Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя лідэры і мэдыі актыўна камэнтуюць сёньня падзеі ва Ўкраіне.

Выступаючы сёньня ў Сэйме Польшчы прэм’ер-міністар гэтай краіны Дональд Туск заявіў, што за ахвяры і драму ў Кіеве адказнасьць нясуць улады краіны, а не апазыцыя.

«Калі падчас дэманстрацыі і маніфэстацыі падаюць забітыя і параненыя, калі на вачах усяго сьвету сілы правапарадку катуюць людзей, калі палітычная ўлада ня робіць ніякіх захадаў для спыненьня гвалту, то ацэнка гэтых падзеяў чорна-белая, там няма паўтонаў», — сказаў Дональд Туск.

«Прэзыдэнт Януковіч мае на сваіх руках кроў. Трэба ясна сказаць: канчатковая адказнасьць за сьмерці і гвалт падае на яго», — напісаў у сваім твітэры міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт.

«Пакуль ня ясна, які бок пачаў гвалт усяго празь некалькі дзён пасьля дамовы наконт амністыі, якая зьнізіла напружанасьць у сталіцы, але віна за палітычны крызіс ляжыць на спадары Януковічы, — піша сёньня Washington Post. — Пагадзіўшыся на перамовы з апазыцыяй у справе новага прэм’ер-міністра і кабінэта, прымальнага для абодвух бакоў, ён адступіў ад перамоў пасьля падпісаньня пагадненьня аб амністыі на мінулым тыдні. У панядзелак, дэпутаты парлямэнту ад прэзыдэнцкай партыі заблякавалі спробу апазыцыі рухацца да заканадаўчай рэформы, у тым ліку канстытуцыйных зьмен, што дазволілі б скараціць паўнамоцтвы прэзыдэнта».

Драматычныя пратэсты ва Ўкраіне зьяўляюцца змрочнай ілюстрацыяй таго, што можа адбыцца, калі Захад ня ўмешваецца — піша сёньня The Wall Street Journal. У панядзелак лідэры апазыцыі Арсень Яцанюк і Віталь Клічко сустракаліся з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і заклікалі яе ўвесьці санкцыі супраць чыноўнікаў Януковіча ды іх актываў у Эўразьвязе. Аднак яны атрымалі толькі рытарычную падтрымку на словах, але пра ніякія рэальныя крокі Нямеччыны і Захаду, якія маглі б быць рэальнай процівагай 15 мільярдам маскоўскай дапамогі мовы не ідзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG