Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для большасьці нашых выбарцаў дэпутат — той, хто можа даць грошы»


Зінаіда Мілешчанка

Зінаіда Мілешчанка

На Магілёўшчыне ў райцэнтры Круглае прэтэндэнтка на дэпутацтва ў райсавет Зінаіда Мілешчанка, сабраўшы подпісы ў сваю падтрымку, вырашыла ня ўдзельнічаць у выбарах. У Быхаве ў тых, хто падпісаўся за апазыцыйнага вылучэнца ў аблсавет Сяргея Антонава, выпытваюць чаму яны тое зрабілі. Прэтэндэнт на дэпутацтва лічыць, што такім чынам ціснуць на выбарцаў.

Зінаіда Мілешчанка ўжо была дэпутаткай райсавету. Абралі яе туды як вылучэнку ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Цяпер жа пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты райсавету яна наважылася была атрымаць як незалежная прэтэндэнтка. Мілешчанка тлумачыць: зьбіраючы подпісы, яна высьвятляла ў людзей, чаго яны чакаюць ад дэпутатаў і як да іх ставяцца:

«Дзевяноста працэнтаў насельніцтва не разумеюць, што такое дэпутаты. Быў у нас тут дэпутатам Канаплёў, сябар Лукашэнкі, вось ён прывык грошы раскідваць налева і направа, бо яны ў яго былі. І вось у людзей стаўленьне такое да дэпутатаў — а што ты нам дасі? Для многіх выбары — як у савецкі час: начальства сказала, і пайшоў па звычцы. Таму ісьці ў дэпутаты — гэта падманваць людзей», — тлумачыць адмову ўдзельнічаць у выбарах Зінаіда Мілешчанка.

Суразмоўніца лічыць, што жыхары беларускай глыбінкі ня маюць нават уяўленьня, як жыць ва ўмовах дэмакратыі. Паводле яе — гэта значыць быць адказнымі і актыўнымі. А гэтыя якасьці ў людзей атрафаваліся. Параўноўваючы часы свайго дэпутацтва, а гэта было восем гадоў таму, зь цяперашнімі, Зінаіда Мілешчанка адзначае:

«Людзі тады верылі й былі сьмялейшыя. Не было нэгатыўнага стаўленьня наагул да ўлады. Людзі лічаць, што калі цябе выберуць у дэпутаты, ты ў „Доме саветаў“ будзеш, як мне адна сказала: „Ты лезеш і лезеш у гэтае карыта, калі ўжо сунімесься“. Што такое жыць у дэмакратычнай краіне — для нашага народу ніхто не адкрыў. І тыя некалькі гадоў Шушкевіча — яны толькі глыток сьвежага паветра далі».

Сяргей Антонаў

Сяргей Антонаў

У Быхаве мясцовы вылучэнец у дэпутаты аблсавету, сябра партыі БНФ Сяргей Антонаў заяўляе: яму скардзяцца тыя, хто падпісаўся ў яго падтрымку, што ў іх выпытваюць, чаму яны тое зрабілі. Паводле вылучэнца, з 157 падпісантаў паскардзіліся больш за дзясятак чалавек.

«Мяне хочуць зьняць з „прабегу“. У іх ёсьць два сваіх кандыдаты ў абласны савет. Я ім не патрэбны, бо магу дэстабілізаваць усе выбары тут. І вось яны так запалохваюць людзей. Мне ўжо кажуць: „Мы за цябе падпісалі, і што — нас цяпер з працы выганяць?“ І што мне адказваць людзям? Вось званок цяпер — выхавацелька зь дзіцячага садку. У яе загадчыца пыталася, якая ня мае ніякіх адносінаў да камісіі: „Навошта вы расьпісваліся за Антонава, навошта дачка расьпісалася? І ці яна гэта расьпісалася? Ці вы яе прымусілі, ці не?“»

Партыец паскардзіўся на факты запалохваньня падпісантаў у Быхаўскую акруговую выбарчую камісію.

Пётар Шымбалёў

Пётар Шымбалёў

У Бялыніцкім раёне выбарчых эксцэсаў не зафіксавана. Тамтэйшы незалежны вылучэнец Пётар Шымбалёў да выбараў змагаўся, як ён кажа, зь несправядлівасьцю ў будаўніцтве. Пасьля ягоных скаргаў было шмат скандалаў. Чыноўнікі і дэпутаты пазьбягалі дапамагаць людзям, і ён вырашыў сам стаць дэпутатам. Пра высновы зь першага выбарчага этапу Пётар Шымбалёў кажа:

«Большая частка людзей ня верыць у справядлівыя выбары. Я калі хадзіў і зьбіраў подпісы, я запытваў у людзей: „Чатыры гады таму — ці памятаеце, за каго вы галасавалі?“ Яны адказваюць, што ня памятаюць. Апошнія гады, як я разумею, і выбараў паўнавартасных не было, і ў людзей веры, што дэпутат нешта зможа, няшмат, але ж я ўсё ж паспрабую».

Паводле афіцыйных зьвестак, у мясцовыя саветы ўсіх узроўняў вылучыліся 5182 прэтэндэнты на дэпутацтва. Заяўляецца, што кампанія праходзіць у штатным рэжыме. У выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазыцыі няма. Пра намер балятавацца ў дэпутаты мясцовых саветаў заяўлялі больш за 80 апазыцыянэраў. Ня ўсе зь іх сабраныя подпісы падалі ў камісіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG