Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біятлённая эстафэта — апошні мэдалёвы шанец


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

21 лютага ў алімпійскай зборнай Беларусі ці не апошні шанец атрымаць новыя мэдалі ХХІІ зімовых Гульняў-2014 у Сочы. У біятлённай эстафэце 4×6 кілямэтраў на старт выйдуць Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Людміла Калінчык, Надзея Пісарава.

Дар’я Домрачава будзе завяршаць гонку. Пачатак трансьляцыі — у 17.30.

У суботу пройдзе мужчынская эстафэта.

Завяршае выступы ў Сочы і адзіная прадстаўніца Беларусі ў гарналыжных дысцыплінах — Марыя Шканава. У натуралізаванай нараджэнкі Санкт-Пецярбурга задача куды прасьцейшая — крыху палепшыць уласную статыстыку: дагэтуль спартоўка фінішавала ад пятага дзясятка і ніжэй.

У агульнамэдалёвым заліку на першым месцы ідзе Нарвэгія, у актыве якой 10 залатых мэдалёў, а з улікам срэбных і бронзавых — 21. Найбольшую колькасьць узнагародаў рознай вартасьці заваявалі амэрыканцы — 25.

Беларусі мэдалі прыносілі прадстаўнікі двух відаў спорту — біятлёну і фрыстайлу. Дар’я Домрачава першынствавала ў перасьледзе, індывідуальнай гонцы і мас-старце, упершыню ў гісторыі «белых гульняў» заваяваўшы тры золаты запар.

Аднойчы сяброўку па камандзе падтрымала Надзея Скардзіна, якая была трэцяй на 15-кілямэтровай дыстанцыі.

Акрабаты-летуны Ала Цупер і Антон Кушнір прынесьлі ў агульную скарбонку яшчэ дзьве ўзнагароды вышэйшай вартасьці, што дазваляе Беларусі працяглы час заставацца ў першай дзясятцы самых пасьпяховых алімпійскіх зборных.

Тым часам некаторыя спартоўцы пакідаюць алімпійскую сталіцу, не чакаючы цырымоніі закрыцьця. Праўда, прычыны ўва ўсіх розныя. Так, уладальнік першага залатога мэдалю зімовых гульняў фрыстайліст Аляксей Грышын, які нёс беларускі сьцяг у часе ўрачыстага адкрыцьця Алімпіяды, зьехаў з-за няўдалага выступу: ня гледзячы на статус аднаго з галоўных мэдалёвых спадзяваньняў, Грышын ня здолеў прайсьці кваліфікацыі.

А вось украінскія спартоўцы — перадусім, якія ўжо завершылі выступы ў сваіх дысцыплінах, — вяртаюцца на радзіму ў сувязі з трагічнымі падзеямі ў Кіеве, якія прывялі да шматлікіх ахвяраў. Прэзыдэнт НАК Украіны Сяргей Бубка заявіў, што ня мае маральнага права стрымліваць людзей, якія небеспадстаўна хвалююцца за сваіх блізкіх, таму пытаньне ад’езду кожны вырашае самастойна.

Прылёт на радзіму беларускай дэлегацыі плянуецца на панядзелак 24 лютага. Прычым, трыюмфатары і іх трэнэры будуць вяртацца прэзыдэнцкім самалётам, а усе астатнія — рэйсам Сочы-Менск.
XS
SM
MD
LG