Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае сёньня жыцьцё ў Кіеве па-за Майданам, у адным са спальных раёнаў? Кіеўская журналістка Алена Літвінава прайшлася па мірных вуліцах.

Да анансаванай СБУ антытэрарыстычнай спэцапэрацыі засталося некалькі гадзін... Кампраміс ужо немагчымы. Мінулая ноч зьмяніла ўкраінцаў. Зьмяніла Кіеў. Пачуцьцё чалавечай годнасьці атрымлівае візуальнае аблічча... І справа ня ў спаленых будынках ці тратуарах, разабраных на каменьне — зброю паўстанцаў. Сёньня па-іншаму выглядаюць і спальныя раёны, якія апошнія тры месяцы практычна не рэагавалі на падзеі ў цэнтры Кіева.

Нібыта ўсё як і раней. Але вуліцы маўклівыя і амаль бязьлюдныя. На кожным скрыжаваньні — абавязковы пост ДАІ. У супэрмаркетах усе неабходныя прадукты, але не гучыць традыцыйная забаўляльная музыка. Людзі, нават прыходзячы ў краму ў кампаніі, мала размаўляюць паміж сабой. Мяркуючы па наборах, закупляюць прадукты для Майдану.

Дзіцячыя пляцоўкі, на якіх удзень заўсёды было шматлюдна, лаўкі, на якіх штодня каля пад’ездаў зьбіраліся папляткарыць бабулькі, пустыя... У некаторых раёнах не працуюць банкаматы самых вялікіх банкаў — «Прыватбанку» і «Аваль» — нібыта няма гатоўкі. Мэтро так і не аднавіла рух. Улада зноў падманула — грамадзкі транспарт працуе, але праезд не бясплатны.

Галоўная тэма дыскусіяў, якія ўзьнікаюць час ад часу, — адстаўка прэзыдэнта і хто яго павінен зьмяніць на гэтай пасадзе. «Народ», — кажуць людзі, і ніякай іншай кандыдатуры... Уезды ў сталіцу Ўкраіны перакрытыя. На аўтамабільных дарогах штучна ўтвараюцца коркі — пры дапамозе ДАІ, вайсковай і грузавой тэхнікі... Такая сабе дапамога апазыцыі, якая ад пачатку студзеня пагражала арганізаваць усеўкраінскі страйк, але так і не змагла рэалізаваць сваю ініцыятыву.

Вяртаючыся дамоў, я зьвярнула ўвагу на жанчыну, якая не магла даць рады свайму малому сыну, 4–5 гадоў на выгляд. Ніякія ўгаворы не памагалі. І раптам нечакана сур’ёзна: «Каму кажу. Ідзі сюды, за рогам Януковіч!»

Я ледзьве стрымала сьмех, а вось хлапчука гэта дысцыплінавала за адну сэкунду... Дарма я сьмяялася. Бо за рогам цяпер усе прадстаўнікі ўлады — прэзыдэнт, які ў найбольш трагічныя моманты паўстаньня зьвяртаецца да народа і заклікае для зьмены ўлады дачакацца выбараў, урад, які праводзіць свае пасяджэньні без журналістаў, баючыся, што давядзецца адказваць на пытаньне — колькі яшчэ трэба ахвяраў, каб улада адэкватна пачала ацэньваць сытуацыю ў краіне... Улада баіцца нават вызірнуць з-за гэтага рога, а ня тое што паглядзець у вочы сотням тысяч сваіх грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG