Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія алімпійцы праз прыцэл Эўрамайдану


Падзеі на кіеўскім Эўрамайдане рэхам адгукнуліся на Алімпійскіх гульнях у Сочы. Грамадзкія арганізацыі Ўкраіны зьвярнуліся да сваіх спартоўцаў з заклікам спыніць выступы на знак жалобы з загінулымі падчас «зачысткі» сілавікамі цэнтру горада. Са спаборніцтваў ужо зьняліся ўкраінскія лыжніцы, а ў зьмяшанай эстафэце ня возьмуць удзелу лідэры біятлённай каманды.

Рух «Мы — эўрапейцы» выступіў з адмысловай заявай да алімпійцаў Украіны, у якой гаворыцца: «У сувязі з драматычнымі падзеямі ва Ўкраіне і кровапраліцьцем на вуліцах Кіева заклікаем вас спыніць свой удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы на знак салідарнасьці з народам Украіны, падзяляючы жалобу па загінулых».

Неўзабаве зьмяніўся расклад лыжных спаборніцтваў — украінскія лыжніцы сапраўды зьняліся з каманднага спрынту. Праўда, расейскія камэнтатары тлумачаць такі крок траўмай адной са спартовак — Кацярыны Сярдзюк. Аднак украінскія спэцыялісты сьцьвярджаюць, што абедзьве лыжніцы да апошняга былі ў добрай форме, ні пра якія траўмы не паведамлялася.

А вось украінскія біятляністы, якія прыехалі ў Сочы па мэдалі, пакуль што трымаюцца графіку. Аднак стала вядома, што Алена Підгрушна і Віта Семярэнка ня возьмуць удзелу ў сёньняшняй зьмяшанай эстафэце. Прычыны рашэньня пакуль не агучваюцца.

Між тым сёстры Семярэнкі, Алена Підгрушна, Юлія Джыма ды іншыя неаднойчы дэманстравалі сваё стаўленьне да падзеяў на радзіме, прысьвячаючы на этапах Кубку сьвету свае перамогі Эўрамайдану і яго абаронцам. Адпаведнымі лёзунгамі быў аздоблены і жоўта-блакітны сьцяг, зь якім украінкі ўзыходзілі на п’едэстал. «За Майдан!» — чулася і падчас уганараваньня Віты Семярэнкі 8 лютага ў Сочы.

Тым часам алімпійская зборная Ўкраіны зрабіла адмысловую заяву: «Мы шакаваныя падзеямі, якія цягам апошніх сутак адбыліся ў нашай краіне. Дома ў нас засталіся сем’і, родныя, блізкія, і нас ня можа не турбаваць іх лёс, лёс нашай Айчыны. Мы глыбока смуткуем і выказваем шчырае спачуваньне з нагоды гібелі нашых суайчыньнікаў».
Мы глыбока смуткуем і выказваем шчырае спачуваньне з нагоды гібелі нашых суайчыньнікаў

Алімпійцы заклікалі ўсе бакі да міру, прапанаваўшы пачаць дыялёг, каб не дапусьціць далейшага кровапраліцьця. У сваю чаргу, самі яны абяцаюць прыкласьці максымум намаганьняў дзеля перамогі ў Сочы, каб украінскі сьцяг лунаў над алімпійскім подыюмам, а ў гонар пераможцаў гучаў гімн Украіны.

Прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны Сяргей Бубка таксама заклікаў варагуючыя бакі да «алімпійскага перамір’я» і прывёў у прыклад якраз спартоўцаў, якія ў Сочы годна прадстаўляюць сваю дзяржаву:

«Я хачу заклікаць да алімпійскага перамір’я ў маёй краіне. Дыялёг — гэта сіла, а гвалт — праява слабасьці. Нашым спартоўцам нялёгка змагацца ў Сочы, але яны робяць гэта мірна і з гонарам. Гвалту не павінна быць месца ў сьвеце», — падкрэсьліў легендарны Бубка.

У сваю чаргу, Міжнародны алімпійскі камітэт не дазволіў украінскім спартоўцам надзець жалобныя чорныя павязкі ў памяць пра забітых падчас сутыкненьняў у Кіеве. На афіцыйны запыт украінская дэлегацыя атрымала адказ, у якім паведамлялася: згодна з Алімпійскай хартыяй, падобнае «не ўяўляецца магчымым».

Зборная Ўкраіны пакуль што дэманструе досыць сьціплыя вынікі на Алімпіядзе-2014, маючы ў актыве адну бронзавую ўзнагароду — яе ў біятлённым спрынце здабыла Віта Семярэнка. Цяпер асноўныя спадзевы ўскладаюцца на пасьпяховыя выступы ў эстафэтных гонках, першая зь якіх — зьмяшаная — адбудзецца акурат сёньня. Жаночыя і мужчынскія квартэты з удзелам украінцаў маюць стартаваць 21 і 22 лютага адпаведна.
XS
SM
MD
LG