Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Прачытаўшы ў «Нашай Ніве» артыкул пра сьмерць маладой жанчыны пасьля родаў у менскай радзільні, я падумала: няўжо дагэтуль у Беларусі жанчын пасьля родаў пакідаюць адных на некалькі гадзінаў на каталцы ў калідоры, як гэта было са мной 20 гадоў таму.

У 1993 годзе я нарадзіла дачку. Гэта быў найшчасьлівейшы момант у маім жыцьці. Пасьля родаў мяне вывезьлі на каталцы ў калідор, дзе я некалькі гадзінаў адна чакала, пакуль мяне перавязуць у палату. Як мне патлумачылі, гэта зьвязана з тым, што пасьля родаў жанчынам лепей знаходзіцца непадалёк ад родавай залі, каб у выпадку небясьпечнай сытуацыі можна было тэрмінова аказаць дапамогу.

Так у калідоры ляжала пасьля родаў сёлета ў студзені маладая менская настаўніца Ганна. У яе пачаўся крывацёк і лекары пасьля некалькіх апэрацый ня здолелі захаваць ёй жыцьцё. Родныя жанчыны абвінавачваюць лекараў у тым, што яны не даглядзелі жанчыну пасьля родаў, што нібыта была перазьменка і да яе доўга ніхто не падыходзіў у калідоры.

Ня буду разьбірацца, што адбылося насамрэч у менскім раддоме. Гэта справа сьледчых і суду. Паводле статыстыкі, мацярынская сьмяротнасьць у Беларусі вельмі нізкая, ад 2010 году гэты паказьнік складае 0,9 на 100 тысячаў жыванароджаных ці адзін выпадак на год. Гэта самы нізкі паказьнік у СНД, ён знаходзіцца на ўзроўні краінаў Заходняй Эўропы, паводле экспэртаў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. І таму выпадак у менскай радзільні, безумоўна, нетыповы і зьяўляецца надзвычайнай сытуацыяй.

Але я б хацела зьвярнуць увагу на іншае, на калідор, у якім жанчына пасьля родаў у самоце чакае, пакуль яе перавязуць у палату.

На маю думку, большай непавагі да жанчыны, якая толькі што нарадзіла дзіця, уявіць нельга. Жанчына перанесла цяжкае выпрабаваньне, яна спустошаная, яна шчасьлівая. І ў першыя моманты, калі яна ўсьведамляе сябе маці, яна адна ў бальнічным калідоры. Ёй кладуць на жывот лёд і пакідаюць адну. Побач могуць мыць падлогу санітаркі, хадзіць па сваіх справах лекары, але яна адна са сваімі думкамі ў самым непаважным месцы ў шпіталі. Разглядае белыя халодныя сьцены...

Калі так было са мной амаль дваццаць гадоў таму, ад мэдыцыны і лекараў не чакалі далікатнасьці. Гэта былі першыя постсавецкія гады. На парадзіху крычалі падчас родаў, ніхто не прапаноўваў абязбольваньне ці індывідуальны дагляд. Нават калі ў цябе быў так званы «блат», усё роўна абыходжаньне з жанчынай, якая прыносіць у сьвет новага чалавека, было традыцыйна пераважна грубым. Думаю, не памылюся, што гэта можа пацьвердзіць пераважная большасьць жанчынаў, якія прайшлі празь беларускія радзільні за савецкім часам і пасьля.

І гэта ў некаторай ступені пацьвердзілася, калі я падзялілася сваімі меркаваньнямі ў Фэйсбуку.

Ксенія: Дасюль і крычаць, і не па сусьветных стандартах роды прымаюць (маю на ўвазе псыхалягічны камфорт у першую чаргу), і па 12 гадзінаў пасьля родаў дзіця не даюць да грудзей прыкласьці, наогул не прыносяць, без дазволу кормяць сумесямі. Ай... Пра беларускую мэдыцыну страшна думаць. Ня дзіва, што беларускія сяброўкі масава адмаўляюцца ад радзільняў нават зь першымі дзецьмі. Большага прыніжэньня для жанчыны цяжка прыдумаць.

Натальля: У сьнежні 2008 году на мяне так жа крычалі санітаркі падчас родаў. Нічога не мяняецца.

Сьвятлана: На калідор выкатваюць да гэтага часу. Як у 1993 годзе, так ў 2001 годзе, у 2014 і, падобна, у найбліжэйшай будучыні будуць працягваць выкатваць. Жудасны выпадак, трагедыя для сям'і. Але ж ня ўсе выпадкі выходзяць вонкі.


Мужчыны, удзельнікі дыскусіі прапанавалі, як падаецца, аптымальны варыянт – партнэрскія роды.

Юры: вось чаму трэба нараджаць разам з мужам. Я тройчы нараджаў, а жонка побач была))) і першы раз у менскім раддоме № 2 усю ноч цягаў на сабе жонку з кропельніцай у прыбіральню.

Яго ж падтрымалі і праскія беларусы:

Ксенія: У нас у Празе акурат усё добра. На мужчынаў, якія не прысутнічаюць на родах, дзіўна паглядаюць, а цяпер модна стала яшчэ й доўлу браць, то бок агулам двух чалавек. Гэта ў Беларусі дыктатура і «думать нужно было, когда с мужем спали, а сейчас не кричите», чаму я б ўласна і нараджала дома з акушэркай.

А вось віленская беларуска лічыць, што ўсё залежыць не ад краіны,і палітычнага ладу, а ад людзей.

Тацяна: Я нараджала сына у тым жа 1993, які быў для Літвы, для Вільні значна цяжэйшы, чым для Беларусі – у нас была блякада, я нараджала ў шпіталі Сьвятога Якуба. Нястача была такая, што нават кропельніцы трэба было свае мець... і парадкі яшчэ самыя найсавецкія, – але да Мамаў і Дзетак там было чалавечае стаўленьне. Яно вызначалася не інструкцыямі, ня хабарамі.. У сэрцах работнікаў была любоў, чалавечнасьць, і, пэўна, гонар за сваю працу. Мусіць быць галоўнае – і гэта ня грошы і ня тэхніка і не інструкцыі. Любоў. Чалавечнасьць.

Зразумела, тое, што для жанчын, якія раз ці некалькі ў жыцьці прыходзяць у радзільню, зьяўляецца найважнейшай падзеяй, для лекараў і акушэрак – руціна і штодзённая праца. Парадзіха ў калідоры каля радзільнай залі – гэта зручна для лекараў. Да таго ж напэўна не хапае памяшканьняў у шпіталі і мэдычнага пэрсаналу. Гэта спадчына савецкай мэдыцыны, ад якой цяжка пазбавіцца. Такая практыка дагэтуль існуе ў большасьці постсавецкіх краінаў. І каб ад яе пазбавіцца, пра гэта трэба, як мінімум, гаварыць...

Безумоўна, калі роды праходзяць на платнай аснове, сытуацыя іншая. Ёсьць і асобныя палаты і 24-гадзінны дагляд. Але ня кожная беларуска можа сабе дазволіць аплаціць гэта.

Цяпер улады спрабуюць самымі рознымі спосабамі. заахвоціць жанчын нараджаць болей дзяцей. Гаворка ідзе і пра мацярынскі капітал, і пра льготныя крэдыты на кватэры. Гэта ўсё матэрыяльныя чыньнікі. Яны безумоўна важныя, але ёсьць і маральныя, якія ня менш важныя.

Варта зьмяніць стаўленьне да парадзіхі. Не пакідайце яе ў калідоры. Можна знайсьці больш паважлівыя і практычныя спосабы, як забясьпечыць дагляд за жанчынай пасьля родаў. Спэцыяльныя палаты, дзе з дапамогай апаратуры можна сачыць за станам жанчыны пасьля родаў і не праглядзець крывацёк. Любыя іншыя спосабы, але не калідор, зь якога часам можна і не вярнуцца...

Муж і бацькі загінулай у менскай радзільні настаўніцы Ганны спэцыяльна зьвярнуліся да журналістаў са сваёй бядой. І ня толькі дзеля таго, каб вінаватыя былі пакараныя, але і дзеля таго, каб гэтая трагедыя стала прадметам публічнага абмеркаваньня, каб мы маглі больш адкрыта гаварыць пра многія рэчы, пра якія звычайна не гаворыць. І я думаю, што гэтая дыскусія толькі пачынаецца, і яе пачуюць і ў менскіх радзільнях...
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG