Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой Беларусі Домрачава мае права на бясплатны тэлефон і зубныя пратэзы


Дар'я Домрачава

Дар'я Домрачава

17 лютага пасьля трэцяй перамогі беларускай біятляністкі на Алімпіядзе ў Сочы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прысвоіў Дар’і Домрачавай званьне Героя Беларусі.

17 лютага пасьля трэцяй перамогі беларускай біятляністкі на Алімпіядзе ў Сочы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прысвоіў Дар’і Домрачавай званьне Героя Беларусі. Апроч яе, такое званьне маюць толькі 10 чалавек. Сярод іх трое кіраўнікоў калгасаў.

Герой Беларусі — гэта вышэйшая ступень адзнакі ў Рэспубліцы Беларусь. Заснаваная ў 1995 годзе. Прысвойваецца прэзыдэнтам за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам. Званьне можна атрымаць толькі адзін раз. Узнагароджаным уручаецца знак асаблівай адзнакі — мэдаль Героя Беларусі.

Упершыню званьне Героя Беларусі было прысвоена 21 лістапада 1996 году ўказам прэзыдэнта Беларусі падпалкоўніку авіяцыі Ўладзіміру Карвату (пасьмяротна) «за мужнасьць і гераічнасьць, выяўленыя пры выкананьні вайсковага абавязку». Карват адвёў свой палаючы самалёт ад жылых дамоў.

Таксама званьне Героя Беларусі атрымалі:

  • генэральны дырэктар «БелАЗ» Павал Марыеў — за працу на прадпрыемстве «БелАЗ»,
  • старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандар Дубко — за ўнёсак у разьвіцьцё сельскай гаспадаркі Гарадзенскай вобласьці,
  • старшыня агракамбінату «Сноў» Міхаіл Карчміт — за ўнёсак у разьвіцьцё сельскай гаспадаркі,
  • старшыня СКП «Кастрычнік» Гарадзенскага раёну Віталь Крамко — за працу ў калгасе «Прагрэс» і СПК «Кастрычнік-Гродна»,
  • гендырэктар Навукова-інжынэрнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белаўтатрактарабудаўніцтва» НАН Беларусі Міхаіл Высоцкі — за ўнёсак у разьвіцьцё беларускага аўтамабілебудаваньня,
  • кіраўнік праўленьня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч — за працу ў банкаўскай сыстэме Беларусі,
  • старшыня СКП «Прагрэс — Вярцелішкі» Васіль Равяка — за працу ў СПК «Прагрэс — Вярцелішкі»,
  • кіраўнік дзяржаўнай установы культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры» Міхаіл Савіцкі — за разьвіцьцё беларускага жывапісу,
  • мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт — за выключны асабісты ўклад у духоўнае адраджэньне беларускага народу.

Уладальнікі ўзнагароды «Герой Беларусі» маюць шэраг прывілеяў, якія рэгулююцца законам «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў». Сярод іншага, званьне «Героя Беларусі» дае права на дармовыя лекі і зубныя пратэзы, санаторна-курортнае лячэньне, на бясплатны праезд на ўсіх відах грамадзкага транспарту за выключэньнем таксі, а таксама на бясплатнае карыстаньне хатнім тэлефонам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG