Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомельскі сябра АГП намерыўся пікетаваць гарвыканкам


Эдуард Нелюбовіч

Эдуард Нелюбовіч

Заяўку на пікет 15 сакавіка, у дзень беларускай Канстытуцыі, накіраваў у Гомельскі гарвыканкам сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Эдуард Нелюбовіч.

«Паколькі ў заяўцы трэба пазначаць мэту, то я акрэсьліў яе так: пратэст супраць сыстэматычнага парушэньня чыноўнікамі гарвыканкаму правоў і свабод грамадзянаў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі. Гэта асабліва тычыцца свабоды правядзеньня мірных сходаў і, як вынік, — свабоды выказваньня меркаваньняў», — кажа спадар Нелюбовіч.

Пікет з удзелам да 30 гараджанаў актывіст мае правесьці на вуліцы Савецкай, не бліжэй за 50 мэтраў да будынку гарвыканкаму, як патрабуе заканадаўства. Заяўнік мае намер выкарыстаць і адпаведныя лёзунгі.

Спадзеву на тое, што гарвыканкам пікет дазволіць, у Эдуарда мала, бо ўжо блізу дзесяці гадоў гарвыканкам не дазваляе дэмакратычным актывістам ані пікетаў, ані мітынгаў. У сьнежні ён забараніў таму ж Нелюбовічу правесьці шэсьце салідарнасьці з украінскім Эўрамайданам.

Летась увосень Камітэт па правах чалавека ААН пасьля разгляду адной са скаргаў гамельчукоў на забарону мітынгу заклікаў беларускія ўлады спрыяць мірным сходам грамадзян, а не шукаць разнастайныя абмежаваньні.

У сваю чаргу, Гомельскі гарвыканкам сваім рашэньнем вызначыў у горадзе замест ранейшага аднаго — два месцы дзеля правядзеньня розных масавых мерапрыемстваў: на ўскрайках Савецкага і Навабеліцкага раёнаў.

Ня так даўно актывісты партыі левых паспрабавалі замовіць пікет на адным з нававызначаных месцаў у Савецкім раёне, аднак гарвыканкам і гэтым разам ня даў дазволу. Спаслаўся на тое, што салдаты з вайсковай часткі займаюцца там страявой падрыхтоўкай.

Тым часам набліжаныя да ўладаў «правільныя камуністы» і такая ж моладзь з БРСМ, а разам зь імі й прадстаўнікі праўладнай грамадзкай арганізацыі «Белая Русь» ладзяць масавыя мерапрыемствы на галоўнай плошчы гораду. На пісьмовыя запыты, якім чынам яны атрымліваюць дазвол, гарвыканкам адказу не дае.
XS
SM
MD
LG