Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка ня хоча спрачацца з Лукашэнкам


Анатоль Шумчанка, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва», кажа, што ня будзе адказваць Аляксандру Лукашэнку, які публічна абрынуўся на яго.

«Я не хачу адказваць на гэты выпад і ўступаць у палеміку з Лукашэнкам. Для мяне істотны вынік, якога трэба дамагчыся, — каб прадпрымальнікі спакойна жылі і працавалі. Тое, што прайшла нарада і ўлады ў роздуме адносна ўказу, сьведчыць, што мы свайго дамагліся», — кажа Шумчанка.

18 лютага Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па праекце ўказу «Аб некаторых пытаньнях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі» перасьцярог прадпрымальнікаў: «Я ведаю, вы людзі нябедныя і можаце замовіць у жоўтай прэсе любы артыкул, але вам раю гэтага не рабіць, таму што можна атрымаць адваротную сытуацыю. І ганіце ад сябе ўсялякіх там Шумчанку (...) каб яны нават блізка каля вас не хадзілі. У іх няма нічога з вамі агульнага і быць ня можа, ім трэба іншае».

І ганіце ад сябе ўсялякіх там Шумчанку
Аляксандар Лукашэнка
Гэтыя словы Шумчанка называе «працоўнымі момантамі».

«І я хачу, каб усе да іх ставіліся як да працоўных момантаў, — кажа кіраўнік „Пэрспэктывы“. — Мая роля можа камусьці не падабацца. Вось яна не падабаецца Лукашэнку... Мне таксама шмат што не падабаецца. Але кожны застанецца пры сваім. Я ня буду ўступаць у палеміку, бо інтарэсы Радзімы важней за ўсё».

Паводле праекту ўказу ІП, якія выплачваюць адзіны падатак пры розьнічным гандлі таварамі, абавязаныя перавозіць, захоўваць і рэалізоўваць гэтыя тавары на падставе дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць набыцьцё тавараў.

Самі прадпрымальнікі канстатуюць: у Расеі, адкуль яны прывозяць большую частку свайго тавару, цяжка пры адгрузцы атрымаць пацьвярджальныя дакумэнты.

Будучы ўказ закранае працу прыкладна 60 тысяч ІП, якія ўвозяць і прадаюць тавары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG