Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча за Мазырскі НПЗ 4 мільярды даляраў


Беларусь ацаніла Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод у 4 мільярды даляраў, паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Георгі Кузьняцоў.

«Калі будзе „дабро“, магчыма, мы правядзем конкурс сёлета. Ацэнку зрабілі, яна нядрэнная, увесь завод — 4 мільярды даляраў», — цытуе Кузьняцова БелаПАН.

Беларускі бок, удакладніў ён, гатовы прадаць сваю долю ў гэтым НПЗ, калі інвэстар цягам 10 гадоў «загрузіць пад поўную завязку» сыравінай Мазырскі НПЗ і наваполацкі «Нафтан».

Перад інвэстарам таксама ставіцца ўмова стварыць новую вытворчасьць. «Гаворка ідзе пра тое, каб інвэстар пабудаваў на той жа інфраструктуры новую вытворчасьць магутнасьцю 10 мільёнаў тон», — паведаміў Кузьняцоў.

Магутнасьці двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (Мазырскага НПЗ і «Нафтана») сёньня дазваляюць перапрацоўваць каля 23 млн тон у год.

Раней паведамлялася, што беларускія ўлады вядуць перамовы, каб павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі расейскай нафты на тэрыторыі Беларусі.

Беларусь заняла трэцяе месца ў рэйтынгу найбольш залежных ад нафты эканомік, які ў студзені гэтага году апублікавала агенцтва Bloomberg.

У 2013 годзе Беларусь экспартавала 13,56 млн тон нафтапрадуктаў на 10,18 млрд даляраў. На зьнешнія рынкі Беларусь паставіла 1,62 млн тон нафты на 1,24 млрд даляраў. Валютныя паступленьня Беларусі ад экспарту тавараў у 2013 годзе склалі 35,95 млрд даляраў. Амаль траціна выручкі Беларусі ад экспарту прыпадае на нафту і нафтапрадукты.
XS
SM
MD
LG