Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства абароны Ўкраіны, якім кіруе выканаўца абавязкаў міністра Павал Лебедзеў, паведаміла пра ўмовы прымяненьня зброі супраць пратэстоўцаў і гатоўнасьці ўдзельнічаць ў антытэрарыстычнай апэрацыі, пра падрыхтоўку да якой 19 лютага абвясьціла СБУ і якая была скасаваная пастановай Вярхоўнай Рады.

Пазыцыя Міністэрства абароны выклікала жорсткую рэакцыю з боку міжнароднай супольнасьці. ЗША ня раз папярэджвалі ўкраінскіх вайскоўцаў пра немагчымасьць удзелу войска ў падаўленьні пратэстаў і міжнародную адказнасьць. Міністар абароны ЗША Чак Хэйгэл зьвяртаўся да Паўла Лебедзева 20 лютага з публічным зваротам, але датэлефанавацца да яго самога ня змог — тэлефоны не адказваюць ужо тыдзень. Дзяржасакратар Джон Кэры 21 лютага яшчэ раз папярэдзіў Януковіча пра міжнародную адказнасьць.

Нягледзячы на тое, што Лебедзеў заявіў пра немагчымасьць удзелу войска ва ўнутрыпалітычнай барацьбе, зьяўляюцца паведамленьні, што ў Кіеў сьцягваюцца войскі з усёй Украіны.

Дзьве брыгады дэсантнікаў і батальён марскіх пехацінцаў у поўнай баявой гатоўнасьці выправіліся да Кіева сёньня ўначы — паведамляе рэсурс lb.ua. Мяркуецца, што іх разьмесьцяць у 101 брыгадзе аховы Мінабароны на вуліцы Берасьцейскай у Кіеве.

25-я асобная Днепрапятроўская паветрана-дэсантная брыгада выправілася ў Кіеў самалётам. Учора людзі каля вёскі Мэліяратыўнае не дазволілі гэтай брыгадзе трапіць у Кіеў цягніком. У прамым эфіры Espreso.tv было відаць, як людзі клаліся на рэйкі перад саставам цягніка.

Таксама ў чацьвер, 20 лютага, калёна машын 25-й брыгады дэсантнікаў трапіла ў аварыю па дарозе ў Кіеў. Трое дэсантнікаў загінула, 8 знаходзяцца ў цяжкім стане. Калёна была вымушаная вярнуцца да месца дысьлякацыі.

У сталіцу Ўкраіны самалётам накіроўваецца і 79-я брыгада дэсантнікаў зь Нікалаева.

Нягледзячы на супакаяльныя заявы Лебедзева, у адстаўку падалі два кіраўнікі Генэральнага штаба Ўкраіны — кіраўнік Генштаба Ўладзімер Замана і ягоны намесьнік Юры Думанскі. Януковіч памяняў кіраўніка Генэральнага штаба на больш ляяльнага адмірала Юрыя Ільіна, які родам з Рагачова.

Афіцэры найвышэйшага рангу заявілі, што ня згодныя з палітыкай уцягваньня вайскоўцаў у грамадзянскі канфлікт і лічаць гэта недапушчальным.

Падобныя ўчынкі вайскоўцаў могуць сьведчыць пра тое, што на іх аказваецца ціск з боку ўкраінскіх уладаў.

У прыватнасьці Юры Думанскі заявіў: «Сёньня адбываецца ўцягваньне вайскоўцаў у грамадзянскі канфлікт, што зьяўляецца недапушчальным. Гэта можа прывесьці да гібелі як вайскоўцаў, так і мірных грамадзянаў, чаго нельга дапусьціць. Гэта — мая ўласная пазыцыя як грамадзяніна, афіцэра, кіраўніка, які адказвае за сваіх падначаленых. Таму я падаў у адстаўку » , — растлумачыў генэрал—лейтэнант.

Адказваючы на пытаньне аб тым, наколькі гэтыя падзеі зьвязаныя, і ці спрабаваў ён — перад тым, як пісаць рапарт — пагаварыць з кіраўніцтвам, уласна міністрам Паўлам Лебедзевым, Думанскі адзначыў УНІАН: «Вы ж разумееце, што размовы, спробы данесьці сваю пазыцыю былі. Але сытуацыя склалася так, што я прыняў рашэньне сысьці. Цяперашняе кіраўніцтва мае сваю пазыцыю і робіць тое, што яно робіць ».

Пра пагрозу расколу ўкраінскага войска Радыё Свабода папярэджваў украінскі палітоляг Валер Чалы, экс-намесьнік міністра замежных справаў Украіны. Камэнтуючы спробы сілавікоў зачысьціць Майдан, Чалы сказаў:

«Але гэта ж не вайна ў Аўганістане. Калі зоймуць гэтую „вышыню“ — то ёсьць уся Ўкраіна. Захад Украіны ў такім выпадку паўстане, і я баюся, што і войска можа разьдзяліцца. Гэта вельмі небясьпечны шлях да эскаляцыі канфлікту... Майдан — гэта ня толькі дзясяткі тысяч, якія стаяць цяпер у цэнтры Кіева. Гэта падтрымка больш як паловы насельніцтва Ўкраіны. Проста страх страціць жыцьцё трымае гэтых людзей недзе побач. Але калі гэта будзе працягвацца, будуць рэпрэсіі — відавочна, што Ўкраіна паўстане».
XS
SM
MD
LG