Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія міністры не сустрэліся зь Януковічам?


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

З прычыны аднаўленьня сутычак на вуліцах Кіева міністры замежных справаў Польшчы, Францыі і Нямеччыны адмянілі сваю сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Януковічам і вылецелі з Кіева.

Кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі, які з 19 лютага знаходзіўся ў Кіеве, меў размову з кіраўніком самаабароны Майдану.

«Сёньня раніцай ён быў у Міхайлаўскім саборы, які зьяўляецца шпіталём з параненымі на Майдане», — праінфармаваў Польскае радыё прэс-сакратар МЗС Марцін Вайцяхоўскі.

Зь меркаваньняў бясьпекі, Радаслаў Сікорскі размаўляў з Андрэем Парубіем у саборы, хаця раней плянавалася наведаньне Майдану, захопленага дэманстрантамі.

Усе, каго сустрэў міністар, падкрэсьлівалі, што найбольш важным зьяўляецца дасягненьне міру і спыненьне праліцьця крыві. Пасьля наведаньня сабора Сікорскі меўся гаварыць зь іншымі міністрамі замежных спраў краін Эўразьвязу — з Францыі і Нямеччыны.

Пасьля міністры меліся сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны, але, як паведамляюць агенцтвы Reuters і AFP, з прычыны новай эскаляцыі супрацьстаяньня ў Кіеве, сустрэча была адмененая і міністры пакінулі Кіеў. Тым часам дарадніца Януковіча Ганна Герман заявіла агенцтву Інтэрфакс-Украіна, што сустрэча пачалася.
XS
SM
MD
LG