Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Кругавы вяртацца не зьбіраецца. Уладзімер Кудзінаў абяцае падумаць


Памочнік Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях прапануе беларусам, якія працуюць топ-мэнэджэрамі за мяжой, вяртацца ў Беларусь, каб падымаць нацыянальную эканоміку. Як адрэагавалі на гэтую прапанову беларускія эмігранты?

Памочнік Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаньнях Кірыл Руды заклікаў беларускіх адмыслоўцаў, які раней пазьяжджалі зь Беларусі, вяртацца на радзіму, дзе не хапае добрых мэнэджэраў. «Пасьля распаду Савецкага Саюзу было некалькі хваляў эміграцыі. Шмат хто з нашых суайчыньнікаў зьехаў за мяжу, і яны пасьпяховыя там у міжнароднай сфэры, на сусьветных рынках», — сказаў на БТ Кірыл Руды і прапанаваў з дапамогай гэтых людзей вырашаць праблему недахопу топ-мэнэджэраў. Ці адкажа хто згодай на заклік памочніка Лукашэнкі?

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету і былы мэнэджэр банку «Эўрапейскі» Валер Кругавы, які з канца 1990-х гадоў атрымаў прытулак у Польшчы, мяркуе адносна прапановы памочніка Лукашэнкі Кірыла Рудага, што яна ня знойдзе станоўчага адказу сярод эмігрантаў, якія зьехалі ў Эўропу ці ЗША і адбыліся там як бізнэсмэны ці мэнэджэры. Гэтыя людзі пры цяперашняй уладзе ў Беларусь ніколі ня вернуцца, мяркуе Валер Кругавы:

Валер Кругавы
Валер Кругавы
«Мяркую, гэтая прапанова скіраваная не на тых, хто выехаў у Заходнюю Эўропу і ўвогуле ў нармальныя краіны. Бо тым з добрых адмыслоўцаў, хто выехаў туды, у Беларусі натуральна няма чым дыхаць. Маю на ўвазе атмасфэру ў грамадзтве. Яны арганічна ня могуць жыць у гэтым грамадзтве ілжы, прытворства, парушэньня правоў чалавека і гэтак далей. Ну хто будзе вяртацца ў Зымбабвэ? Людзі адбыліся, і для іх вельмі важна, каб была павага да чалавека. А ў беларускім грамадзтве павагі да чалавека няма, як няма павагі да маёмасьці. Таму людзі, якія на Захадзе адбыліся, у беларускім грамадзтве жыць ня змогуць».

Паводле Валера Кругавога, прапанова Кірыла Рудага найперш скіраваная на беларускіх мэнэджэраў у Расеі і Ўкраіне, дзе ўмовы працы больш падобныя да беларускіх. Але і гэтыя людзі, паводле спадара Кругавога, наўрад ці адгукнуцца на заклік памочніка Лукашэнкі:

«Там таксама парушэньні правоў чалавека, там карупцыя, ці ня большая за беларускую. Але там ёсьць хоць нейкія правілы, якія не ўсталёўвае адзін чалавек, як у Беларусі. Колькі б ні казалі, што Пуцін ці Януковіч дыктатары, там правілы ўсталёўвае ўсё ж нейкая група. Унутры ёсьць нейкія элітныя групоўкі, якія канкуруюць. У нас жа і гэтага няма, у нас правілы ўсталёўвае адзін чалавек. А гэта значыць, што няма ніякіх правілаў».

Пры гэтым Валер Кругавы згодны з тым, што большасьць эмігрантаў ніколі ня выкрасьляць са свайго жыцьця «беларускую» старонку і сапраўды могуць вярнуцца на радзіму, калі там зьменіцца палітычны рэжым.

Уладзімер Кудзінаў
Уладзімер Кудзінаў
А вось былы дэпутат Вярхоўнага Савету, былы палітвязень, а цяпер бізнэсовец ва Ўкраіне Ўладзімер Кудзінаў на заклік Кірыла Рудага вяртацца адказаў: «Ёсьць пра што задумацца». Паводле Ўладзімера Кудзінава, ён не баіцца вяртацца, бо «чысты перад законам», а займацца бізнэсам у Беларусі цяпер ня больш складана, чым у Расеі ці Ўкраіне. Але і Ўладзімер Кудзінаў мае сумненьні:

«Калі б прапанавалі добрыя вакансіі ў Беларусі, асабіста я б, магчыма, і пераехаў. Мне яшчэ да пэнсіі 5,5 года, працаваць трэба, а досьвед і веды ёсьць. Некаторым сябрам, якія вядуць бізнэс зь Беларусьсю, я дапамагаў кансультацыямі. Сыстэма падаткаў там нават прасьцейшая, чым цяпер ва Ўкраіне. То бок рух наперад ёсьць, але стрымліваючы фактар застаецца. Гэта, найперш, стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ўсё роўна трэба будзе рэфармаваць. Таму ня думаю, што масава адбудзецца вяртаньне эмігрантаў-мэнэджэраў. Спачатку патрэбная прыватызацыя. Пакуль улады толькі дэкляруюць, што будзе прыватызацыя, але яе як не было, так і няма».

Як павядуць сябе мэнэджэры-беларусы, якія працуюць на расейскіх прадпрыемствах? Ці зацікавяць іх прапановы памочніка Аляксандра Лукашэнкі?

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў, былы міністар сельскай гаспадаркі ў першым урадзе пры Аляксандру Лукашэнку, адбыў некалькі гадоў у беларускай калёніі, а потым, у канцы 1990-х, зьехаў у Расею і займаўся там бізнэсам. Некалькі гадоў таму Васіль Лявонаў вярнуўся ў Беларусь. На радзіме Васіль Лявонаў паведаміў, што разгарнуцца зь бізнэсам у Расеі яму не далі, як ён мяркуе, з палітычных прычын, зьвязаных зь Беларусьсю. Пра пэрспэктывы вяртаньня беларускіх мэнэджэраў і бізнэсоўцаў на радзіму Васіль Лявонаў мяркуе гэтак:

«Кожны будзе вырашаць сам, за іх адказаць не магу. Нехта можа і пагадзіцца, але, мяркую, такіх будзе няшмат. Трэба, каб людзі верылі. Яны ж зьехалі зь нейкіх прычын, ня проста так. Павінен быць створаны клімат даверу для прадпрымальных людзей. Хіба клімат зьмяніўся? Мяркую, што не».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG