Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд і Мэркель пра падзеі ва Ўкраіне: «агідныя»


Ангела Мэркель і Франсуа Алянд
Ангела Мэркель і Франсуа Алянд

Кіраўнікі Францыі і Нямеччыны ў сераду асудзілі праявы гвалту ва Ўкраіне, паведамляюць парыскія СМІ.

Падчас сустрэчы ў Парыжы прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель назвалі падзеі ва Ўкраіне «агіднымі і непрымальнымі». Лідэры Францыі і Нямеччыны выказалі надзею, што на заплянаванай на чацьвер сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЭЗ у дачыненьні да Ўкраіны будуць ужытыя санкцыі да людзей, якія маюць дачыненьне да эскаляцыі гвалту ў Кіеве.

Сёньня, 19 лютага, кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск выказаў намер пераконваць лідэраў ЭЗ увесьці пэрсанальныя санкцыі супраць прадстаўнікоў украінскай улады, адказных за гвалт у Кіеве. Надзвычайная сустрэча кіраўнікоў МЗС краін ЭЗ па Ўкраіне заплянаваная на чацьвер на 14.00 паводле брусэльскага часу.

Лідэр фракцыі «Зялёных»/«Эўрапейскага вольнага альянсу» ў Эўрапарлямэнце Рэбэка Хармс заклікае Эўразьвяз замарозіць рахункі прадстаўнікоў украінскай улады. Пра гэта паведамляе прэс-служба эўрадэпутата.

«ЭЗ павінен аказаць ціск на Кіеў і Маскву ў роўнай ступені. Эўропа не нямоглая: урады краін ЭЗ павінны хутка ўвесьці мэтавыя санкцыі супраць тых ўкраінскіх кіраўнікоў, якія нясуць адказнасьць за эскаляцыю напружанасьці. Замарожваньне іх рахункаў насьпела», – заявіла Хармс.

«ЭЗ таксама можа ціснуць на Расею, напрыклад, шляхам газавай дыпляматыі. Існуюць альтэрнатывы заплянаваным газаправоду «Паўднёвы паток», які можа зрабіць Эўропу больш залежнай ад «Газпрома». Гэта прымусіць Пуціна наладзіць адносіны з ЭЗ. Аднак для гэтага важна, каб Эўропа казала адным голасам», – сказала Хармс.

Паводле яе слоў, ЭЗ павінен выкарыстоўваць усе сродкі , каб спыніць гвалт ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку Вэрнэр Хоер выступіў сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Бруселі.

«Мы на пэўны час спыняем нашу дзейнасьць ва Ўкраіне, таму што трэба пачакаць і паглядзець на эканамічныя і палітычныя падзеі ў краіне. Наша пазыцыя цалкам супадае з пазыцыяй Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і замежных спраў Рады Эўрапейскага Зьвязу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG