Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронца Алег Воўчак: «Ахвяры ў Кіеве — на сумленьні ўлады»


Алег Воўчак

Алег Воўчак

Праваабаронца, былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак 4 дні таму быў на Майдане і згадаў, што тады зьдзівіўся добрай арганізацыі самаабароны Майдану. Паводле Алега Воўчака, зброі ў майданаўцаў ён ня бачыў.

«Тады абстаноўка была цалкам мірная і ніхто на Майдане ня думаў, што хутка зноў дойдзе да штурму. Былі размовы пра падрыхтоўку „Беркута“ да разгону Майдану, нібыта прызначанага на заканчэньне Алімпіяды, але людзі спадзяваліся, што ўдасца дамовіцца і паставіць у Вярхоўнай Радзе на галасаваньне пытаньне пра вяртаньне да Канстытуцыі 2004 году. Але, як мы цяпер ведаем, Віктар Януковіч гэты варыянт заблякаваў і тым самым паставіў крыж на такіх чаканьнях», — сказаў Алег Воўчак.

Радыё Свабода: Як былы сьледчы Алег Воўчак ацэньвае дзеяньні ўкраінскіх сілавікоў і абаронцаў Майдану?

«Украінскія міліцыянты мусяць кіравацца законам аб органах унутраных спраў, паводле якога яны яўна перавысілі свае паўнамоцтвы. Бо сталі ўжываць зброю, у тым ліку ня выключана, што і баявую. Нават тое, што пачалі трактарамі разбураць барыкады зь людзьмі, гэта таксама няправільна. Трэба было дзейнічаць мірна, разьлічваць на мірнае разьвязаньне праблемы. Загады ўжываць зброю яўна аддавала кіраўніцтва міліцыі, і таму тое, што шмат людзей загінула, гэта будзе на сумленьні праваахоўных органаў і ўлады. Пры гэтым адзначу, што ў самы крытычны момант супрацьстаяньня не было зафіксавана з боку мітынгоўцаў ужываньня зброі, арганізацыі выбухаў і нейкіх правакацыяў. Гэта паказвае ўсё ж мірны характар супраціву».

Пра тое, што абаронцы Майдану закідваюць міліцыянтаў камянямі і «кактэйлем Молатава» ды падпальваюць міліцэйскую аўтатэхніку, Алег Воўчак сказаў: «Так, кідалі камяні, абараняліся. Калі на іх нападаюць, то гэта натуральны адказ».

Паводле Алега Воўчака, улады Ўкраіны ня пойдуць на выкананьне патрабаваньняў апазыцыі вярнуцца да Канстытуцыі 2004 году і будуць надалей дзейнічаць у «сілавым рэчышчы». Праваабаронца чакае, што Эўразьвяз пяройдзе ад заяваў да рэальных санкцыяў супроць кіраўніцтва Ўкраіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG