Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: чаму наш сьвет ужо ніколі ня будзе ранейшым


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Колькі людзей па ўсёй Украіне цягам апошніх трох месяцаў далучыліся да Майдану? Маю на ўвазе ня толькі выхад на плошчу.

Збор сродкаў і рэчаў, вызваленьне начальнікам супрацоўнікаў з працы для ўдзелу ў пратэстах, бясплатнае пітво ў кавярнях, начлег у сябе дома для прыежджых актывістаў. Байкот тавараў і паслуг бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць уладную Партыю Рэгіёнаў. Усё гэта ўдзел у Майдане.

Тэзіс «хай іх выходзіць мільён, але гэта мала адносна ўсёй краіны» – маніпуляцыйны. Праз канкрэтныя ўчынкі ў пратэсьце бяруць удзел не мільён, і ня два.

Магчыма, самы галоўны прамежкавы вынік Майдану – гэта каласальная колькасьць людзей, якая ўпершыню ў сваім жыцьці ў маштабах краіны атрымалі досьвед салідарнасьці і самаарганізацыі.

Гэта той досьвед, які ўжо кардынальна адрозьнівае Ўкраіну ад Расеі ды большасьці іншых «братоў» па нядаўняй імпэрыі.


***

Мае ўкраінскія калегі пагаджаюцца, што па колькасьці дасьведчаных у адміністрацыйных пасадках на суткі і досьведзе разгону масавых дэманстрацый беларусы больш дасьведчаныя за ўкраінцаў. Хутчэй сур’ёзна, чым жартам кажуць: «Каб жа не давялося беларусам рабіць сэмінары для ўкраінцаў на падставе свайго сумнага досьведу».

Колькі соцень тысяч беларусаў прайшлі праз масавыя акцыі ад 1996 па 2011? І толькі невялікая колькасьць зь іх атрымала досьвед першых спробаў самаарганізацыі на менскіх Плошчах ў 2006 і 2010. У першым выпадку, калі дапамагалі харчамі тым, хто паставіў намёты. У другім – калі дапамагалі сотням затрыманых: зборам сродкаў і рэчаў.

Але за гады вулічных пратэстаў беларусы так і не навучыліся стаяць да ўпору, а не маршаваць туды-сюды. І верыць у тое, што сабраўшыся разам, штосьці можна зьмяніць.

Сьвет ніколі ня будзе іншым у тым ліку і для нас – беларусаў, бо ўпершыню мы ўбачылі, што савецкая сыстэма, якая засталася ад СССР, можа даць слабіну ня толькі дзесьці далёка – у Азіі, ці на Каўказе, а зусім побач.

Сыстэма вяршэнства дзяржаўнай улады, якая робіць мізэрнай магчымасьць грамадзяніна ўплываць на свой удзел у дзяржаве, можа зьмяніцца. Прынамсі, можа пачаць зьмяняцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG