Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Церашковіча не пускаюць на сустрэчу фундатараў ЭГУ


Павал Церашковіч

Павал Церашковіч

Прафэсара Паўла Церашковіча выключылі са сьпісу ўдзельнікаў донарскай канфэрэнцыі ЭГУ.

Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзіў сам навуковец.

У лісьце, які Церашковіч атрымаў з офісу Рады Паўночных краінаў, гаворыцца, што яго выключылі са сьпісу, бо ён больш не зьяўляецца чальцом Кіраўнічай рады.

Прафэсар адзначае:

«Выключыць з Кіраўнічай рады мяне можа толькі Генэральная асамблея ўладальнікаў унівэрсытэту. А яна такога рашэньня не прымала. Гэта складаная працэдура, якая патрабуе некалькіх месяцаў».

«Сёньня я зрабіў заяву, што зь юрыдычнага пункту гледжаньня я застаўся кіраўніком Навукова-дасьледчага цэнтру ЭГУ. Я прызначаны на гэтую пасаду рэктарам у 2009 годзе. Я зьяўляюся супрацоўнікам ЭГУ і абраным чальцом сэнату. І літаральна праз 2 гадзіны прыйшло паведамленьне аб тым, што мяне выключылі з Рады», — аднаўляе храналёгію падзеяў Церашковіч.

Донарская канфэрэнцыя заплянаваная на 18 лютага.

«Я паспрабую туды прайсьці», — кажа Церашковіч.

Старшыня Кіраўнічай рады Дэніэл Таршыс паабяцаў Радыё Свабода пракамэнтаваць сытуацыю вечарам у панядзелак

Канфлікт у ЭГУ


Канфлікт адміністрацыі ўнівэрсытэту і выкладчыкаў ЭГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Плятформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад пра абвяшчэньне адкрытага міжнароднага конкурсу на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу. Асноўная асьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.

9 лістапада прайшлі выбары ў сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які працуе ў Вільні. Сэнат — галоўны орган акадэмічнага самакіраваньня. У сэнат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ». Яна аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ плянам разьвіцьця ўнівэрсытэту.

5 лютага з ЭГУ звольнілі прафэсара Паўла Церашковіча.

А ўжо 6-га выкладчыкі ЭГУ заклікалі рэктара Анатоля Міхайлава сысьці ў адстаўку. Сэнат таксама выказаў недавер прарэктарам Бярнардасу Гайлюсу і Аляксандру Каўбаску.

11 лютага адміністрацыя Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту выступіла з заявай, у якой паведамляе, што пагадзілася на просьбы выкладчыкаў, якія хочуць працаваць паводле доўгатэрміновых працоўных дамоваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG