Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушка над Дняпром


У Эліяса Канэці, аднаго з апошніх вялікіх аўстрыйцаў, які жыў у Лёндане і пісаў па-нямецку, ёсьць мастацкае дасьледаваньне «Маса і ўлада». У гэтай кнізе ён піша: «Бессэнсоўна сьцьвярджаць, што паміж нацыямі, народамі, няма розьніцы». Для Англіі Канэці знаходзіць такі вобраз: «Наколькі зьвязана стаўленьне да мора з ангельскім індывідуалізмам? Ангелец бачыць сябе капітанам на борце карабля. Побач з капітанам — малалікі экіпаж, а вакол бязьмежнае мора. Ён амаль адзін. Мора неабходна ўтаймаваць. На бязьмежнай роўнядзі мора караблі гэткія ж ізаляваныя, як і людзі.

Расею зь лёгкай або цяжкай рукі Гогаля мы ўяўляем як Русь-тройку. Гэтая мэтафара завяршаецца нібыта велічна: »... перад ёю расступаюцца народы і дзяржавы«. Толькі ня ясна, чаму яны расступаюцца. Расступацца можна перад каралеўскім картэжам, а можна перад уркам зь лязом між пальцаў. У пошуках вобразу Ўкраіны я зьвяртаюся да таго самага Гогаля: «... рэдкая птушка даляціць да сярэдзіны Дняпра...». Дняпро — гэта рака часу, а птушка, якая цяпер даляцела да сярэдзіны Дняпра, замерла і ня ведае, што рабіць далей. Яна зьбянтэжылася і разгубілася. Што гэта — транзіт або статус-кво? Вось такі гогалеўскі вобраз.

Украіна — tabula rasa. У гэтым і перавага, і слабасьць. З аднаго боку, няма гістарычнай апоры, дзяржаўнага гістарычнага тылу, з другога — гены не сапсаваныя, так што, можа быць, птушка і даляціць да далёкага берага. Недагаворанасьць, недалепленасьць, незавершанасьць ва ўсім. Камень, шпурнуты прашчай, павінен ляцець у галаву. А ён, калі й ляціць, то некуды ў пустэчу.

У слоўніку міжнароднага права ёсьць такое словазлучэньне — «перамешчаная асоба». Так называлі, перш за ўсё, людзей, якія, страціўшы страху над галавой, блукалі па Заходняй Эўропе ў канцы і пасьля другой сусьветнай вайны. Незьлічоная колькасьць перамешчаных асобаў — гэта адна з трагедыяў ХХ стагодзьдзя. Але калі гэтае паняцьце пашырыць на ўсю гісторыю, то тады давядзецца гаварыць пра перамешчаныя народы: габрэяў, ірляндцаў, армянаў і інш. Але для мяне ўкраінцы таксама адносяцца да такіх перамешчаных народаў. Усё або большая частка таго, што было зроблена ўкраінцамі, зроблена па-за Ўкраінай. Гаворка тут і пра XVII стагодзьдзе, і пра XVIII-е, і пра XIX-е, і пра XX-е. Я маю на ўвазе ўкраінцаў, якія ажыцьцяўлялі свой дар і прызначэньне па-за Ўкраінай. Для гэтага ім было патрэбнае замежжа. Яны ўносілі ўклад у чужыя культуры. Такі быў лёс і наканаваньне ўкраінскага народу. Мікола Гогаль быў двойчы перамешчанай асобай. Ягоны бацька, Васіль, пісаў па-ўкраінску. Мікола спачатку перабраўся на тэрыторыю расейскай мовы — у Пецярбург, узьненавідзеў гэты горад і яго насельнікаў, на восем гадоў выехаў у Італію, там напісаў першы паўнакроўны расейскі раман пра Расею і красамоўна назваў яго «Мёртвыя душы». Кіеўскі мастак і скульптар Аляксандар Архіпенка стаў клясыкам мадэрнізму ў Амэрыцы. Гэта толькі два прыклады. І вось у канцы ХХ стагодзьдзя ва ўкраінцаў зьявіўся шанец больш ня быць перамешчаным народам, перамешчанымі асобамі і зьвязаць свой лёс з Украінай. Ці скарыстаюцца сучасныя ўкраінцы гэтым шанцам? Я спадзяюся, што ніякі ўкраінскі паэт больш не напіша радкі «на нашай, не сваёй зямлі» (Т. Шаўчэнка). А калі не скарыстаюцца, вінаваціць ня будзе каго, апрача як самых сябе.

Пераклад: Сяргей Шупа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG