Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шаршун нядаўна даведаўся пра сапраўдны беларускі сьцяг. Цяпер ён апантана шукае інфармацыю пра гісторыю бел-чырвона-белага сьцяга, вывешвае нацыянальныя сьцягі на бальконе кватэры і на лецішчы, адстойвае сьцяг перад міліцыяй і чакае суду.

Пасьля інцыдэнту, калі міліцыянты уварваліся ў кватэру Віктара Шаршуна, вывалаклі яго на лесьвічную пляцоўку, забралі сьцяг, зьбілі і адвезьлі ў пастарунак, была заведзеная адміністрацыйная справа. Не на міліцыянтаў, якія пабілі інваліда, а на яго самога.

Віктар Шаршун абвінавачваецца паводле арт. 23.4 (непадпарадкаваньне распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы) КаАПП Рэспублікі Беларусь.

Цяпер Віктар чакае позвы ў суд. Тым часам ён распавёў Свабодзе пра сваё жыцьцё, хобі і валянтэрскую дзейнасьць.

Як бел-чырвона-белы стаў сваім


Віктар Шаршун распавёў, што толькі нядаўна пачаў знаёміцца з гісторыяй бел-чырвона-белага сьцяга.

«У канцы мінулага году я даведаўся, што ўладамі разглядаецца пытаньне пра тое, каб надаць сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Тады ж я даведаўся, што яшчэ на пачатку 90-х гадоў гэты сьцяг быў дзяржаўным і прэзыдэнт пад ім прымаў прысягу. Усюды ён быў, і ўсё было добра. Пасьля чамусьці ён прапаў. Я нават яшчэ не знайшоў інфармацыі, з-за чаго гэта здарылася», — кажа мужчына і дадае, што быў бы вельмі ўдзячны за любую літаратуру пра сьцяг.

«Такі сьцяг у мяне на лецішчы пастаянна вісіць. Там яго ніхто не чапае. А ў Менску ўпершыню я вывесіў яго 19 сьнежня 2013 году. Тады сьцяг правісеў які тыдзень, затым таемна зьнік. Я думаю, што да яго дацягнуліся зь ніжэйшага паверха, з даху крамы. Тады сьцяг вельмі нізка вісеў, дрэўка зламалі. Пасьля я пэўны час ня быў у горадзе. А калі вярнуўся, то набыў новы сьцяг і павесіў яго па-іншаму, каб немагчыма было дастаць. Пакуль былі маразы, усё спакойна было. А як пацяплела, то, відаць, камусьці стала нязручна глядзець на яго».

Палітычныя сымпатыі


Ні да якіх палітычных арганізацыяў Віктар Шаршун не належыць. Кажа, што ёсьць адзін чалавек у дэмакратычным коле, які выклікае давер, але назваць прозьвішча палітыка не асьмельваецца. Затое на акцыях, якія ладзіць апазыцыя, спадар Віктар — заўсёдны ўдзельнік.

«Сьцяг я вывесіў, вядома, не выпадкова. Справа ў тым, што я разам са сваім сябрам, інвалідам-вазочнікам, наведваю апазыцыйныя акцыі. Хаджу на Чарнобыльскі шлях, іншыя вулічныя акцыі, каб дапамагчы гэтаму сябру перамяшчацца на вазочку».


Інвалід


Віктар Шаршун — таксама інвалід. Чатыры пальцы на левай руцэ ён страціў яшчэ ў 1991-м, працуючы на станку ў каапэратыве. Далі ІІІ групу. Распавядае, што яшчэ паўтара года давялося судзіцца з кіраўніцтвам, бо тыя хацелі давесьці, што ён сам вінаваты. Але цяпер атрымлівае тры мільёны семсот тысяч кампэнсацыі за шкоду здароўю. А дапамога па інваліднасьці ад дзяржавы — 155 тысяч.


Не ўзялі плітачнікам


Віктар Шаршун хоча працаваць, але выявілася, што для інваліда трэцяй групы гэта праблема:

«З маёй групай я ня мог знайсьці працу, якая мне падабаецца. Мяне не пускалі. Я хацеў працаваць маляром, плітачнікам ці штукатурам, але паводле розных бюракратычных правілаў мяне не маглі ўзяць на гэтую працу, якую я б мог і хацеў выконваць. У іншых краінах людзі з такой жа групай інваліднасьці могуць працаваць, дзе яны хочуць. А ў нас — не. Калі я шукаў працу, мне прапаноўвалі толькі пасады вартаўніка, дворніка, ахоўніка ці кладаўшчыка».

Валянтэр


15 гадоў Віктар Шаршун актыўна дапамагаў у рэабілітацыі інвалідаў-вазочнікаў на зборах і летніках.

«Пасьля паступова гэтая справа ў нас у краіне заглухла. Ці то ня стала каму займацца, ці сродкаў ня стала на гэтую справу. Таксама стала вельмі цяжка атрымліваць гуманітарную дапамогу. Калісьці дапамагала швэдзкая арганізацыя, перадавала вазкі, мэдычнае абсталяваньне. А цяпер стала вельмі цяжка. Таксама перасталі арганізоўваць летнікі актыўнай рэабілітацыі, якія ладзіліся, напрыклад, у Барысаве», — распавядае Віктар Шаршун.

«Калі дапамагаеш інваліду, то трэба псыхалягічна і фізычна пастаянна быць з чалавекам. Дапамагаць яму, абараняць яго падчас заняткаў, калі ён пераадольвае розныя перашкоды. Трэба быць побач з чалавекам, калі ён, напрыклад, вучыцца самастойна надзяваць шкарпэткі. Гэта вельмі доўгі працэс і вельмі складаны. На маіх вачах чалавек, які надзяваў шкарпэткі дзьве гадзіны, навучыўся гэта рабіць за хвіліну», — узгадвае Віктар досьвед удзелу ў рэабілітацыйных летніках.

Цяпер Віктар Шаршун адышоў ад актыўнай дапамогі інвалідам: у самога праблемы са здароўем, на яго месца прыйшлі маладзейшыя. Але кажа, што ніколі не адмаўляецца ад гэтай справы. І заўсёды гатовы дапамагчы, чым можа.

Абаронца жывёл


Дапамагае Віктар Шаршун і бяздомным жывёлам.

«Я ня сябра якіх-небудзь дабрачынных арганізацыяў. Дапамагаю за свой кошт, чым магу і як магу. Я лічу, што абарона жывёлаў у нашай краіне — пытаньне апошняе. Ніхто не выконвае правілы абыходжаньня зь імі, няма законаў, якія караюць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Калі актывісты падпісваюць звароты да кіраўніцтва краіны, ніякіх адказаў не прыходзіць. Я ведаю, што ёсьць арганізацыі, якія дапамагаюць жывёлам, але я супрацоўнічаю зь іх валянтэрамі праз трэція рукі, самі арганізацыі не падтрымліваю», — апавёў Віктар Шаршун.

Без тэлевізара


Улюбёны занятак Віктара Шаршуна ў вольны час — чытаньне:

«Апошняя кніга, якую я прачытаў, была пра жыцьцё Яна Паўла ІІ. Мне яе падарылі ў касьцёле. Таксама з апошняга — невялікая брашура пра падарожжы па Беларусі.

Алімпіяду не гляджу. Нават адкрыцьця не глядзеў. Па-першае, тэлевізар такі, што то ідзе, то не ідзе. Але я яго практычна і не ўключаю. Навіны, у тым ліку і пра Алімпіяду, даведваюся ў інтэрнэце», — распавядае Віктар Шаршун.

Цяпер Віктар Шаршун чакае позвы ў суд. На мінулым тыдні ён атрымаў даведку са станцыі хуткай дапамогі пра тыя траўмы, якія нанесьлі яму міліцыянты.
XS
SM
MD
LG