Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што напісаў Рышард Капусьцінскі перад сьмерцю


Рышард Капусьцінскі пасьпеў перад сьмерцю падрыхтаваць да друку шостую кнігу сваіх дзёньнікаў пад назваю «Ляпідарый». Ляпідарый — музэйны збор дойлідзкіх рэштак па замках і палацах, калёнах, статуях. У Капусьцінскага гэта — зафіксаваныя назіраньні за хутказьменным сьветам: за людзьмі, умовамі жыцьця. Адным словам — думкі майстра.

Ён пакінуў нам свае назіраньні чалавека, нават у натоўпе засяроджанага на сьціслай фіксацыі сваіх уражаньняў. Які за столікам кавярні фармулюе свае філязофскія развагі. Пасьля размовы з; філёзафам Ежы Лазінскім Капусьцінскі робіць запіс: «Мы пагадзіліся, што калі ня можам зьмяніць сьвет, то павінны прынамсі назіраць за ім і спрабаваць называць, тварыць новую мову, ствараць акрэсьленьне для зьяваў, якія дагэтуль не існавалі», бо толькі ў акрэсьленым сьвеце можна рацыянальна дзейнічаць, разумець яго...

Штаты. Месца на сацыяльнай лесьвіцы звонку можна вызначыць па памерах жывата, па фігуры, кажа аўтар. Тоўстыя — бедныя. Рэкляма заахвочвае не разнастайнасьцю ежы, ня іншасьцю, а памерамі порцый: «У тэлебачаньні безупынна стэйкі, курыныя ножкі, качыныя сьцёгны, індычыя грудкі, соўсы, поліўкі» і гэтак далей. Ежа паўсюль танная, а порцыі аграмадныя. Шакуе асабліва колькасьць зьяданага на сьняданьне. Дома ў Сюзан Зонтаг на талерках вялізныя крывавыя кавалкі ялавічыны, гаспадыня перакананая, што недасмажанае мяса карысна есьці.

Капусьцінскі дзеліцца сваім мэтадам працы: «Дэмантаж, дэканструкцыя таго, што мы бачым перад сабой. Калі, напрыклад, сядаем за столікам у кавярні і глядзім на вуліцу. Мова аб тым, каб вылучыць элемэнты, складовыя часткі людзкай плыні, якая праплывае перад нашымі вачыма». Яна рознакаляровая: «Патрэба фізычнага знаходжаньня сярод іншых, разам зь іншымі, знаходжаньня там, дзе тлум», людзям хочацца «адбівацца ў вачах іншых, назіраць чужыя твары, параўноўваць свае апраткі, чуць, быць». І яшчэ: у натоўпе ў наяўнасьці ўсе магчымыя тыпы паводзінаў — ад зычлівасьці да агрэсіі.

Раз-пораз Капусьцінскі вяртаецца да думкі аб тым, як зьмяняецца «культура сьвету». Усё больш пераважаюць цяперашні момант, «пасьпешны камэнтар, які павінен быць выказаны ўжо зараз», не марудзячы. «Мы жывем у культуры тут і зараз», што было ўчора — нікога больш не цікавіць, зазначае аўтар. Мала стала людзей пытаючых, затое шмат усё ведаючых. А вынікае гэта з таго, «што жывучы ў аглушаючым нас інфармацыйным шуме, у няспынным патоку дадзеных, мы робімся ўладальнікамі частковых ведаў», усе ўсё ведаюць і ўсе стараюцца гаварыць.

Праглядаючы заходнюю прэсу, ён робіць выснову: «усё больш штораз карацейшых, вырваных з кантэксту, павярхоўных інфармацый», і называе гэта «новай дэзінфармацыяй». Хаця далей сам сабе крыху пярэчыць: «Фрагмэнт? У якімсьці сэнсе ўсё ёсьць фрагмэнтам», паколькі мы рэдка фармулюем адно меркаваньне няўхільна, не перапыняючыся і не пераскокваючы на іншыя думкі. А іншым разам нават захапляецца, прачытаўшы ў самалёце Варшава-Нью-Ёрк сьвежы нумар Financial Times, што «сёньня дзённая газэта можа быць цікавейшай за цэлую кніжку!» І тым жа часам кнігі прыпадабняюцца да газэт «хвіліннасьцю, аднаразовасьцю, неадкладнай актуальнасьцю».

Рышард Капусьцінскі бачыць блізкую сабе думку ў The New York Review of Books, што датычыць вядомага «Дзёньніка пісьменьніка» Дастаеўскага. Яму ўдалося злучыць фікцыю і рэчаіснасьць, выкарыстаць разнастайныя жанры: «кароткія апавяданьні, анэкдоты, асабістыя ўспаміны, аўтабіяграфічныя нататкі, паведамленьні аб палітычных падзеях, сэнсацыйных судовых працэсах ды іншых бягучых падзеях ад эпідэміі самагубстваў да моды на сьпірытычныя сэансы». Такім чынам, робіцца выснова, Дастаеўскі зрабіў сьмелую спробу стварэньня новага літаратурнага жанру.

Пра сябе Капусьцінскі кажа: «Каб пісаць, я мушу адчуваць унутраны, што сыходзіць аднекуль з глыбіні мяне ціск слоў і вобразаў, якія патрабуюць каб іх занатавалі». Без такога ціску ён бездапаможны, нічога ня пішацца. А найлепшай «крыніцай энэргіі» для сябе пісьменьнік называў восень.

Назіраньні над грамадзтвам — таксама ў змесьце «Ляпідарыя-VІ». Згуртаванае рэагуе на пагрозу ўмацаваньнем шэрагаў. Незгуртаванае перад мацнейшым праціўнікам разьбягаецца, каб потым паспрабаваць вярнуць пакінутую тэрыторыю хітрасьцю, «лісінай тактыкай». Хаця «нішто не зьяўляецца адназначным. Нават айчына, паколькі яе ствараюць людзі, а яны розныя, добрыя і дрэнныя». Але: «Адны кіруюць сьветам, другія ёсьць сьветам» — цытата з Фэрнанда Пэсоа.

А якія парады майстра на добрае рэпарцёрства? Калі ласка: амаль што інструкцыя — «рэпарцёр павінен выглядаць звычайна, не вылучацца нічым асаблівым, каб лёгка ўваходзіць ў атачэньне, траціцца ў ім, зьнікаць ня толькі фізычна (выгляд, адзеньне), ня толькі праз свае паводзіны», але таксама ўнутрана, псыхічна ён не павінен мець у сабе ніякіх бар’ераў адносна навакольных. І далей: рэпарцёр «мусіць быць як маша больш ананімным», каб іншыя нічога наконт яго не маглі сказаць.

Але творцы бывае цяжка дасягнуць сваёй мэты, калі «сучасны сьвет перапаўняе тлум, кожны бяжыць у сваім кірунку, ніхто ні зь кім не размаўляе, ніхто нікім не цікавіцца». Самому табе, каб не згубіцца, трэба «быць уладальнікам самога сябе, мець прастору вакол сябе, прастору нябачную, аднак — непарушальную».

І яшчэ адна жыцьцёвая выснова Рышарда Капусьцінскага. Людзі дзеляцца на тых, хто кажа, што хоча напісаць кнігу і тых, хто напраўду піша, каб нешта выказаць... Сам ён быў з тых апошніх, якіх, як няцяжка здагадацца, меншасьць.
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG