Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўнік міліцыі Казлоў: «Нельга людзей заганяць у кут»


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў зь Менску мяркуе, што адказнасьць за ахвяры ў Кіеве, у тым ліку сярод міліцыянтаў, нясуць улады краіны, якія зрабілі падвойнае злачынства: спачатку падманулі народ з эўраінтэграцыяй і справакавалі грамадзян на масавы пратэст, а потым абралі сілавы варыянт вырашэньня канфлікту з Майданам па прыкладзе Беларусі.

«Бо ў іх сіла, у іх улада, і яны маглі вырашыць канфлікт цывілізаваным шляхам. Замест гэтага выбралі беларускі варыянт. Але ў Беларусі гэта прайшло, а ва Ўкраіне — не. Вінаватая ў ахвярах адназначна ўлада. Нельга людзей заганяць у кут, калі не застаецца выбару. А ўсе гэтыя размовы, што яны хочуць перамоваў — бачна, што гэта толькі размовы. Яны па-ранейшаму хочуць рабаваць Украіну. Мне так бачыцца. І вельмі ганаруся ўкраінцамі, што ў іх знайшлося столькі сьмелых людзей», — кажа Мікалай Казлоў.

На Майдане гучаць заклікі да супрацоўнікаў «Беркута» не выконваць злачынныя загады супроць мітынгоўцаў. Чаму гэтая заклікі не дасягаюць сваёй мэты? Паводле Мікалая Казлова, натуральна, што міліцыянты маюць нэгатыўныя пачуцьці адносна мітынгоўцаў, калі ў іх з барыкадаў ляцяць камяні, калі сярод іх таксама ёсьць параненыя і нават забітыя. Аднак Мікалая Казлова зьдзіўляе пазыцыя сярэдняга афіцэрскага складу:

«Грошы? Ня ведаю, якую яны ролю тут выконваюць. Ідэя? А за якую ідэю там змагаюцца міліцыянты? Не разумею, як яны — я пра афіцэраў — тлумачаць сваім падначаленым тое, што адбываецца. У іх жа ўва ўсіх ёсьць дзеці, жонкі, там жа вырашаецца ў тым ліку і іх лёс, будучыня іх сем’яў. Стабільнасьць паводле беларускага ўзору? Гэта ж ня выйсьце, а павольнае зацягваньне ў дрыгву. Не разумею, чаму не знаходзіцца афіцэра, які здольны ім патлумачыць сытуацыю?»
XS
SM
MD
LG