Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны Крыж хоча сустрэцца з палітвязьнем Васьковічам


Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа накіравала запыт у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў, каб наведаць палітвязьня Яўгена Васьковіча ў магілёўскай турме № 4.

Таварыства Чырвонага Крыжа хоча высьветліць умовы ўтрыманьня ў турме палітвязьня Яўгена Васьковіча.

Пра гэта паведаміў генсакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Віктар Калбанаў у лісьце да эўрадэпутата Філіпа Качмарэка.

Эўрадэпутат Качмарэк зьвярнуўся да Чырвонага Крыжа з просьбай разгледзець сытуацыю зьняволенага Яўгена Васьковіча.

У мэдыях паведамлялася, што з кастрычніка 2011 году па студзень 2014 году палітвязень правёў у карцэры 247 дзён (каля 8 месяцаў).

Раней аргкамітэт Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі распачаў кампанію салідарнасьці з палітвязьнем Яўгенам Васьковічам, каб спыніць зьдзекі і катаваньні з боку адміністрацыі турмы № 4 у Магілёве.

«Крытычна і непрымальна, што пры росьце 186 сантымэтраў і вазе 65 кіляграмаў Яўгена зьмяшчаюць у ШЫЗА на 10–15 дзён штомесяц. Гэта можна параўнаць з умовамі ўтрыманьня вязьняў савецкага ГУЛАГу ці фашысцкіх канцлягераў. Мы лічым, што тое, што зараз адбываецца зь Яўгенам Васьковічам, зьяўляецца вельмі крытычнай і недапушчальнай сытуацыяй», — гаворыцца ў адмысловай заяве БХД.

Сябар аргкамітэту БХД Яўген Васьковіч асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за хуліганскія дзеяньні адносна будынку КДБ у Бабруйску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG