Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч хоча расстраляць Украіну — Портнікаў


Віталь Портнікаў

Віталь Портнікаў

«Прамая адказнасьць за кровапраліцьцё ў Кіеве кладзецца ня толькі на ўкраінскае, але і на расейскае кіраўніцтва, якое спрабуе за некалькі мільярдаў даляраў купіць украінскія жыцьці, купіць украінскую кроў, купіць украінскую дзяржаўнасьць», — кажа Радыё Свабода ўкраінскі палітоляг Віталь Портнікаў.



Віталь Портнікаў: «Адказ на пытаньне, чаму гэта адбываецца, — у самым стаўленьні ўкраінскай улады да пратэстнага руху, да ўласнага народу.

Для любога ўраду ў любой цывілізаванай краіне выхад сотняў людзей на вуліцы (а колькасьць удзельнікаў народных вечаў у Кіеве нярэдка даходзіла да мільёна) стане натуральнай падставай для дыялёгу з грамадзтвам, пратэстоўцамі, апазыцыяй. Для выпрацоўкі такога модусу кіраваньня краінай, які дазволіў бы зьнізіць жар вулічнай актыўнасьці і перанесьці палітычную дыскусію ў сьцены парлямэнту, нават падзяліўшыся ўладай.

Але для Віктара Януковіча і ягонага бліжэйшага атачэньня такі мэханізм непрымальны. Віктар Януковіч і ягоныя хаўрусьнікі стварылі ўва Ўкраіне самую сапраўдную крымінальную дыктатуру. І тое, што мы сёньня бачым на вуліцах Кіева — гэта проста кульмінацыя гэтай крымінальнай дыктатуры. Таму што арышты, запалохваньні, адыманьне бізнэсу, «смотрящие» ў рэгіёнах — усе гэтыя элемэнты ператварэньня Ўкраіны ў вялікую зону былі і раней. А цяпер Віктар Януковіч, як гэта і бывае зь людзьмі зь яскрава выяўленым крымінальным мысьленьнем, прыйшоў да думкі, што можа спакойна расстрэльваць уласны народ.

Мы папярэджвалі ў першыя ж дні народных пратэстаў, што ігнараваньне ўладай таго, што адбываецца на вуліцах, прывядзе да натуральнай радыкалізацыі пратэсту, да вываду на першы плян радыкальных патрабаваньняў. Так і адбылося. Што стала рабіць улада? Спрабаваць забіць пратэстоўцаў, перасьледаваць іх, развозіць па турмах. Натуральна, адказам на гэта стала яшчэ большая радыкалізацыя.

Цяпер узьнікае вялікае пытаньне — ці можна вырашыць праблемы, якія набраліся дагэтуль, за сталом перамоваў ці ў залі паседжаньняў парлямэнту. Бо ўкраінская ўлада ўвесь час позьніцца з такога кшталту рашэньнямі, позьняцца ўкраінскія алігархі, позьняцца ўкраінскія дэпутаты. У мяне яшчэ некалькі дзён таму быў слабы спадзеў на тое, што дэпутаты Партыі Рэгіёнаў зразумеюць, што яны могуць страціць усё — і дэпутацкія значкі, і сабраныя капіталы, і адчуваньне бясьпекі, калі неадкладна не пачнуць дзейнічаць па лініі супакаеньня палітычнай сытуацыі ў краіне. Гэтага не адбылося.

Толькі сёньня, калі сытуацыя ператвараецца ў яшчэ больш небясьпечную крывавую лазьню, мы сутыкаемся з рэакцыяй некаторых дэпутатаў-рэгіяналаў, якая дазваляе хаця б аддалена разьлічваць на хоць якую разважнасьць, і пры гэтым ня ведаем, ці ёсьць бальшыня гэтых разважных дэпутатаў у шэрагах Партыі Рэгіёнаў. У мяне ёсьць вялікія сумненьні. Мне здаецца, што Партыя рэгіёнаў паўтарае шлях КПСС сваёй рэакцыяй на грамадзкія рухі, на сам народ. Таму што будзе далей — сказаць вельмі цяжка.
Партыя рэгіёнаў паўтарае шлях КПСС сваёй рэакцыяй на грамадзкія рухі

Абсалютна зразумела, чаго хоча Януковіч — ён хоча расстраляць Украіну. Спачатку ў Кіеве на Майдане, а пасьля ва ўсіх рэгіёнах, якія яму не падпарадкоўваюцца. Ён хоча наладзіць крывавую бойню, каб былі дзясяткі і сотні тысяч трупаў і каб людзі больш ніколі не пратэставалі супраць ягоных рашэньняў. Ён хоча, каб ён і яго сям’я (таму што краінай фактычна кіруе ня ён, а ягоны старэйшы сын Аляксандар) маглі б спакойна і ўпэўнена распараджацца рэсурсамі краіны.

Але гэтых рэсурсаў няма. Украіна — краіна-банкрут! Адзінае, на што яна можа выжыць, гэта на міжнародную дапамогу. Але яе таксама няма. Яна можа разьлічваць толькі на абяцаньне расейскіх грошай. І, наколькі мы разумеем, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў, мяркуючы па ягоных выказваньнях на паседжаньні расейскага ўраду, — актыўныя прыхільнікі сілавога варыянту. І падштурхоўваюць да гэтага Віктара Януковіча. Непасрэдная адказнасьць за кровапраліцьцё ў Кіеве кладзецца ня толькі на ўкраінскае, але і на расейскае кіраўніцтва, якое спрабуе за некалькі мільярдаў даляраў купіць украінскія жыцьці, купіць украінскую кроў, купіць украінскую дзяржаўнасьць.

Што можна зрабіць у гэтай сытуацыі? Цяпер міністры замежных спраў краінаў ЭЗ знаходзяцца ў Віктара Януковіча. Да гэтага яны сустракаліся з кіраўнікамі апазыцыі. Я, у прынцыпе, ня ведаю, ці можа быць хоць нейкі шанец на мірнае ўрэгуляваньне сытуацыі ў дадзены момант. Ці гатовая ўлада адмовіцца ад апэрацыі па расстрэле людзей. Ці ёсьць нешта, што можа яе спыніць.
Людзі на Майдане ня будуць з паднятымі рукамі чакаць сьмерці. Яны будуць абараняцца.

Апроч таго, зразумела, што людзі, якія знаходзяцца на Майдане, ня будуць з паднятымі рукамі чакаць сьмерці. Яны будуць абараняцца. І гэта прывядзе да новых і новых ахвяраў. У тым ліку і сярод тых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дагэтуль не разумеюць, што абараняюць не краіну, а купку звар’яцелых людзей. І фактычна парушаюць прысягу, страляючы ў мірных грамадзянаў. Гэта таксама трэба вельмі дакладна разумець. Калі ўдасца сёньня спыніць спаўзаньне Ўкраіны да крывавага месіва, то, магчыма, перамовы могуць прывесьці да перафарматаваньня ўлады. У прынцыпе — трэба выходзіць на перамовы пра адстаўку Віктара Януковіча. Ён ня можа быць прэзыдэнтам краіны. Гэта ўжо зразумела.

Калі ня ўдасца, тады трэба думаць пра абарону ад крымінальнай групы тых рэгіёнаў краіны, якія здольныя абараніцца. На жаль, ніякіх іншых шляхоў ва ўкраінскага народу абараніцца ад вар’ятаў — няма. У сярэднявеччы былі сытуацыі, калі манарх вар’яцеў. Мы сёньня жывем менавіта ў такой сярэднявечнай сытуацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG