Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БТ назвала выступ Домрачавай у Сочы «подзьвігам»


Эмоцыі ў камэнтарах і рэпартаж дзяржаўных СМІ Беларусі з нагоды перамог беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Сочы сапраўды зашкальваюць.

«Гэтую Алімпіяду цалкам можна называць беларускай. Мы пакінулі ззаду многіх усясьветных гігантаў...

Менавіта такіх людзей называюць легендамі. Тры золата на адной Алімпіядзе — вынік унікальны ў гісторыі сусьветнага спорту, і яго аўтар — наша Дар’я Домрачава! У нашай краіне такія вынікі шануюцца асабліва. За подзьвіг, зьдзейсьнены Дар’яй Домрачавай у алімпійскім Сочы, прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэньне прысвоіць трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы званьне Героя Беларусі. Вышэйшая дзяржузнагарода нашай краіны ўручаецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам. У сьпісе Герояў Беларусі да гэтай пары значылася ўсяго 10 чалавек, якія прадстаўляюць розныя сфэры. Аднак упершыню званьне Героя Беларусі прысвоена прадстаўніку спартыўнай галіны. За беларускі сьцяг, які ўздымаецца над алімпійскай сталіцай, за наш гімн, які зноў прагучыць у Сочы, мы не стамляемся казаць дзякуй, — гэтак камэнтуе трэцяе золата Дар’і Домрачавай на Алімпіядзе ў Сочы тэлеканал «Беларусь-1», які адмыслова падкрэсьлівае, што ў апошні час біятлён у Беларусі імкліва разьвіваецца, і гэта «вынік падтрымкі дзяржавы».

Тэлеканал АНТ адзначае, што Дар’я Домрачава ўвайшла ў элітны клюб спартоўцаў, якія атрымлівалі тры і больш залатых узнагародаў цягам адных Алімпійскіх гульняў:

«Дзясяты дзень у Сочы зноў стаў беларускім, — сьцьвярджае журналіст АНТ.— Беларусь трымае гістарычнае 7-е месца ў агульным мэдалёвым заліку».

Тэлеканалы па некалькі разоў паказалі, які першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Ігар Рачкоўскі зачытвае віншаваньні пераможцам ад Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасьці Домрачавай:

«Дарагая Даша! Гэта грандыёзны посьпех! Ты проста маладзец. Уся Беларусь у захапленьні ад тваёй новай перамогі. Заваяваўшы званьне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі, ты зьдзейсьніла подзьвіг. Гісторыя сучаснасьці ня ведае падобных выпадкаў. У нашай Айчыне подзьвігі шануюць асабліва. Ад усёй душы віншуем цябе з прысваеньнем вышэйшай узнагароды Радзімы — званьня «Герой Беларусі».

Пераможцам Алімпіяды Дар’і Домрачавай, Але Цупер і Антону Кушніру ўжо ўручылі сэртыфікаты на суму 100 мільёнаў рублёў ад прэзыдэнцкага спартовага клюбу. Гэтыя грошы пойдуць на разьвіцьцё біятлёну і фрыстайлу ў дзіцячых і юнацкіх школах. Апрача таго за кожнае золата пераможцаў Алімпіяды чакае прэмія ў памеры 150 тысяч даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG