Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апэратыўны агляд міжнародныя рэакцыі на крывавыя падзеі ва Ўкраіне.

Эўрапарлямэнт склікае прэс-канфэрэнцыю

У выніку абвастрэньня сытуацыі ў Кіеве Эўрапарлямэнт сёньня склікае тэрміновую прэс-канфэрэнцыю з удзелам віцэ-прэзыдэнта Яцэка Сарыюш-Вольскага і старшыні камітэту замежных спраў Эльмара Брока.

ААН заклікае да стрыманасьці

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў улады і апазыцыю Ўкраіны да стрыманасьці і ўзнаўленьня «шчырага дыялёгу».

Літва за ўвядзеньне санкцыяў супраць адказных за гвалт

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у заяве з нагоды апошніх падзей ва Ўкраіне заклікаў краіны Эўразьвязу разглядзець увядзеньне мэтанакіраваных санкцый супраць адказных за ўжываньне гвалту ва Ўкраіне.
«Сёньня на вуліцах Кіева вырашаецца будучыня Ўкраіны», — сьцьвярджаецца ў яго заяве. Асудзіўшы гвалт і выкарыстаньне сілы ў Кіеве, міністар таксама заклікаў тэрмінова спыніць гэты гвалт і належным чынам расьсьледаваць усе выпадкі забойстваў і раненьняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Паводле словаў Лінкявічуса, палітычныя лідэры Ўкраіны павінны ўзяць на сябе адказнасьць за выкананьне правоў і свабодаў і эфэктыўна вырашыць палітычны крызіс.

Кубіліюс за міжнародны суд над Януковічам

Лідэр літоўскай апазыцыі, былы прэм’ер Літвы Андрыюс Кубіліюс лічыць, што за гвалт супраць актывістаў Эўрамайдану ў Кіеве прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч павінен паўстаць перад міжнародным судом. Пра гэта Андрыюс Кубіліюс напісаў у Twitter: «Пасьля грубага кровапраліцьця на Эўрамайдане Януковіча павінны судзіць міжнародным судом».

Нямеччыну шакавалі навіны з Кіева

Канцлер Ангела Мэркэль паабяцала, што Нямеччына і Эўразьвяз зробяць усе высілкі для пошукаў станоўчага выйсьця з крызісу ва Ўкраіне. У сваю чаргу міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмайер асудзіў нову віток гвалту ва Ўкраіне. Як гаворыцца ў афіцыйным пведамленьні МЗС Нямеччыны, там асуджаюць усе формы гвалтоўных дзеяньняў, якія ня могуць дапамагчы Ўкраіне выйсьці з сытуацыі палітычнага крызіса. Навіны пра эскаляцыю гвалту «шакуюць», падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Расея вінаваціць Захад

МЗС Расеі лічыць, што абвастрэньне сытуацыі ва Ўкраіне ёсьць вынікам «патураньня Захаду», які падтрымлівае радыкалаў ва Ўкраіне.

У афіцыйнай заяве МЗС гаворыцца, што «баевікі апазыцыі б’юць праваахоўнікаў, падпальваюць машыны, зруйнавалі аптэку, напалі на штаб-кватэру Партыі рэгіёнаў, заблякавалі будынак Вярхоўнай Рады».

«Апазыцыя сытуацыю ў сваіх шэрагах ужо не кантралюе. Відавочнае парушэньне правапарадку, ды і проста здаровага сэнсу», — заявілі ў рсейскім МЗС.

У тым, што адбываецца ў Кіеве, у МЗС Расеі традыцыйна абвінавацілі Захад:

«Тое, што адбываецца, ёсьць вынікам палітыкі патураньня з боку тых заходніх палітыкаў і эўрапейскіх структур, якія ад самага пачатку крызісу заплюшчвалі вочы на агрэсіўныя дзеяньні радыкальных сіл ва Ўкраіне», — лічаць у Расеі.
XS
SM
MD
LG