таксама розьняцца сваім гучаньнем, і табе падабаецца гэта, як песьня. Як бы сваю ні любіў, ты праз любоў да іншай мовы чуеш іншы сьвет. Праз яе ты пачынаеш уваходзіць у чужую культуру, і яе здабыткі становяцца тваімі здабыткамі. Табе гэта дадаецца — як чужыя скарбы. Мова дзеліцца з табой скарбамі гісторыі, натурай нацыянальнай. Беларуская мова больш пяшчотная на слых, ня толькі ў песьнях, але і ў гаворцы.

— Мне адзін масквіч казаў: слухаю беларускую мову — нібы гучыць «Слова пра паход Ігаравы».

— Мне здаецца, гэта трошачкі перабольшваньне. Украінская мова таксама дыхае старадаўнасьцю. Ды і расейская — таксама. Стараславянскія карані захоўваюцца ва ўсіх трох мовах. Проста мы кожны глядзім са свайго боку.

— Сёньня думкі многіх беларусаў скіраваныя ў бок Кіева, дзе працягвацца супрацьстаяньне ўлады і апазыцыі. Аднойчы знакаміты ўкраінскі паэт Дмытро Паўлычка ў «Вольнай студыі» назваў расейскую мову «мовай імпэрыі, на якой размаўляюць танкі». Ці згодныя вы з такім меркаваньнем?

— Мне балюча чуць такія словы. Падобныя выказваньні як узьнікаюць? Ставіцца мэта, і пад гэтую мэту гаворацца словы. Наколькі я разумею, мэта была — не дапусьціць ва Ўкраіне другой дзяржаўнай мовы. Зразумець гэта можна, але... Мова ня можа быць ні імпэрскай, ні злой, ні добрай — злую ці добрую волю выяўляюць людзі. Хачу дадаць, што любая агрэсіўнасьць разбурае яе носьбіта і разбурае тую справу, дзеля чаго яна і выяўлялася. Як там у Бібліі? «Аман, не капай другому ямы, сам увалішся ў яе». Гэтым усё сказана. Гэта і маё перакананьне.

— Дзякуючы афіцыйным расейскім тэлеканалам, якія аднабока асьвятляюць падзеі ў Кіеве, ва Ўкраіне відавочна растуць антырасейскія настроі. З боку Расеі мы амаль ня чуем спагаднага, міралюбнага слова. Скажам, паэт і рэдактар часопіса «Сибирские огни» Ўладзімер Беразеў ужо даўно заклікае задушыць Майдан. Як вы ставіцеся да падобных заклікаў?

— На чужыя вусты не накінеш хусты. Адказваць я магу толькі за сябе. Я вельмі спачуваю ўкраінскаму народу і ўкраінскай дзяржаве. Але я ня веру шматлікім групоўкам, якія заказваюць музыку, якія дырыгуюць працэсам, я ня веру ў іх дабро. Заўсёды той, хто хоча кіраваць, не выклікае ў мяне даверу. А людзям я вельмі спачуваю, хварэю за ўкраінцаў. Мой прадзед па матчынай лініі быў украінцам, родам з Харкаўшчыны. Сваіх дзяцей ён навучаў украінскай мове, песьні ўкраінскія яны сьпявалі. Калі я, ужо дарослай, пачала сур’ёзна чытаць Тараса Шаўчэнку — улюбёнага майго паэта, я зразумела, што дзед пасеяў у сваіх нашчадках радкі кабзара, якія мною доўгі час успрымаліся, як прыказкі і прымаўкі. «Діти моі діти, куди ж вас подіти». Аказалася, гэта радкі Шаўчэнкі! І калі б лёс закінуў мяне не ў Беларусь, а ва Ўкраіну, я не сумняваюся, што вывучыла б украінскую мову, як вывучыла беларускую. І любіла б яе таксама, як і беларускую, як і родную — расейскую.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG