Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арт Сядзіба» стамілася высяляцца і будуе свой дом


20 лютага распачалася кампанія абароны «Арт-сядзібы», у якой пяты раз за апошнія двагады забіраюць памяшканьне.

«Арт Сядзіба» — гэта месца, дзе выступаў Зьміцер Вайцюшкевіч, паказваў спэктаклі Свабодны тэатар, прэзэнтаваў свае кнігі Ўладзімір Някляеў, выступалі маладыя беларускія гурты і літаратары, праводзілі сустрэчы і прэзэнтацыі грамадзкія арганізацыі.

Уладальнік памяшканьня, якое арандуе «Арт-сядзіба» — Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў — месяц таму паведаміла, што разрывае дамову арэнды і 21 лютага культурная пляцоўка павінна вызваліць пакой. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, памяшканьне ўладальнікам тэрмінова спатрэбілася, каб аднавіць швачны цэх. Хоць дамова павінна дзейнічаць да 30 верасьня, а арэнда аплачаная да 1 сакавіка.

За няпоўныя 5 месяцаў на культурнай пляцоўцы ў Інструмэнтальным завулку, 6 адбылося каля 80 розных імпрэзаў.

Гэта ўжо пятае памяшканьне, якое «Арт-сядзіба» мусіць пакідаць за 2 гады працы. Таму актывісты вырашылі: хопіць арандаваць, трэба набываць уласнае. Хлопцы палічылі, што каб набыць памяшканьне плошчай 100 квадратных мэтраў, спатрэбіцца як мінімум 200 тысяч даляраў (кошт квадрата ў офісных цэнтрах цяпер — каля 2 тысяч даляраў). І сёньня стартуе кампанія «Пабудуем „Арт-сядзібу“ разам», кажа дырэктар культурнай пляцоўкі Павал Белавус:
Павал Белавус

Павал Белавус


«Прыйшоў час зьвярнуцца да беларусаў, зьвярнуцца да бізнэсоўцаў, зьвярнуцца да беларусаў замежжа, да ўсіх, каму неабыякавыя разьвіцьцё мовы, культуры, грамадзкай актыўнасьці, каму гэта неабыякава, каб мы гэта падтрымалі і мы разам, усім сьветам, усімі беларусамі — як кажуць, сабралі на Нацыянальную бібліятэку, дык чаму ня можам сабраць на «Арт-сядзібу»? Мы кансультаваліся зь юрыстамі, абмяркоўвалі, як гэта правільна, законна зрабіць. І сёньня запускаем кампанію, якая называецца «Будуем „Арт-сядзібу“ разам».

Для гэтых мэтаў арт-студыя «PRAS» распрацавала сайт: dom.artsiadziba.by. Асноўная частка сайту — гэта інтэрактыўны дом, распавядае Мікіта Броўка:

«Гэты сайт уяўляе сабой такі віртуальны дом. Ён складаецца з 40 тысяч цаглінак, кожная зь іх будзе каштаваць па 5 даляраў. І кожны чалавек зможа набыць адну ці любую колькасьць цаглінак у гэтым доме. Грошы можна перадаць альбо нам пэрсанальна, і мы ўсё аформім па законе, альбо пералічыць на рахунак нашай арганізацыі, а таксама праз SMS, міжнародную плацёжную сыстэму PayPal, Money, Yandex-грошы. Мы спадзяёмся, што гэта будзе прывабна для бізнэсу. Нейкія кампаніі могуць набыць цаглінак значна больш, чым прыватная асоба».

У «Арт-сядзібы» ёсьць падмурак — маладыя, актыўныя, адукаваныя беларусы. Ёсьць і дах — гэта мары і памкненьні гэтых беларусаў. Але ў «Арт-сядзібы» няма ўласных сьценаў — пяты раз высяляюць. І каб аб’яднаць падмурак і дах, трэба вымураваць сьцены, кажа Павал Белавус:

«Нашыя муры складаюцца з 40 тысяч цаглінак. Давайце разам зьбяром гэтыя цаглінкі ды аб’яднаем дах і падмурак моцнымі сьценамі, у якіх будзе жыць і разьвівацца беларуская культура, мова і мастацтва. 40 тысяч цаглінак складаюць 36 кватэр — музыкаў, мастакоў, паэтаў, хакеістаў, нацыяналістаў, прыгожых дзяўчатак, аматараў піва, беларускамоўных, фатографаў, праграмістаў. Кожны тут зможа знайсьці сваю кватэру».

Кампанію «Пабудуем „Арт-сядзібу“ разам» падтрымліваюць і шматлікія творчыя асобы. Сьпявак і актор Вінцэнт таксама зьбіраецца купіць цаглінку:

«Цяпер можна купляць зоркі на небе, а тут прапануюць купляць цаглінкі. Я сам выкуплю адну цаглінку, каб мець, і буду ўсіх сяброў заангажоўваць у гэты праект, агітаваць, каб набывалі сабе кватэркі такія. Тым больш, калі цяжка купіць сапраўдную кватэру, дык набуду хоць віртуальную».

Сьпеваку Зьмітру Вайцюшкевічу «Арт-сядзіба» ня раз давала сваю пляцоўку:

«Ёсьць розная моладзь, і пра розную моладзь трэба дбаць. І „Арт-сядзіба“ ня з самай горшай беларускай моладзьдзю працавала і працуе. І так ставіцца да такіх арганізацыяў, як „Арт-сядзіба“, нельга, гэта не па-дзяржаўнаму, я б нават так сказаў. Яны і мяне таксама ў цяжкія часы падтрымлівалі, давалі там выступаць, давалі магчымасьць людзям прыходзіць на канцэрты, выпускаць пару. Мне здаецца, што лепей так, чым дзесьці па падвалах моладзь будзе швэндацца. Таму я іх падтрымліваю».
Франак Вячорка, Алесь Сьнег, Вінцэнт, Мікіта Броўка

Франак Вячорка, Алесь Сьнег, Вінцэнт, Мікіта Броўка


Адзін з заснавальнікаў «Арт-сядзібы» журналіст Франак Вячорка перакананы: «Арт-сядзібу» шчэмяць за тое, што яна дае прастору незалежным, забароненым, яна ня дзеліць на сваіх і чужых. І ўсе надуманыя прычыны высяленьняў маюць палітычны кантэкст:

«Таму гэтым разам мы вырашылі дзейнічаць крэатыўна, а ня проста шукаць новае памяшканьне. Мы вырашылі, па-першае, пазмагацца за гэтую сядзібу, не здаваць яе бяз бою. Калі трэба, то будзем і галадаць, калі трэба, то збудуем барыкады — зараз гэта трэнд. Але ў любым разе нельга так проста саступаць тое, чаму мы прысьвячаем сваю душу, сваё сэрца, свой час. Дом — гэта толькі складовая частка кампаніі, мэта якой — стварыць абсалютна незалежную прастору для творцаў, грамадзкіх дзеячаў, ініцыятываў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG