Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Домрачава — трохразовая алімпійская чэмпіёнка


Дар’я Домрачава

Дар’я Домрачава

Алімпіядзе ў Сочы самы час прысвоіць імя Дар’і Домрачавай. Яна першая, хто заваяваў тут тры мэдалі вышэйшай вартасьці.

З-за густога туману на алімпійскіх трасах Сочы да апошняга заставаўся пад пытаньнем біятлённы масавы старт сярод жанчын. Апасеньні былі небеспадстаўнымі, паколькі мужчыны ў аналягічнай дысцыпліне ня могуць выступіць ад нядзелі — старты прызначаныя толькі на аўторак. Аднак форс-мажору ня здарылася і на дыстанцыю выправіліся дзьве прадстаўніцы Беларусі: Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна.

Букмэкеры адпачатку рабілі стаўку на Домрачаву, аднак груз адказнасьці пасьля дзьвюх фэерычных гонак мог саслужыць беларусцы кепскую паслугу. Тым ня меней, першае і другое стралковыя практыкаваньні беларуска выканала дакладна, пачаўшы адрывацца ад суперніц. Наступная «стойка» таксама была бездакорная, пасьля чаго заставалася толькі чакаць вырашальнай стральбы. У заключным падыходзе Дар’я дапусьціла адзін промах і пакінула тэарэтычныя шанцы на перамогу чэшцы Габрыэле Соўкалавай.

Тым ня меней, Домрачава ня скінула абароты і на «маральна-валявых» дацягнула да фінішу. Чарговае, трэцяе золата Алімпіяды-2014!
Дар’я Домрачава падчас стральбы

Дар’я Домрачава падчас стральбы

Мэдалісткі: нарвэжка Тырыл Экхаф, Дар’я Домрачава і чэшка Габрыэля Соўкалава

Мэдалісткі: нарвэжка Тырыл Экхаф, Дар’я Домрачава і чэшка Габрыэля Соўкалава


А вось Надзея Скардзіна ня здолела нічога супрацьпаставіць канкурэнткам найперш у хадзе па лыжні, фінішаваўшы ў другой дзясятцы. Аднак яе бронзавая ўзнагарода у папярэдняй — індывідуальнай — гонцы ўжо ўвайшла ў гісторыю Алімпійскіх гульняў.

Трэба адзначыць, што траса ў некаторых месцах, асабліва на паваротах, была разьбітая да такой ступені, што пад адхон пайшлі нават такія вопытныя лыжніцы, як Тура Бэргер і Вольга Зайцава.

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў трохкратную алімпійскую чэмпіёнку Дар'ю Домрачаву з залатым мэдалём і прысвоіў спартоўцы званьне Героя Беларусі. «Заваяваўшы званьне трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі, ты зьдзейсьніла подзьвіг. Гісторыя сучаснасьці ня ведае падобных выпадкаў», цытуе БелТА віншавальную тэлеграму кіраўніка Беларусі.
Тым часам пачаліся кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў фрыстайлістаў. Ала Цупер ужо атрымала сэнсацыйную перамогу пры канцы мінулага тыдня, а сёньня заўзятары чакаюць паўтарэньня спартовага подзьвігу ад мужчын. Адпачатку ў барацьбу ўключыліся чатыры беларускія акрабаты: алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын, алімпійскі прызэр Дзьмітры Дашчынскі, прызэры Кубку сьвету Антон Кушнір і Дзяніс Восіпаў.

Аднак непрыемнасьць грымнула там, дзе яе зусім не чакалі. Першым з барацьбы за мэдалі вылецеў алімпійскі чэмпіён Гульняў-2010 Аляксей Грышын: грубая памылка падчас прызямленьня каштавала пападаньня ў шасьцёрку мацнейшых. Затое іншыя ягоныя калегі прадэманстравалі высокі кляс і адразу ўтрох працягнуць спаборніцтвы ў вечаровым фінале. Пры гэтым Дзьмітры Дашчынскі паказаў найлепшы кваліфікацыйны вынік.
Аляксей Грышын

Аляксей Грышын

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG