Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» судзіцца з Генпракуратурай


Сайт «Вясны»
Сайт «Вясны»

Скарга намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» на рашэньне Генпракуратуры аб унясеньні сайту spring96.org у сьпіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў будзе разгледжаная ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 18 лютага.

Генпракуратура паведаміла праваабаронцу, што дзеяньні ад імя праваабарончай арганізацыі «Вясна», якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчаць заканадаўству. Акрамя таго, за арганізацыю дзейнасьці або ўдзел у працы незарэгістраванай арганізацыі прадугледжаная крымінальная адказнасьць.

«У сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе spring96.org разьмяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеяньні, забароненыя заканадаўствам, Генпракуратурай у жніўні 2011 году вынесена пастанова аб уключэньні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнэт-рэсурса ў сьпіс абмежаванага доступу», — паведаміла Генпракуратура.

Валянцін Стэфановіч просіць суд прызнаць пастанову Генпракуратуры неправамоцнай і скасаваць яе.

Як кажа праваабаронца, паводле Канстытуцыі абмежаваньне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Раней Стэфановіч зьвяртаўся ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар, які зацьвярджаў пастанову аб абмежаваньні доступу інтэрнэт-карыстальнікаў да асобных сайтаў, і ў Беларускую дзяржаўную інспэкцыю электрасувязі, якая непасрэдна фармуе сьпісы абмежаванага доступу. Аднак гэтыя ўстановы не прадставілі інфармацыі пра тое, хто ініцыяваў унясеньне сайту spring96.org у «чорны сьпіс».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Сьпіс дзяржаўных установаў, якія маюць права прымаць такое рашэньне, не абмежаваны. У выніку я зьвярнуўся ў Генпракуратуру, дзе мне паведамілі, што яны прымалі гэтае рашэньне ў жніўні 2011 году, акурат калі арыштавалі Алеся Бяляцкага. У зьвязку з тым, што „Вясна“ не зарэгістраваная».

Як адбілася на працы сайта тое, што ён унесены ў сьпіс абмежаванага доступу? Валянцін Стэфановіч патлумачыў карэспандэнту Свабоды:

«Сайт можна наведваць дома, тут праблемаў ніякіх няма. Але ён заблякаваны для дзяржаўных установаў і ўстановаў Міністэрства адукацыі — унівэрсытэтаў, тэхнікумаў і студэнцкіх інтэрнатаў. То бок студэнты, якія жывуць у студэнцкіх інтэрнатах, напрыклад, наш сайт наведваць ня могуць. Ці адчуваем мы гэта? У нас наведвальнасьць, як для праваабарончага сайту, у прынцыпе, досыць вялікая. Але тут жа пытаньне прынцыпу. Я лічу, што гэта проста цэнзура. І што гэта за такая падстава для абмежаваньня — арганізацыя не зарэгістраваная? Ну і што? Мы ж не прапагандуем ні экстрэмізм, ні тэрарызм. Мы выказваемся адносна сытуацыі ў краіне, дык мы маем поўнае права гэта рабіць. Я лічу, што гэтае абмежаваньне недапушчальнае і мы маем права на распаўсюд інфармацыі і выказваньне свайго меркаваньня».

У «чорны сьпіс» трапілі сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», «Хартыя’97», «Беларускі партызан», а таксама электронны абменьнік валют «Пракаповіч» і блог Яўгена Ліпковіча ў Livejournal.

Упершыню сайт spring96.org паспрабуе дамагчыся выключэньня з «чорнага сьпісу» праз суд.

У сьпіс забароненых унесена больш за 80 сайтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG