Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лагвінец: Пазыцыя Эўразьвязу не паўплывала б на паводзіны Януковіча


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Чаму, на думку многіх аналітыкаў, рэакцыя Эўразьвязу на падзеі ў Кіеве была слабай і запозьненай? Ці магла паўплываць на ўкраінскае кіраўніцтва больш жорсткая пазыцыя эўрапейскіх палітыкаў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

— Апошнія дні ў прэсе зьявілася шмат крытыкі ў бок эўрапейскіх палітыкаў, якія нібыта пачалі рэагаваць на падзеі ва Ўкраіне вельмі позна і вельмі слаба. Аналітыкі пішуць пра тое, што Эўразьвяз прайграе́ Ўкраіну Маскве. Ці вы згодныя з такой ацэнкай?

— Па-першае, Эўразьвяз увесь час сачыў са сытуацыяй, за час Майдану адбылося некалькі візытаў высокіх эўрапейскіх чыноўнікаў у Кіеў.

Па-другое, Эўразьвяз пастаўлены перад вялізарнай дылемай. З аднаго боку, Украіна — сувэрэнная дзяржава, і тут трэба мець зразумелую асьцярожнасьць у выказваньнях. Зь іншага боку — ёсьць праблема Расеі. Калі Расея можа сабе дазволіць самыя рэзкія абвінавачваньні, то эўрапейская дыпляматыя адрозьніваецца сваёй стрыманасьцю, тактоўнасьцю. А таксама жаданьнем дапамагчы, калі іншы бок хоча гэтай дапамогі.

І тут відаць, што Януковіч і ягоная групоўка аніякай дапамогі Эўразьвязу ня хочуць, нягледзячы на тое, што шмат хто зь іх мае свае актывы і нават пашпарты ў Эўропе. Праблема Эўразьвязу ў тым, што ён як цывільная сіла ня можа абапірацца на мову ультыматумаў і пагрозаў. Ён можа заахвоціць, дапамагчы — але для гэтага трэба жаданьне іншага боку. Мы бачым, што ўлады Ўкраіны гэтага жаданьня не паказваюць, і іхнія дзеяньні вельмі моцна разыходзяцца са словамі.

— Супраць беларускіх уладаў санкцыі былі ўведзены ў свой час даволі хутка. Многія лічаць, што Эўразьвяз мусіў даўно ўвесьці санкцыі супраць каманды Януковіча — пасьля таго, як пачаўся гвалт супраць удзельнікаў Майдану. Ці было памылкай эўрапейскіх палітыкаў тое, што пытаньне санкцыяў да ўкраінскага кіраўніцтва не было разгледжана даволі хутка?

— Заўважу, што санкцыі супраць беларускай улады прымаліся пастфактум. Не было такой пагрозы: «калі вы нешта зробіце, то мы прымем санкцыі». Другое — запозьненая рэакцыя Эўразьвязу абумоўленая ў тым ліку і тым, што ён складаецца з 28 краінаў, і кожная зь іх мае свае прыярытэты. Гэта вельмі добра разумеюць як у Менску, так і ў Кіеве, і таму часта спрабуюць проста зацягнуць час, загаварыць справу.

Сапраўды, магчыма, што Эўразьвяз напачатку згубіў пэўны час і ініцыятыву. Можна было б сказаць, што ён гатовы падтрымаць дэмакратычныя зьмены, эўрапейскі выбар Украіны. І разам з тым заявіць, што ня хоча бачыць на сваёй тэрыторыі людзей, якія выступаюць супраць дэмакратычных эўрапейскіх каштоўнасьцяў, і заблякаваць іхнія бізнэс-апэрацыі.

Гэта не было зроблена. Але мне падаецца, што пазыцыя Эўразьвязу кардынальна не паўплывала б на паводзіны ўкраінскага кіраўніцтва. Як і ў выпадку Беларусі, улады Ўкраіны разумеюць, што размова ідзе ня проста пра страту ўлады, але пра страту багацьця, а нават і свабоды. Бо яны шмат чаго нарабілі, каб у дэмакратычнай краіне быць прыцягнутымі да адказнасьці. Таму паводзіны групоўкі Януковіча вызначаюцца адкрытым непрыманьнем эўрапейскіх каштоўнасьцяў і грэбаваньнем меркаваньнем уласнага народу. Сустракаючыся і нешта абяцаючы эўрапейскім палітыкам, Януковіч адначасова дае волю самым зацятым прыхільнікам сілавога варыянту.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG