Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў першым акце стрэльба вісіць на сьцяне, то ў апошнім акце яна павінна стрэліць. Ва Ўкраіне гэты закон драматургіі ня толькі стаў рэчаіснасьцю, але і на нашых вачах ператвараецца ў трагедыю.

У адным з сваіх папярэдніх блогаў пад назвай «Як сысьці з Майдану» я выказваў меркаваньне, у чым мог бы палягаць кампраміс паміж бакамі канфлікту. Бо, па-першае, кардынальная перамога аднаго з бакоў можа азначаць рэальны раскол краіны. А па-другое, Майдан мае пэрспэктыву маргіналізавацца. Галоўныя закіды маіх апанэнтаў былі такія: а навошта сыходзіць? Трэба змагацца да перамогі.

Цяперашні ход сілавога супрацьстаяньня, якое фактычна ператвараецца ў грамадзянскую вайну, калі колькасьць ахвяраў пайшла на дзясяткі, — гэта клясычная ілюстрацыя да вядомай аксіёмы, што палітыка — гэта мастацтва магчымага. І што можа быць альтэрнатывай кампрамісу?

Калі спрабуеш шукаць адказы на пытаньне, чаму стаў магчымы такі варыянт разьвіцьця падзеяў, то хацеў бы зьвярнуць увагу на дзьве акалічнасьці. Найперш, сытуацыя пачала разьвівацца паводле сцэнару, які добра вядомы з гісторыі: войны часта пачынаюцца, калі іх ніхто ня хоча. Але ніводзін бок ня можа саступіць, бо баіцца страціць твар, падацца слабым. У выніку канфлікт разьвіваецца па шляху эскаляцыі.

Другі момант. Элемэнты анархіі, якія пры такіх падзеях зьяўляюцца заўсёды, пачалі ва ўкраінскім крызісе дамінаваць. Тое, што ў Майдана няма кіраўніцтва, кажуць усе. Некаторыя лічаць, што гэта і добра — маўляў, рэвалюцыю вяршыць самаарганізаваны народ. Але з кім у такім выпадку Януковічу весьці перамовы, дамаўляцца, хто бярэ адказнасьць за выкананьне дамоваў? Вось у адказ на амністыю ўдзельнікаў масавых акцыяў апазыцыя мусіла вызваліць захопленыя ўрадавыя будынкі. Разьмен адбыўся, кіеўскую мэрыю вызвалілі, а потым зноў захапілі. Гэта зрабіла каманда на чале зь нейкім Мельнічэнкам, які заявіў, што чхаць хацеў на ўсе дамоўленасьці. Калі рэй пачынаюць весьці «палявыя камандзіры», новыя бацькі Махно, то гэта пагроза «афганізацыі» Ўкраіны.

Але праблема ў тым, што нешта падобнае адбываецца і ў кіроўным лягеры. Так таксама зьявіліся баевікі, якіх невядома хто кантралюе.
Нарастаюць супярэчнасьці паміж Януковічам і алігархамі. Бо багатыя ўкраінцы, якія маюць актывы на Захадзе, ня хочуць трапіць пад санкцыі ЭЗ і ЗША

Нарастаюць супярэчнасьці паміж Януковічам і алігархамі. Бо багатыя ўкраінцы, якія маюць актывы на Захадзе, ня хочуць трапіць пад санкцыі ЭЗ і ЗША. Рынат Ахметаў асудзіў прымяненьне сілы ў адносінах да мірнага насельніцтва, але прэзыдэнт яго ня слухае. Пачаўся «разброд і хістаньні» ў Партыі рэгіёнаў.

Таксама ва Ўкраіне ўжо доўгі час дыскутуецца пытаньне: ці кантралюе Януковіч сілавыя структуры? Гледзячы па ўсім, там таксама зьявіліся свае «палявыя камандзіры».

Супрацьлеглыя ацэнкі таго, што адбываецца ва Ўкраіне, тлумачацца ня толькі рознымі геапалітычнымі інтарэсамі, яны грунтуюцца на розных мэнтальных устаноўках. Як вядома, улада — гэта орган, які мае манапольнае права на легітымны гвалт. Але, напрыклад, заява МЗС Расеі ў падтрымку дзеяньняў Януковіча зыходзіць не з эўрапейскіх, а хутчэй, з азіяцкіх уяўленьняў, паводле якіх дзяржава — гэта нешта сакральнае, а значыць, яна заўсёды мае рацыю. Насамрэч жа ўва ўмовах вострага палітычнага крызісу, калі легітымнасьць улады ставіцца грамадзтвам пад сумнеў, гвалт з боку дзяржаўных інстытутаў таксама перастае быць легітымным.

Незразумела, што падштурхнула Януковіча да рашэньня пра «зачыстку» Майдану. Але сытуацыя набыла новую якасьць: цяпер на ім кроў і дзясяткі забітых. Ён пераступіў «чырвоную лінію», перайшоў праз Рубікон.

Вельмі зьдзіўляе пасіўнасьць усясьветнай супольнасьці, найперш — суседзяў Украіны. Падчас «памаранчавай рэвалюцыі», якая насіла мірны характар, не было ніводнай ахвяры, аднак у Кіеў прыехалі высокія прадстаўнікі ЭЗ і Расеі, пры іхнім пасярэдніцтве бакі селі за стол перамоваў і знайшлі кампраміс дзеля мірнага выйсьця з крызісу. Сёньня льецца кроў, каля трох дзясяткаў загінулых, сотні параненых, Украіна апынулася фактычна ў стане грамадзянскай вайны, а замежныя палітычныя лідэры толькі робяць нейкія няўцямныя заявы. Бяда не бывае чужой, а ў нашым глябальным сьвеце тым больш.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG