Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траўмаваны фрыстайліст Рак чакае Кушніра


Дзьмітры Рак пра пераможны скачок Антона Кушніра: «Ты малайчына. Супэр скачок. Рады за цябе»

Дзьмітры Рак пра пераможны скачок Антона Кушніра: «Ты малайчына. Супэр скачок. Рады за цябе»

Былы беларускі фрыстайліст Дзьмітры Рак учора глядзеў па тэлебачаньні пераможны выступ свайго сябра Антона Кушніра, але сёньня пра гэта ўжо ня памятае.

Дзьмітры Рак 7 гадоў таму атрымаў траўму і мусіў пакінуць спорт. Гэтымі днямі ён глядзіць Алімпіяду, учора нават камэнтаваў сваёй маці выступ Антона Кушніра і ягоных супернікаў з Кітая. Але сёньня ўжо нічога ня памятае пра ўчарашнія спаборніцтвы.

З карэспандэнтам Свабоды Дзьмітры Рак здолеў толькі павітацца праз тэлефон, пасьля чаго перадаў слухаўку сваёй маці, Лідзіі Аляксандраўне.

Лідзія Рак паведаміла:

«Ён глядзеў спаборніцтвы, вельмі радаваўся за Антона Кушніра, адправіў яму СМС зь віншаваньнямі. Як раней і Але Цупер. Сёньня Антон ужо адказаў Дзіму», — паведаміла маці Дзьмітрыя Рака Лідзія Аляксандраўна і зачытала тэкст СМС сына да Антона Кушніра: «Ты малайчына. Супэр скачок. Рады за цябе». А Антон сёньня адказаў яму: «Дзякуй, Дзіма. Абдымаю цябе. Калі прыеду, сустрэнемся».

«Ён усе гэтыя скачкі ведае, і нават ацэньваў іх. А калі ўсё атрымлівалася добра, пляскаў у ладкі, радаваўся. Казаў, што вось за гэты скачок спартовец атрымае высокі бал. Нават я яго спытала пра скачок Антона, ці ён такі рабіў. Ён сказаў, што рабіў менш складаны. Антон зь пяцьцю круціў, а Дзіма сказаў, што спрабаваў такі скачок з чатырма».
Паводле Лідзіі Аляксандраўны, Дзьмітры нават выстаўляў свае адзнакі спартоўцам:
Ён усе гэтыя скачкі ведае, і нават ацэньваў іх. А калі ўсё атрымлівалася добра, пляскаў у ладкі, радаваўся

Пра падзеньне кітайскага спартоўца, паводле Лідзіі Аляксандраўны, Дзьмітры Рак сказаў, што той «перакруціў», а пра няўдачу аднаго зь беларусаў — што «не хапіла хуткасьці, а ў выніку і вышыні».

Пра здароўе сына Лідзія Аляксандраўна паведаміла:

«Вы ведаеце, у яго пацярпела кароткатэрміновая памяць, таму тое, што было цягам дня, ён крыху забывае. Але стараемся, працуем. Сябры, калі яго наведваюць, кажуць, што ён выглядае лепш. З намі працуе псыхоляг».

Лідзія Аляксандраўна мае пляны паехаць з сынам на лячэньне ў Нямеччыну, але на гэта не хапае грошай. Толькі выезд на кансультацыю запатрабуе, паводле яе падлікаў, 6 тысяч эўра, а само лячэньне — больш за 30 тысяч.

«У нас такіх грошай няма», — прызнаецца маці былога сябра зборнай краіны. Дзьмітры Рак атрымлівае пэнсію як інвалід, суму маці называць ня стала. Час ад часу, сказала Лідзія Аляксандраўна, яны атрымліваюць дабрачынную дапамогу. Маці згадала дапамогу ад Фэдэрацыі фрыстайлу і падтрымку ад асобных спартоўцаў, прычым ня толькі фрыстайлістаў.

«Нам дапамагала тэнісістка Вікторыя Азаранка, футбольны клюб „БАТЭ“, менскія гандбалісты ды іншыя спартоўцы, я ім усім вельмі ўдзячная», — кажа Лідзія Рак.

Паводле Лідзіі Рак, апошні раз журналісты наведвалі яе сына 2 гады таму, калі споўнілася 5 гадоў ад таго здарэньня ў Кітаі. А што да сяброў-спартоўцаў, то, паводле Лідзіі Аляксандраўны, яны яе сына не забываюць:

«Яму далі магчымасьць трэніравацца ў спартовай залі, каб падтрымліваць сябе фізычна. Мы стараемся не губляць шанцы на выздараўленьне».

У канцы 2009 году падчас падрыхтоўкі да чарговага этапу Кубку сьвету ў кітайскім Цзіліні сябар зборнай Беларусі па фрыстайле Дзьмітры Рак атрымаў складаную чэрапна-мазгавую траўму і больш за месяц быў без прытомнасьці. Тады спартоўцу было 30 гадоў, ён быў на хвалі посьпеху — напярэдадні стаў бронзавым прызэрам этапу Кубку сьвету ў Чэхіі. Пасьля здарэньня ў Кітаі Дзьмітры Рак ляжаў у Цэнтры нэўрахірургіі, а потым праходзіў рэабілітацыю ў клініцы «Аксакаўшчына» пад Менскам. У той час трэнэр зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека выказваў спадзяваньне, што Дзьмітрый вернецца ў склад каманды.
XS
SM
MD
LG