Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сочы пачаў адлік апошні тыдзень Алімпійскіх гульняў 2014 году. Беларусь хоць і мае найлепшы вынік за ўсю гісторыю ўдзелу ў зімовых Алімпіядах, але ёсьць магчымасьць гэты паказьнік палепшыць: барацьбу за ўзнагароды распачынаюць мужчыны-фрыстайлісты, на чарговую перамогу ў біятлёне замахнецца Домрачава і кампанія.

Увага беларускіх заўзятараў прыкаваная да біятлённага мас-старту сярод жанчын, дзе адной з фаварытак небеспадстаўна лічыцца двухразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава; а таксама да скачковых трамплінаў, на якіх барацьбу за мэдалі распачнуць лыжныя акрабаты Аляксей Грышын, Дзьмітры Дашчынскі, Антон Кушнір, Дзяніс Восіпаў. І калі Домрачавай пасьля ашаламляльнага трыюмфу будзе дараваны любы вынік, то ад «летуноў» чакаюць як мінімум аднаго мэдаля на ўсіх. Грышын і Дашчынскі раней ужо ўздымаліся на алімпійскія п’едэсталы, Кушніру і Восіпаву пакуль скараліся этапы Кубкаў сьвету.

Аднак нават у высакагор’і старты пастаўленыя пад пагрозу. Тэмпэратура ў Сочы вось ужо некалькі дзён трымаецца ў раёне 20 градусаў цяпла, што выклікала імклівае таяньне сьнегу і, адпаведна, густы туман. Як кажуць, — непазьбежныя выдаткі субтропікаў. Ужо перанесеныя спаборніцтвы ў сноўбордзе, мужчынскім біятлёне, пад пытаньнем фрыстайл. Пра гэта расказала жонка алімпійскага чэмпіёна-2010 Аляксея Грышына, былая гімнастка Сьвятлана Рудалава, якая прыехала ў Алімпійскую вёску падтрымаць мужа:

Сьвятлана Рудалава

Сьвятлана Рудалава

​«Зразумела, што хлопцы настройваюцца на максымальны вынік, але, ведаеце, пакуль яшчэ ўвогуле нічога не вядома — будуць спаборніцтвы, ня будуць. Такі туман найшоў, што нічога ня бачна, ніхто толкам не бярэцца прагназаваць. Ніякай пэўнасьці...»

Раней ці пазьней заплянаваныя старты ўсё ж адбудуцца. Як нагадвае экс-міністар спорту і турызму Беларусі Аляксандар Грыгараў, фрыстайлісты яшчэ ніводнага разу не вярталіся зь белых Алімпіядаў без мэдалёў, што дае падставы для аптымізму. Пагатоў, годны прыклад паказала фрыстайлістка Ала Цупер, якая здабыла сэнсацыйную перамогу ў мінулую пятніцу:

Аляксандар Грыгараў

Аляксандар Грыгараў

«Шкада, вядома, што крыху пашкодзіў сабе плячо Дзіма Дашчынскі, але і Лёша Грышын, і Антон Кушнір — гэта вельмі ўпэўненыя ў сабе спартоўцы. На жаль, усё залежыць ня толькі ад іх. Калі, дапусьцім, біятлён — цыклічны від спорту, у якім дзесьці штосьці прадказальна, то экстрэмальныя віды, да якіх адносіцца ў тым ліку лыжная акрабатыка, шмат у чым залежаць ад суб’ектыўнай ацэнкі судзьдзяў. Але калі хлопцы скокнуць трайное сальта зь пяцьцю піруэтамі — гэта будзе цудоўна. Тады дакладна будуць з п’едэсталам. Асабіста я спадзяюся, што хтосьці зь іх (а магчыма, і адразу два спартоўцы) будзе ў прызах. Мае разьлікі грунтуюцца яшчэ на тым, што былі някепскія выступы на этапах Кубка сьвету — той жа Антон добра скакаў, былі ў яго п’едэсталы. Таму ёсьць такая ўпэўненасьць. Да таго ж чатыры разы дагэтуль у фрыстайле мы спраўна мелі п’едэсталы».

Афіцыйная прапаганда не стамляецца ўслаўляць беларускіх алімпійцаў, робячы іх дасягненьні галоўнай навіной у жыцьці краіны. Пра гэта няспынна паведамляюць усе каналы, бясконца паўтараючы залатыя фінішы Домрачавай і піруэты Цупер. Пры гэтым на тле пераможцаў увесь час мільгае Аляксандар Лукашэнка. Зрэшты, пры бліжэйшым разглядзе роля чыноўнікаў не такая ўжо відавочная: тыя ж фрыстайлісты чатыры гады чакаюць пярэбараў у «ультрасучасны» цэнтар, які так і не дабудаваны, а біятлённая база ў Раўбічах адпавядае запатрабаваньням хіба што пачаткоўцаў.

Нягледзячы на алімпійскую гістэрыю ў дзяржаўных СМІ, у сьвеце ўвага да беларускіх чэмпіёнаў гэткая ж, як і да ўсіх астатніх: добра падрыхтаваліся — значыць, заслужылі гонар стаяць на п’едэстале. І зусім балюча ідэолягам усьведамляць, што высілкі не ацэненыя нават бліжэйшымі саюзьнікамі. Напярэдадні прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін наведаў месцы дысьлякацыі цэлага шэрагу нацыянальных камандаў — ад Канады да Ўкраіны. А вось у беларускі бокс так і не завітаў.

Зрэшты, Лукашэнка будзе мець магчымасьць пахваліцца перад расейскім калегам падчас цырымоніі закрыцьця Алімпіяды ў наступную нядзелю. І, як адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, — ня толькі спартовымі дасягненьнямі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Адзін з галоўных рэкордаў Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ягоны 10-гадовы сын Мікалай — магчыма, адзіны сын прэзыдэнта ў сьвеце, які пабываў ужо на дзьвюх Алімпіядах: на летняй пэкінскай і на зімовай сочынскай. Мяркую, зь яго аднагодкаў у статусе сына кіраўніка дзяржавы такое не ўдавалася нікому. І гэта істотнае адрозьненьне Міколкі ад іншых ягоных равесьнікаў, прычым адрозьненьне вельмі яскравае — ня кожнаму дзіцяці так шанцуе ў жыцьці. І ўжо дакладна ня ў кожнага бацькі ёсьць у Краснай паляне пад Сочы добры кавалак беларускай зямлі ў доўгатэрміновай уласнасьці. У дадзеным выпадку чытай — уласнасьці прэзыдэнцкай».

Несумненна, што Лукашэнкі наведвалі б і іншыя спаборніцтвы такога калібру, але перашкодай застаецца неўязны статус «апошняга дыктатара Эўропы» ў краінах Захаду.
XS
SM
MD
LG