Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Антыўрадавыя пратэсты ў Кіеве і іншых украінскіх гарадах прычыніліся да моцнай актывізацыі прарасейскіх арганізацый у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым.

Карэспандэнт нашага радыё Робэрт Колсан, які нядаўна пабываў у Крыме, паведамляе, што шмат якія арганізацыі этнічных расейцаў на паўвостраве пачалі дамагацца «ўзмацненьня крымскай аўтаноміі» на выпадак, калі б прэзыдэнт Віктар Януковіч заключыў нейкае кампраміснае пагадненьне з апазыцыяй, якую крымскія расейцы называюць не інакш як «фашысцкай».

Дэпутат крымскага парлямэнту Сяргей Шувальнікаў, лідэр Кангрэсу расейскіх абшчын Крыму і Расейскага фронту, паскардзіўся нашаму карэспандэнту на тое, што ён лічыць дыскрымінацыяй расейскай мовы і культуры ў Крыме:

«Мы сёньня бачым спробы стварыць нацыянальную ідэю Ўкраіны і абараніць — скажам у дужках — украінскую мову, хоць я ня ведаю, ад каго яе трэба абараняць. Ідзе выцясьненьне і дыскрымінацыя рускай мовы. Тут выразна відаць палітычны момант, каб пазбавіць рускіх людзей — для якіх мова зьяўляецца галоўным ідэнтыфікатарам рускага этнасу, рускай нацыі і рускага народу — права помніць пра тое, што яны рускія. То бок, фактычна ідзе зьнішчэньне рускай нацыянальнасьці і паняцьця «рускі народ Украіны».

У Крыме расейцы складаюць каля 58% насельніцтва, украінцы — 24%, крымскія татары — 12%. Адносіны паміж гэтымі нацыянальнасьцямі даволі напружаныя. У горадзе Белагорску, у якім пражывае каля 18 тысяч чалавек, кожная са згаданых нацыянальнасьцяў складае больш-менш траціну насельніцтва. Мэр Белагорску Альбэрт Кангіеў, які зьяўляецца этнічным татарам і належыць да Партыя рэгіёнаў прэзыдэнта Віктара Януковіча, сказаў нашаму карэспандэнту:

«Наш горад — шматнацыянальны. Сёньня працэнтны ўдзел раней дэпартаваных грамадзянаў у нашым горадзе — больш чым 30%, што зьяўляецца значнай колькасьцю. І запаліць запалку — калі можна так выказацца — у нашым горадзе вельмі лёгка».

У лістападзе, у Дзень нацыянальнага адзінства Расеі, Кангрэс расейскіх абшчын Крыму правёў марш і мітынг у Белагорску ды прыняў рэзалюцыю, у якой гаварылася: «Сёньня рускія людзі зноў знаходзяцца ў стане фэадальнай раздробленасьці, духоўнага заняпаду і паныласьці. Наша права на гісторыю, культуру, праваслаўную веру, рускую мову нахабна топчацца. Мы чуем і бачым, як штораз часьцей гучаць абразьлівыя выпады ў адрас Расеі і рускага народу, ня толькі з вуснаў нэанацыстаў — сябраў і прыхільнікаў партыі „Свабода“ , але і ад іншых прадстаўнікоў гэтак званай украінскай апазыцыі і інтэлігенцыі. Іх можна пачуць на мітынгах у розных гарадах Украіны, яны тыражуюцца ў газэтах і іншых сродках масавай інфармацыі, яны ўвесь час гучаць у сьценах вышэйшага органу заканадаўчай улады — Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Усё гэта расцэньваецца рускімі грамадзянамі Украіны як элемэнты масавай палітычнай русафобіі, якая становіцца ўсё больш адкрытай, нахабнай і эпатажнай».

60 гадоў таму Крым быў часткай Расейскай Фэдэрацыі СССР. 19 лютага 1954 году, каб адзначыць 300-годзьдзе Пераяслаўскай рады, якая зьвязала Ўкраіну з Масквой, савецкі ўрад перадаў Крымскую вобласьць у склад Украінскай ССР. Шмат хто з этнічных расейцаў у Крыме ня траціць надзеі, што Крым вернецца ў склад Расеі. Якім чынам?

Валерый Пад’ячы, лідэр расейскага Народнага фронту ў Крыме, лічыць, што Кіеў можа «здаць у арэнду» Крым Расеі як расплату за свае даўгі. Калі наш карэспандэнт запытаўся Пад’ячага, а што станецца з Крымам пасьля заканчэньня тэрміну арэнды, той адказаў:

«Арэнда будзе на 99 гадоў, і я ня думаю, што Украіна так доўга праіснуе як незалежная дзяржава. А Расея будзе існаваць, таму што Расея — гэта, усё-ткі, адзін зь вядучых сусьветных гульцоў, упоравень з ЗША, Кітаем і Эўразьвязам. Таму адназначна, што Расея будзе існаваць. А ці будзе Ўкраіна? Таму гэткае вырашэньне пытаньня Крыму задаволіла б усіх».

Крымскія расейцы моцна падтрымліваюць прэзыдэнта Віктара Януковіча і выступаюць супраць пратэстаў на Майдане ў Кіеве. Як паведамляе наш карэспандэнт, крымскія дарогі абстаўленыя тысячамі рэклямных шчытоў, якія сьцьвярджаюць, што Крым выступае «за стабільнасьць» і супраць «экстрэмізму» ды «замежнага ўмяшаньня». Шчыты паставіла недзяржаўная арганізацыя пад назвай «Стоп Майдан», крыніцы фінансаваньня якой застаюцца невядомымі для шырэйшай публікі.
XS
SM
MD
LG