Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова: найвялікшыя страты — у сыстэме адукацыі


Праца Дзімы Макрыцкага на конкурсе «Мова-пантова»

Праца Дзімы Макрыцкага на конкурсе «Мова-пантова»

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Наш рознакаляровы і рознагалосы сьвет налічвае больш за 6 тысяч моваў. Палове зь іх пагражае зьнікненьне. Каб захаваць гэтыя зьнікаючыя мовы, фонд UNESCO абвясьціў сьвята, у якое гэтым мовам прынята надаваць асаблівую ўвагу.

Беларуская мова быццам бы і мае статус дзяржаўнай. Яна вывучаецца ў школе і выкарыстоўваецца ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця. Аднак па-ранейшаму вострым застаецца пытаньне аб тым, як пашырыць выкарыстаньне беларускай мовы як сродку зносінаў у грамадзтве.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 года, у паўсядзёным жыцьці толькі чвэрць жыхароў Беларусі карыстаецца беларускай мовай. З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў новыя дадзеныя аб колькасьці беларусаў, якія навучаюцца на роднай мове.

Адукацыя: 15% школьнікаў вучацца па-беларуску

Ва ўсіх сфэрах адукацыі беларускую мову працягваюць паступова замяняць расейскай. Хоць у дашкольных установах абсалютная колькасьць другі год застаецца амаль нязьменнай (45 тысяч), у адносных лічбах паменшылася. Дзетак, якія ходзяць у цалкам рускамоўныя садкі, за год стала болей на 0.5%.

Русіфікацыя найбольш прагрэсуе ў школах. Каля 142 тысяч школьнікаў цяпер вывучаюць прадметы па-беларуску. Гэта на 9 тысяч меней у параўнаньні зь мінулым годам.

Таму самыя вялікія страты — у сыстэме адукацыі, лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

«Колькасьць беларускімоўных вучняў скарацілася з 19% да 15%. І вось тут трэба проста заклікаць нашых слухачоў менш лямантаваць, а больш сваіх дзяцей аддаваць у беларускамоўныя школы і садкі. І асабліва мяне зьдзіўляюць так званыя дэмакраты рускамоўныя. Часам яны большыя ворагі нашай мовы і культуры, чым улады».

За год колькасць студэнтаў, якія навучаюцца па-беларуску, стала меней амаль на 100 чалавек. Толькі 600 чалавек цяпер выкарыстоўваюць беларускую як асноўную мову навучаньня. У каледжах і тэхнікумах цяпер вучыцца па-беларуску каля 1 тысячы чалавек, што на 400 меней, чым летась. У ВНУ колькасьць студэнтаў, якіх вучаць па-беларуску, другі год запар складае толькі 0.2%.

Змагар-адзіночка Гэнік Лойка

Скульптар Гэнік Лойка некалькі гадоў запар у Дзень роднай мовы ладзіць адзіночныя пікеты. Летась з плякатамі ў абарону роднай мовы ён стаў каля ганку беларускамоўнай гімназіі № 4, што ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына. Пасля пікету Гэніка затрымалі, арыштавалі на 5 сутак. Сёлета ён зноў падаў заяўку ў Менгарвыканкам на адзіночны пікет, але ідэалягічны аддзел яму адмовіў.

Пікету сёлета ня будзе, але ў гімназію Гэнік Лойка пойдзе:

«Ужо пяты год Дзень роднай мовы загналі ў Тыдзень, а пасьля і Дэкаду славянскага пісьменства. То бок беларускую мову загналі пад расейскую. Для роднай мовы пакінулі толькі адзін дзень. Так што я ўжо напісаў пратэст дырэктару. А для школы было б вялікім гонарам зрабіць не адзін дзень, а цэлы тыдзень беларускай мовы. А тут зрабілі ўсё наадварот».

«Мова ці кава» і «Мова нанова»

Зараз у Менску працуюць дзьве пляцоўкі для навучаньня беларускай мовы. У галерэі «Цэх» стартаваў трэці сэзон курсаў «Мова ці Кава», якія каардынуе журналістка Кацярына Кібальчыч. А ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» — модныя курсы беларускай мовы «Мова нанова». Вядуць курсы філёляг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. На абедзьвюх пляцоўках — аншляг.

На «Мову нанова» прыходзяць 230 — 250 чалавек, распавёў Глеб Лабадзенка: «Я лічу, што гэта вельмі высокая лічба. Тым больш, што гэта ўсё новыя людзі, зь якімі я пазнаёміўся на гэтых курсах. Гэтыя людзі збольшага не ангажаваныя раней у нацыянальную справу, якія адкрываюць для сябе гэты сьвет. Я ня бачу ніякіх падставаў для суму.

Раней я ўявіць ня мог, што такія розныя людзі, розных прафэсій, не гуманітарных, могуць вось так дружна сотнямі хадзіць і вучыць беларускую мову. І ня толькі беларускую мову, а ўвогуле — Беларушчыну. Калі гэтая справа будзе пашырацца, ісьці ў іншыя гарады (а мы цяпер вельмі актыўна прапагандуем браць на сябе арганізацыю курсаў у рэгіёнах і дамо ўсе матэрыялы), думаю, такімі крокамі да наступнага Дня роднай мовы будзе яшчэ чым пахваліцца».

На думку старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, у апошнія пару гадоў у грамадзтве істотна памянялася стаўленьне да мовы

«Яна стала моднай менавіта ў сярэдняга кляса. Вось гэтыя курсы „Мова ці кава“ і „Мова нанова“, „Гістарычная школа ТБМ“ — сотні людзей захацелі стаць беларусамі. Пры тым гэта будучая эліта: кампутаршчыкі, бізнэсмэны, банкі нашы пачалі выдаваць беларускамоўныя календары і рабіць рэкляму. То бок пайшла мова ў бізнэс. Дзякуй Богу, што да мовы зараз вяртаецца эліта гарадзкая, прытым масава, і ўзрост яе ад 30 да 40. То бок мова становіцца брэндам пасьпяховасьці, культурнасьці».

Выдавецтва «логвінаЎ»: «Птушка-фэнікс», якая адрадзілася з попелу»

Увосень Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пазбавіла ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасьць прыватнае выдавецтва «логвінаЎ». Беларускія ўлады палічылі экстрэмісцкім фотальбом «Прэс-фота Беларусі 2011». Прычым, ня толькі палітычныя фота (напрыклад, разгон апазыцыйных пратэстаў), але і сацыяльныя — такія, як выявы людзей на кірмашах.

«логвінаЎ» спэцыялізаваўся на выданьні менавіта беларускай літаратуры. І вось днямі стала вядома, што выдавец зарэгістраваў у Вільні «Літаратурны дом Логвінаў» і будзе працягваць выдаваць менавіта беларускія кнігі:

Ігар Логвінаў: «Канечне! А дзеля чаго мы ў Вільні адкрываліся? Ужо ў сакавіку выйдзе некалькі кніжак. Спачатку вельмі добрая дзіцячая кніжка, потым ужо гатова выдатная кніга Вацлава Гаўла „Жыцьцё ў праўдзе“. Працягваем сэрыю „Я кніжку маю“ — рыхтуецца том Алеся Разанава, Альгерда Бахарэвіча, падрыхтаваны том Артура Клінава. Выйдзе кніга старадаўняй беларускай кухні, некалькі слоўнікаў».

«Час упэўненых»: «Заўтра пачынаецца сёньня»

Беларуская мова прыходзіць ў бізнэс і рэкляму, і гэта становіцца модным трэндам. Усьлед за «Адыдасам», «Самсунгам», «Рэно» рэклямаваць сябе па-беларуску стал і апэратар мабільнай сувязі Velcom.

Начальнік аддзелу кіраваньня брэндам кампаніі Velcom Зьміцер Курловіч распавёў:

«Сама па сабе ідэя ўзьнікла неяк раптоўна. Мы проста паглядзелі, як у нас атрымліваюцца нашы рэклямныя ролікі, і падумалі: а чаму не зрабіць іх па-беларуску? Цяпер яны стаяць калі не асобна, то, прынамсі, выглядаюць вельмі адметна. Мы нават праводзілі адмысловае апытаньне: ці разумеюць людзі беларускамоўную рэкляму? Наладзілі некалькі фокус-групаў, а таксама задавалі гэтае пытаньне, калі рабілі вялікае дасьледаваньне. Аказалася, што ніякіх праблемаў — усё добра, усе разумеюць. Гэта іміджавая кампанія. То бок і „Маскі“, „Час упэўненых“ і „Заўтра пачынаецца сёньня“, і цяперашняя беларускамоўная смарт-рэкляма ствараюць пэўны імідж. Таму мы палічылі, што будзе добрай ідэяй зрабіць на беларускай мове ўсю кампанію».

У беларускіх гарадах зьявіліся прыгожыя білборды «Смак роднай мовы», «Прыгажосьць роднай мовы», «Ма-ма=мо-ва». І робяць іх энтузіясты, сьцьвярджае Алег Трусаў:

«Зьявіліся бізнэсоўцы, якія за свае грошы робяць беларускамоўную рэкляму. Вось гэтыя білборды людзі робяць за свае грошы, аказваецца. Гэта не ўлада робіць, яны самі ўсё гэта аплочваюць. Яны і да мяне ў ТБМ прыходзілі. Зараз новую сэрыю хочуць запусьціць».

Праваслаўная царква бярэ прыклад з каталіцкага касьцёлу

Пры канцы 2013 года ў Беларусь прыехаў з Расеі новы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал. Уладыка Павал дасканала валодае ангельскай і нямецкай мовай. І адразу паабяцаў пачаць вучыць беларускую:

«Я не адмаўляюся. Не хвалюйцеся, я пастараюся абавязкова вывучыць. Знойдзем мы і адмыслоўцаў, якія будуць нам у гэтым дапамагаць. Вельмі важна, і я гэта цудоўна разумею, калі сьвятар, пастар, япіскап размаўляе зь людзьмі на іх роднай мове. Калі людзі будуць падыходзіць, гаварыць на беларускай мове, то, канечне, я буду старацца адказваць па-беларуску. Таму не хвалюйцеся, буду займацца, абавязкова знайду час».

Спорт: «Цмокі», Гуркоў, Герасіменя, Талай...

Пару гадоў таму баскетбольны клюб «Менск — 2006» памяняў назоў на «Цмокі -Менск». Раней такой назвы баяліся, як вагню. А зараз «Цмокі» часам «ірвуць» супэрнікаў на часткі...

Легкаатлетка Аліна Талай, «залатая рыбка» Аляксандра Герасіменя, дзесяціразовы чэмпіён сьвету ў тайбоксе (муай тай) Віталь Гуркоў ды іншыя ганарацца роднай мовай:

«Дзякуй Богу, у мяне ёсьць беларускамоўныя сябры, якія размаўляюць на роднай мове ўвесь час. Бо калі чалавек — сябра ён мой ці ня сябра — зьвяртаецца на беларускай мове, дык неяк сорамна, калі ты ня можаш яму адказаць на сваёй жа мове, так?

У гэтай справе, ведаеце, ці ня самы важны момант — перамагчы самога сябе, пачаць размаўляць, не баяцца рабіць памылкі. Калі спартоўца думае такімі крытэрамі, каб падтрымаць нашу мову родную, дык гэта ўжо вельмі варта ўвагі. То бок калі чалавек нават на ёй не размаўляе, але можа прыцягнуць увагу да яе, можа неяк паспрыяць таму, што нашы нашчадкі будуць размаўляць ці будуць прынамсі цікавіцца, — карацей, робіць свой унёсак, каб яна не забылася, не загінула, — гэта файна» — кажа Віталь Гуркоў.

«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

З прыкладна 7000 моваў, якія зарэгістраваныя ў сьвеце на сёньняшні дзень, палова можа зьнікнуць да канца стагодьдзя, лічаць лінгвісты. Беларуская мова, паводле экспэртаў UNESCO, таксама знаходзіцца ў небяспецы. Атлас «Мовы сьвету ў небяспецы», складзены UNESCO, аднёс беларускую да катэгорыі «слабых». Гэткі ж статус маюць такія мовы, як латгальская ў Латвіі, ніжнесаксонская ў Нямеччыне, башкірская ў Расеі.

Прафэсар-славіст зь Лёндану Джым Дынглі перакананы:

«Лінгвісты гаварылі вельмі часта, што вось-вось беларуская мова зьнікне. Але яна ня зьнікла. Так што, я думаю, зараз ёсьць шанец. Я маю на ўвазе такія крэатыўныя ідэі, як „Мова нанова“. Людзі ходзяць на гэтыя ўрокі, таму што адчуваюць патрэбнасьць у гэтай мове, і яны будуць гаварыць на ёй. Самае галоўнае — заахвочваць, каб мова стала карыснай для людзей, ня толькі як, так бы мовіць, рамантыка, а карысная ў штодзённым жыцьці. Я думаю, што будучыня за беларускай мовай ёсьць».

21 лютага ў Таварыстве беларускай мовы а 18-й гадзіне адбудзецца Сёмая агульнанацыянальная беларуская дыктоўка па творах Васіля Быкава да 90-х угодкаў народзінаў клясыка беларускай літаратуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG