Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі «Беларускага пяціборства»: гісторыя — кепска, беларуская мова — крыху лепш


Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі

У Магілёве Таварыства беларускай мовы падвяло вынікі і ўзнагародзіла пераможцаў штогадовага інтэлектуальнага спаборніцтва для школьнікаў «Беларускае пяціборства-2014».

Перамагла ў беларускамоўным спаборы вучаніца дзевятай клясы бабруйскай гімназіі № 3 Ангеліна Жыркевіч. Летась яна таксама была пераможцам «Пяціборства». Другое месца журы аддало магілёўскаму дзевяціклясьніку першай магілёўскай гімназіі Алесю Баравікову. Трэцяе месца — у бабруйскай адзінаццаціклясьніцы Дар’і Кураксы з 21 школы.

Традыцыйна спаборнікі адказвалі на пытаньні па пяці школьных прадметах: матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, літаратуры й мове. Адказы вучні падаваліся толькі па-беларуску. Якасьць мовы таксама ўлічвалася пры падвядзеньні вынікаў.

Сябра ТБМ Міхась Булавацкі, які прыдумаў «Беларускае пяціборства», адзначае, што сёлета балы за якасьць мовы былі крыху вышэйшыя, чым летась. І гэта, на ягоную думку, ня можа ня радаваць. Тым ня менш ён адзначае, што раней школьнікі вясковых школ паказвалі добрую мову, цяпер жа сытуацыя зьмянілася:

«Вёска па інэрцыі імкнецца да гораду, і я мяркую, што выглядае так: горад расейскамоўны — і беларуская мова не патрэбная. У нас амаль што не засталося беларускамоўных школ у вёсках, а калі ёсьць, то намінальна лічацца беларускамоўнымі. Усё роўна настаўнікі знаходзяць расейскія падручнікі і выкладаюць дысцыпліны па-расейску. У вучняў такая трасянка ў найлепшым выпадку. А ў гарадах жа ёсьць вучні, якія ведаюць мову лепш за вяскоўцаў».

У намінацыі «Мова і літаратура» перамагла вучаніца дзевятай клясы першай магілёўскай гімназіі Паліна Шарапава.

Міхась Булавацкі таксама адзначае, што па гісторыі ўдзельнікі «Пяціборства» паказалі дужа кепскія веды. Пытаньні з гісторыі, прызнаецца ён, выкарыстоўваюцца апошнім часам на спаборніцтве найперш дзеля асьветніцтва:

«Па гісторыі ў нас было пытаньне: „Які пяцісотгадовы юбілей мы будзем адзначаць 8 верасьня гэтага году?“ Толькі адзін чалавек адказаў на гэтае пытаньне — Алесь Баравікоў. Другое пытаньне было зьвязана зь юбілеем 17 верасьня — 75 гадоў аб’яднаньня ўсходняй і заходняй Беларусі. На яго ніхто не адказаў. Па сканчэньні спаборніцтва ўсе 19 удзельнікаў атрымалі адказы на гэтыя пытаньні і цяпер будуць ведаць, а празь іх, можа, будуць ведаць іхныя бацькі ды сябры».

Міхась Булавацкі лічыць невыпадковым, што школьнікі слаба валодаюць беларускай мовай і кепска ведаюць гісторыю — знакавыя падзеі беларускай мінуўшчыны. Гэтыя школьныя прадметы, лічыць Булавацкі, у беларускай сыстэме адукацыі адсунутыя на ўскраек адукацыйнага працэсу.

«Такое стаўленьне да гісторыі ідзе яшчэ з Савецкага Саюзу, калі нас вучылі розным партыйным зьездам ці нейкай далёкай гісторыі, дзе беларусаў зусім не было. І потым яны чамусьці зьявіліся пасьля 1917 году. Майму пакаленьню гэта было нецікава, і збольшага мы да такой гісторыі ставіліся нэгатыўна. І цяпер такі ж падыход, што, маўляў, гісторыя — гэта такая навука несур’ёзная, і, адпаведна, да яе стаўленьне такое», — лічыць Міхась Булавацкі.

Сёлета «Беларускае пяціборства» адбылося 13-ты раз. Пераможцаў урачыста ўганаравалі на пэдагагічным факультэце Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Ва ўнівэрсытэце і праводзілася само «Пяціборства». Пераможцы атрымалі дыплёмы і каштоўныя падарункі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG