Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Алімпійскіх гульнях у Сочы беларускім спартоўцам засталося правесьці ўсяго некалькі стартаў.

19 лютага на трасе лыжна-біятлённага цэнтра «Лаўра» пройдзе біятлённая зьмешаная эстафэта — гэтая дысцыпліна дэбютуе на галоўных стартах чатырохгодзьдзя. Але выглядае, што для прадстаўнікоў Беларусі гэта пераўтворыцца ў простую фармальнасьць: гонку прапусьцяць трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава і бронзавы прызэр гульняў Надзея Скардзіна. Трэнэры вырашылі даць дадатковы адпачынак трыюмфатаркам, каб тыя лепш падрыхтаваліся да заключнага старту — жаночай эстафэты 21 лютага. На наступны дзень, 22 лютага, пройдуць аналягічныя спаборніцтвы сярод мужчынаў.

Такім чынам, у сёньняшняй эстафэце ў складзе беларускай каманды пабягуць Людміла Калінчык, Анастасія Дубарэзава, Уладзімер Чапелін, Яўген Абраменка. Сярод 16-ці ўдзельнікаў беларусы стартуюць пад № 8. Пачатак трансьляцыі а 17.30.

Тым часам збываюцца прадказаньні адмыслоўцаў, якія прагназавалі, што да посьпехаў алімпійскіх чэмпіёнаў пачнуць «прымазвацца» найвышэйшыя чыноўнікі. Першым адзначыўся прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка.

Падчас чарговай нарады, якая ня тычылася спорту, той адкрыў «таямніцу» — аказваецца, гэта ён расклаў Дар’і Домрачавай сцэнар першай пераможнай гонкі. А потым, маўляў, ужо ўсё пайшло па накатанай:

«Я ж ўсюды крайні. Вось гляджу за Дашай — я ж апошні, разумееце? Успомніце, як у Дашы спрынт не пайшоў. Сэрвісмэны там нібыта памыліліся. Я ёй кажу — прызнавайся як на духу: што, лыжы ня ехалі? Маўчыць, яна ж ня можа падвесьці сваіх. Кажу: ты нагамі і так бяжыш лепш за ўсіх, уключы галаву, падумай, і ўсё будзе нармальна. І паглядзіце, якую Даша гонку перасьледу выдала! Казка, ніхто так у сьвеце ня бегаў. Я ж ёй усю гонку расклаў! І яна кажа: Аляксандар Рыгоравіч, вы як быццам разам са мной беглі!»

З прэзыдэнцкай падтрымкай ці не, але Дар’я Домрачава набегала на тры залатыя мэдалі, стаўшы па гэтым паказьніку абсалютнай рэкардсмэнкай Алімпіядаў. Яшчэ два «золаты» прынесьлі ў агульнакамандную скарбонку фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір. Бронзу заваявала біятляністка Надзея Скардзіна. Такі багаж дазваляе беларусам заставацца на 7-й пазыцыі амаль з сотні краін-удзельніц ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG